«Партрэтаў палітвязняў усе болей»: у Бучы адкрыецца выстава пра беларускі супраціў

Культура
Фрагмент экспазіцыі на выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Львове. Фота: Яўген Атцецкі.

Выстава пра беларускіх палітвязняў, асуджаных за пазіцыю ў дачыненні да Украіны, — «Колеры беларускай рэвалюцыі» — адкрыецца заўтра, 13 верасня, у Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады.

Гэта пашыраны праект экспазіцыі, якая прагучала ў Львове ў жніўні гэтага года — у філіяле Львоўскага гістарычнага музея. Гэтым разам да партрэтаў украінскіх і беларускіх палітвязняў дададуцца выявы беларусаў, якія загінулі за Украіну, пачынаючы з 2014 года.

Выстава стала магчымай дзякуючы дапамозе нашых суайчынніц — праваабаронцы Анісіі Казлюк і арганізатаркі Настассі Доль, беларускі, якая жыла ў Ірпені яшчэ да вайны, і вярнулася туды зусім нядаўна.

Настасся ўбачыла наш праект у Львове і вырашыла яго прывезці ў Бучу, — якім чынам выстава ажыццявілася ў зараз вядомым на ўвесь свет горадзе, распавяла Reform.by суарганізатарка праекта, медыяэкспертка Аліна Рудзіна. — У Настассі былі варыянты па месцы, але яна звярнулася да Публічнай бібліятэкі Бучынскай грамады. Мы баяліся адмовы, але ініцыятыву, што прыемна, патрымалі. Канечне, Буча — гэта сакральнае месца, для нас вялікі гонар — там выставіцца.

"Партрэтаў палітвязняў усе болей": у Бучы адкрыецца выстава пра беларускі супраціў
Фрагмент экспазіцыі на выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Львове. Фота: Яўген Атцецкі.

Аліна Рудзіна нагадала пра мэты праекта «Колеры беларускай рэвалюцыі», яго гісторыю.

Мы хочам паказаць, што адбываецца ў Беларусі — як цяжка сёння выказаць меркаванне, што не супадае з афіцыйнай версіяй, — кажа яна. — Распачынаўся гэты праект, нагадаю, з партрэтаў зняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларусаў падчас падзей 2020 года.

Потым дадаліся выявы журналістаў і актывістаў, якія пішуць на ўкраінскія тэмы, і якіх за гэта пераследуюць.

Потым — партрэты асуджаных людзей за антываенную пазіцыю.

Затым — фота тых, хто ўжо асуджаны за «партызанкі» пасля пачатку вайны…

«Колеры…» пачалі пашырацца крок за крокам, пласт за пластом. На выставе ў Бучы арганізатары далучаюць да экспазіцыі яшчэ дваццаць два партрэты беларускіх ваяроў, якія загінулі, змагаючыся за Украіну з 2014 года.

Гэты блок асобна для нас зрабіў Віталь Макарэнка, — удакладняе Аліна Рудзіна. — На жаль, і партрэтаў палітзняволеных гэтаксама становіцца болей.

"Партрэтаў палітвязняў усе болей": у Бучы адкрыецца выстава пра беларускі супраціў
Фрагмент экспазіцыі на выставе «Колеры беларускай рэвалюцыі» ў Львове. Фота: Аліна Рудзіна.

Нагадаем, што на выставе няма гламурных здымкаў ад вядомых фатографаў. Калі чалавек трапляе пад каток беларускай рэпрэсіўнай машыны, ён часцей за ўсё аказваецца не гатовы да гэтага, і ў праваабаронцаў аказваюцца здымкі не самай лепшай якасці. Таму з экспазіцыі ўсе фатаграфіі стылізаваны пад імгненныя здымкі Polaroid. Унізе размешчана кароткая даведка пра тое, за што чалавек быў затрыманы, QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязня на сайтах праваабарончых ініцыятыў.

Фатаграфіі замацаваныя на драўляных рэйках, якія імітуюць краты.

На думку медыяэксперткі, пра неабыякавую пазіцыю беларусаў сёння мала пішуць ва ўкраінскіх СМІ.

З аднаго боку, гэта зразумела, — разважае яна. —Ты не будзеш увесь час пісаць аб арыштах, падтрымліваючы інфармацыйны парадак суседняй дзяржавы. З іншага боку, гэта інфармацыйная «дзюрка» ёсць, назіраецца, і штосьці з гэтым трэба рабіць. Зараз мы задняй датай намагаемся яе залатаць.

Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» будзе ладзіцца ў Бучы да 20 верасня. Плануецца, што далей яна паездзе ў Кіеў і Чарнігаў.

Сярод партнёраў праекта —  Free Belarus Centre.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: