Артур Клінаў: Кроў парушыла ўсе дамоўленасці паміж грамадствам і ўладай

Black&White
Фота: Дзіна Даніловіч

«Першыя дні рэвалюцыі, калі не было інтэрнэту ў Мінску, людзі ехалі да нас, каб дазнацца, што адбываецца. У нас літоўскі інтэрнэт працаваў без перабояў», — распавядае пра парадоксы Каптарунаў, арт-вёскі на мяжы з Літвой, мастак і пісьменнік Артур Клінаў. Мы сустракаемся са спадаром Артурам у прыгажэйшым месцы «на краю зямлі», у 200 кіламетрах ад Мінска, каб пагутарыць пра тое, ці чуваць рэха рэвалюцыйных залпаў у каптарунскіх лясах. Новы «контррэвалюцыйны» раман «Локісаў» вядомага аўтара і выдаўца, што мусіць выйсці ў свет напрыканцы верасня, — становіцца «кропкай апоры», каб паразважаць пра герояў нашага часу і апошнія дні.

Даведка: Артур Клінаў — мастак, архітэктар, выдавец, літаратар. Аўтар візуальнай паэмы «Горад СОНца», «Малой падарожнай кніжкі па Горадзе Сонца», «Шалом», «Шклатара» (лаўрэат Прэміі Ежы Гедройца 2013), «Локісаў». Заснавальнік арт-вёскі «Каптаруны», галоўны рэдактар праекта «pARTisan». Адзін з слынных прадстаўнікоў беларускай нанканфармісцкай культуры 1980-2000-ных.

— Артур, ваш новы раман «Локісаў» мае цікавы маркер «контррэвалюцыйны». Кніга сувязана з апошнімі падзеямі, якія зараз ужо прынята называць рэвалюцыйнымі?

— Я нікога не хачу ўводзіць у зман — літаральнай фіксацыі апошніх падзей там няма. Але ў рамане ідзе гаворка пра рэвалюцыю ў метафарычным вымярэнні. У кнізе апісана паўстанне, што адбываецца ў Беларусі ў невялікім мястэчку — такі местачковы Майдан. Ён становіцца вельмі трапным адлюстраваннем таго, што адбываецца зараз. На конт пазначэння «контррэвалюцыйны», падкрэслю, што тут прыметнік бярэцца ў двукоссі, маючы на ўвазе пэўную двухсэнсоўнасць. Я, канешне, мог бы назваць раман рэвалюцыйным, але гэта выглядала б надта прэтэнцыёзна.

— Прызнаюся, што гэта ўжо мая трэцяя спроба пагутарыць з вамі пра новы твор. Нягледзячы на зону турбулентнасці, у якую ў апошнія месяцы патрапілі мы ўсе, ваш твор толькі набывае ў сувязі з падзеямі. Як лічаце: ваша кніга апярэдзіла час ці ідзе за часам?

— Гэта хваравітае пытанне, сапраўды. Раней, скажам, у ХІХ стагоддзі бег часу быў іншы. Пісьменнік мог напісаць раман, жыццё якога доўжылася б дзесяць, дваццаць, сто гадоў, бо і само жыце змянялася павольна. Але зараз такая раскоша проста немагчыма. Раман можа састарэць за год, два. У маім выпадку ўсё яшчэ ўскладнілася тым, што выхад кнігі прыпаў на бягучы год. Такога «вясёлага», поўнага катаклізмаў, рэвалюцый, пандэмій году не чакаў ніхто. Але з «Локісавым» усё адбылося наадварот. Нягледзячы на тое, што раман я пачаў пісаць у 2015-тым, а скончаў у 2018-тым, ён зараз выдатна трапляе ў грамадскі нерв. Нават калі б кніга выйшла год таму, яна многім яшчэ была б не зразумелай. А сёння ўсё цудоўна счытвацца.

— У назве вашага рамана — «Локісаў» — адразу счытваецца спасылка на літвінскую легенду пра графа-пярэваратня (оборотня), які пераўтвараўся ў Мядзведзя (Lokis у перакладзе з літоўскай). Адштурхоўваючыся ад падання, у вашым творы гаворка, тым не менш, ідзе пра сучаснасць. Галоўны герой з такім характэрным прозвішчам — хутчэй чалавек, які наноў адкрывае сваю ідэнтычнасць, а не звярыную сутнасць. Памятуючы ваш вядомы канцэпт беларуса як «партызана», хачу спытаць вось пра што. Ці не лічыце вы, што канцэпт «оборотня» як ментальнай мадэлі сучаснага беларуса зараз больш актуальны за «партызанскі»? Хто такі беларус сёння — «партызан» ці ўсё ж «пярэварацень»?

— Мне падаецца, што гэтыя два канцэпты пра адно і тое ж. Партызан — гэта чалавек з падвойным жыццём, і тое самае пярэварацень — нейкі суб’ект з падвойнай ідэнтычнасцю. Гэтыя два канцэпты беларусаў былі і застаюцца актуальнымі. Бо так склалася гістарычна.

— Гэта сувязана з уладай?

— Так. Лічу, што практычна для кожнага беларуса любая ўлада заўсёды была варожай.

— Як доўга?

— Прынамсі, апошнія трыста гадоў. А калі любая ўлада да цябе варожая, дзяржава фактычна — не твая. Каб захаваць сябе, неяк выжыць, ды проста не звар’яцець, беларус пачынае не тое, што прыстасоўвацца, а весці такое падвойнае жыццё. Для ўлады ён мусіць выказваць сваю лаяльнасць, а што адбываецца ў яго галаве — ніхто не ведае апроч яго самога. Мы — нацыя партызан не ў тым сэнсе, што хтосьці бегае па лесе з ружжом, а нацыя тых, каму ва ўмовах акупацыі — знешняй ці ўнутранай — трэба выжыць.

— Вы кажаце, што любая ўлада для беларуса варожая, і мы працяглы час знаходзімся ва ўмовах акупацыі. Цікава, якая акупацыя зараз адбываецца ў Беларусі?

— Апошнія 20 гадоў мы застаемся ў межах усё той жа праблемы. Хоць, здаецца, ужо і суверэнітэт ёсць, незалежнасць. Але ўсё роўна не твая дзяржава: сцяг — не твой, гімн — не твой. Нейкія руіны саўка, Савецкага Саюза, імперыі… Самая цікавае, што наша дзяржава і сама, здаецца, разумее, што трэба сфармуляваць нейкую нацыянальную ідэю, перафарматавацца, але зрабіць тое не ў стане. Увесь яе механізм застаўся савецкім — такі посткаланіяльны, постсавецкі варыянт.

— Аднак апошнія 20 гадоў і апошнія 300 — усё ж розніца ёсць…

— Вядома. Тут ёсць яшчэ такая акалічнасць, што актуальная сістэма ўсё ж давала пэўныя паблажкі сваім грамадзянам. Хочаш — вось табе газетка свая, напрыклад, «Наша Ніва» ці «Народная Воля», — рабі, чытай. Вось табе галерэйка «Ў» — можаце гуляцца там у сучаснае мастацтва. Рабі, што хочаш на сваім гародзіку, мы туды лезці не будзем, толькі нас не чапай, не спрабуй нешта змяніць. А калі палезеш — мы табе на лапы наступім. Такая філасофія.


Сістэма апошнія 26 гадоў рабіла так, што чалавек забіваўся ў свае маленькія сацыяльныя групы, гета, і там неяк функцыянаваў. Атрымоўвалася такое жыццё ў паралельнай прасторы. Улада сама па сабе, людзі, народ — самі сабе. Кожны навучыўся гэтай двайной — партызанскай ці якой іншай — гульні. Правілы засвоілі нават чыноўнікі. Капні, што ў іх галовах — мяркую, там зусім не тое, што яны прамаўляюць і робяць публічна.

— У вашым рамане герой Локісаў, патрапіўшы ў невялікае мястэчка, не толькі набывае новую ідэнтычнасць, а амаль у жарт уцягваецца ва ўласную выбарчую кампанію. У кульмінацыйны момант, калі Локісаў збірае сваіх прыхільнікаў на плошчы гарадка, там раптоўна з’яўляецца пальма невядомага колеру, заліваецца коўзанка, рабочыя пачынаюць разбіраць плітку… Мясцовыя ўлады прымаюць ўсе знаёмыя захады, каб перашкодзіць новаўтворанай апазіцыі. Гэта вельмі смешна. Чытаючы гэтыя радкі, лёгка пазнаць харэаграфію абсурду ад прадстаўнікоў уладаў, што мы маглі і можам бачыць на нашых вуліцах у апошнія месяцы. Ды ўсё ў нашым жыцці камедыі перарасла ў трагедыю ў час 9-12 жніўня. Гэтыя дні пераламілі звыклыя сцэнарыі разгону мітынгаў, гэты звыклы танец: жорсткасць, што ўжылі сілавікі, ламае ўсе ўяўленні пра цывілізацыю ў ХХІ стагоддзі. У мяне да вас такое пытанне: калі б была магчымасць, ці змянілі б зараз у рамане канцоўку?

— Бачыце, раман пісаўся па ўсіх маіх папярэдніх назіраннях і вопыце. Скажу так: тое, што адбываецца цяпер, на маю думку, гэта ўжо трэцяя беларуская рэвалюцыя. Першыя дзве хоць і былі няўдалыя, не такія працяглыя, але па сваіх зменах у свядомасці, па наступствах, па контррэвалюцыйным этапе пасля, таксама маюць права называцца рэвалюцыямі.

— Першая рэвалюцыя — гэта 2006 год, я правільна вас разумею?

— Так, Студэнцкая Плошча. Намётавы лагер, які трымаўся некалькі дзён. Другая рэвалюцыя — 2010-ты. Таксама Плошча, таксама рэпрэсіі, зачыстка ўсяго поля, працяглая контррэвалюцыя і ўсё такое. Таму, канешне, я пісаў з досведам на гэтыя першыя паўстанні. А яны мелі свае «рамки приличия», заўсёды былі правілы гульні, якіх прытрымлівалі два бакі.

Па-сутнасці, свой дакументальны раман «Шклатара» я прысвяціў другой беларускай рэвалюцыі. Там у мяне ёсць апісанне гэтых правіл гульні, якія складваліся напрацягу многіх гадоў. У іх выконвалася галоўнае табу — табу на кроў. Рэжым ніколі не пераступаў яго за адным выключэннем — зніклыя палітыкі. Тады яны паспрабавалі перайсці мяжу, але пасля самі вельмі спалохаліся, і перасталі. Усё, што заўгодна: морду набіць, у каталажку, суткі даць, але аніякіх смерцяў.

— Што здарылася зараз?

— Тое, што здарылася зараз, стала абсалютнай нечаканасцю для ўсіх. Кроў парушыла ўсе канвенцыі і ўмоўныя дамоўленасці паміж грамадствам і ўладай. Што гэта было? Вось гэта яшчэ трэба прааналізаваць і зразумець. Адкуль ўзялося і выпліснулася гэта зверства? Чаму ўлада перайшла гэты рубеж? Калі я пісаў раман, то пісаў яго на аснове доўгага назірання, досведа. Але зараз перарабляць раман пад новую рэальнасць сэнсу няма. Пад новую рэальнасць прасцей напісаць новую кнігу.

— Не магу не ўзагадаць у тэму, што пад час апошніх падзей была затрымана ваша дачка — Марта Даша Клінава, якая працавала назіральніцай на адным з мінскіх участкаў. Для вас гэта быў шок? Я да таго, што жыццё часам бывае моцнейшае за мастацтва.

— Па-першае, дзякуй Богу, яе затрымалі яшчэ да 9-га. Зверствы пачаліся пазней, на наступныя суткі. Тады гэта яшчэ была трохі іншая ступень варварства. Таму пашчасціла: ніякіх спецыяльных катаванняў не было.

Акрамя таго, супакойвала тое, што Марта — не зусім выпадковы чалавек у гэтай сітуацыі. Яна — рэжысёр-дакументаліст, яе праца сувязана з рознымі вострымі сацыяльнымі праблемамі. Яна ездзіла здымаць кіно на ўкраінскі бок пад лінію данбанскага фронта. Таму я, канешне, хваляваўся, але ведаў, што пэўны імунітэт у яе ёсць. Але, вядома, калі б мог уявіць 8-га, што будзе такое зверства, я бы так спакойна не казаў.

— У працяг абмеркавання правіл гульні, што былі парушаны. У вашым рамане ёсць такі цікавы персанаж як следчы Лапіцкі. Ён мне падаецца такім важным лінкам да падзей апошніх дзён. На пачатку твора Лапіцкі нагадвае амаль што Воланда, які можа чытаць думкі іншых людзей, такі ўсемагутны і праніклівы. Напрыканцы дзеяння ён ўжо набывае аблічча такога стомленага трывіяльнага следчага, са сваімі звычкамі, комплексамі, праблемамі. Ці не маглі б вы праз вобраз Лапіцкага спраецыраваць сучаснае аблічча сілавікоў? Ці можам мы іх неяк зразумець?

— Ведаеце, калі пісаў вобраз Лапіцкага, ён у мяне хутчэй выступаў не як прадстаўнік сваёй структуры, а як вось такі маленькі дыктатар у сваім пасёлку. Наша грамадства мае ж не толькі аднаго дыктара. Выбудаваная вертыкальная сістэма дублюе сябе ад вялікага да ўсё меншага ўзурпатара, а напрыканцы яе стаяць такія маленькія дыктатары. Дыктатар сваёй тэрыторыі, а то і яшчэ прасцей — дыктатар сваёй швабры і вядра, дыктатар сям’і.

Так, Лапіцкі ў пэўным сэнсе Воланд, бо ён майстар пераўвасабленняў. Гэта вельмі важна і характэрна для дыктатараў, бо для таго, каб прыйсці да ўлады, ім трэба навучыцца мяняць маскі. Дыктары па сваёй прыродзе папулісты, яны павінны казаць тое, што ад іх хочуць чуць. Рабочыя хочуць чуць гэта, інтэлігенцыя хоча гэта — вось вам такая маска. Расія хоча гэта — я ім кажу гэта. Папулізм — гэта і ёсць тое, калі ўвесь час трэба пераўвасабляцца, мяняць сцэнічныя іміджы, касцюмы, аблічча. А калі ўжо ўлада захоплена, і ты адчуў, што не трэба не ўва што гуляцца, тут можна разам усе маскі скінуць. Бо калі адчуваеш сваю беспакаранасць, то і не трэба нікога прывабліваць.

— А пад гэтымі маскамі, атрымоўваецца, звычайны чалавек?

— Менавіта. Воланд Воландам, але мы ведаем, што за гэтым фасадам хаваецца зусім іншае. Калі такі чалавек на п’едэстале, калі дыктатар у сваім раёне, доме, сям’і, побач са швабрай і вядром, так сказаць, — ён упэўнена працягвае іграць сваю ролю. Але толькі варта яго з гэтага п’едэстала ссунуць, ён робіцца абсалютна звычайнай, нават горш за звычайную, асобай. Мы бачым, што за гэтым сцэнічным вобразам стаяла штосьці нікчэмнае, подлае, нейкая мізерная асоба.

Што датычыцца вашага пытання пра аблічча сілавікоў, шчыра кажучы, мне цяжка ўкласці ў галаву тое, што адбылося. Бо гэта людзі, якія жывуць побач з намі, жывуць у адным квартале, раёне. Яны не могуць не ведаць, што адбываецца ў краіне, які настрой у народа. Пакуль жа гэта выглядае так, што гэтых людзей прывезлі з Марса, абслютныя прышельцы. Не магу даць ніводнага лагічнага, жыццёвага тлумачэння таму, што адбылося.


Адзінае, што мяне суцішае, што яны не ўсе — марсіяне. Нават з нядаўняга досведу, калі ў маёй дачкі быў суд і я ездзіў на яго у Менск, нават там быў чалавек з канваіраў, які паставіўся да яе са спачуваннем. Таму ўсё ж я бы не стаў абагульняць цалкам.

— Артур, зараз я трошкі пераключуся на вашу асобу. Вы — фігура ўплывовая ў нашым культурным полі. Але ў святле апошніх падзей стала заўважным ваша не тое што адасабленне, а пэўнае маўчанне. Ад вас як ад выдаўца часопіса «pARTisan», культурнага дзеяча чакаюць большага. Што вы на гэта адкажаце? Ці гэта прастора Каптарунаў так зацягвае? Ці вы не адчуваеце патрэбу ў пэўных дзеяннях? Не магу не высветліць вашу пазіцыю.

— Тут, канешне, ёсць такая спакуса. Бо што такое Каптаруны? Месца, куды прыязджаеш і рэальна трапляеш у рай. Мабыць, за гэта можна асуджаць: ты тут сядзіш у раі і каву п’еш, а народ на барыкадах. Але я лічу, што зараз мае барыкады тут.

— Над чым вы працуеце?

— Пішу тэксты для еўрапейскіх выданняў — польскіх, нямецкіх. Намагаюся інфармаваць пра тое, што адбываецца ў краіне. Пішу са свайго ракурса, пісьменніцкага. Гэта не журналісцкія матэрыялы, не аналітыка, а хутчэй тое, што можа зрабіць літаратар. Што датачыцца «pARTisan»а, на жаль, зараз мы абмежаваны ў рэсурсах, у тым ліку, і чалавечых. Таму пакуль яго выхад пастаўлены на паўзу.

— Тады задам вам пытанне ва ўмоўным ладзе. Калі мы ўявім, што еўрапейскія выданні папрасілі б вас зрабіць не аналітыку, а прагноз далейшых падзей. Які бы ён быў?

— Скажам так, не хацелася б даваць прагнозы — справа гэта не ўдзячная. Тым больш, што часам з’яўляецца фактар, які ўсе планы рушыць: задумавался адно, атрымалася іншае. Ведаеце, беларуская рэвалюцыя таксама ў пэўным сэнсе разагравалася знешнімі сіламі.

— Вы лічыце?

— Канешне. Гэта для мяне відавочна. Лічу, што папярэдняя мэта была — дажаць Лукашэнку, пасадзіць яго на кароткі павадок, каб ён стаў ручным, падпісваў і рабіў тое, што ад яго хочуць. Але не атрымалася. Усе планы былі сарваныя беларусамі, якія нечакана паўсталі і выйшлі на вуліцы.

— А так разумею, што кажаце пра Крэмль?

— Так.

— Тады калі першы план сарваўся, што Масква будзе рабіць зараз?

— Назіраць і адпаведна падзеям дзейнічаць. І на дадзеным этапе, лічу, што трэба зрабіць усё магчымае, каб сарваць сцэнарый гібрыднай анексіі. Лічу яе самай вялікай пагрозай на дадзены момант. Усё, што заўгодна можна перажыць, але страта незалежнасці – гэта смяротна.

— Вы адзначылі, што народ зрабіў тое, што не чакаў ніхто. Але ці не магчымы такі варыянт, што тыя ж людзі самастойна даб’юцца змены ўлады?

— Мяркую, што так проста наша ўлада не сдасца. У адрозненні ад Украіны, Арменіі, дзе ўсё ж такі ва ўладзе былі нейкія кропкі зменаў, наша сістэма не выпадкова так выпусташана. Усіх чужых, не сваіх людзей яна вельмі хутка выпіхвае, не даючы ім стаць агентамі ўплыву. Таму хутчэй за ўсе нам трэба чакаць такога зацяжнога супрацьстаяння.

— Ды ўсё ж як бы вы маглі тады патлумачыць нечаканы і такі моцны рэвалюцыйны ўздым? Адкуль ён прыйшоў?

— Ён прыйшоў цалкам заканамерна з таго паралельнага жыцця, пра якое мы казалі вышэй. За апошнія дзесяць гадоў у гэтай другой беларускай рэальнасці адбываліся вельмі сур’ёзныя змены — у свядомасці, культуры. У гэтым другім свеце, паралельным жыццю сістэмы, фарміравалася рэальна іншая Беларусь. Той жа фемінісцкі рух, незалежная культура, эколагі, ЛГБТ, высока тэхналагічны бізнес ды многае іншае. Ішоў вельмі інтэсіўны эвалюцыйны працэс, фарміраванне грамадзянскай супольнасці. У прынцыпе, паралельнае існаванне гэтых дзвюх Беларуссяў рана ці позна павінна было «замкнуць». Канфлікт паміж старой постсавецкай і незалежнай сучаснай Беларуссю быў непазбежны. Але як на мой погляд, гэта замыканне мусіла здарыцца пазней.

— Калі?

— Калі б захісталася улада Пуціна, — тады была б зручная падстава. А зараз Пуцін і Крэмль можа выкарыстаць нестабільнасць у краіне, каб правесці сваю гібрыдную анексію. Але я бы ім не раіў. Бо тады нас чакае ўжо чацвёртая рэвалюцыя — антыпуцінская. Нашай задачай стане змена сістэмы ў Расіі (усміхаецца).

— Вы агучылі сваю пазіцію па шматлікіх праблемах, Артур, дзякуй за гэта, але зараз мне хочацца зноў вернуцца да вашай кнігі. У рамане ёсць такая цудоўная частка пра дыктат часу. Галоўны персанаж Локісаў, які прыехаў на бераг Герадотава мора, на умоўны край зямлі, бяжыць ад фельдфебеля «Чэ». Локісаў стаміўся ад дыктату тупога, зухаватага, вечна маладога, пустагаловага часу. Пытанне такое: ці ўдалося вашаму персанажу, на ваш погляд, пераіграць гэтага фельдфебеля «Чэ»? Ды таксама адрасую гэта пытанне і вам. Вы ж таксама змянілі лад жыцця, пераехаўшы ў Каптаруны.

— Скажу шчыра, што ў героя гэта не атрымалася. Локісаў хацеў збегчы ад усёй гэтай гонкі, цывілізацыі, ад свету. Залегчы на дно ў такім ціхім месцы, але не выйшла. Локісаў прыехаў у гэтую глуш і ўзарваў яе сваім з’яўленнем. Ён бег туды, дзе час спыніўся, а фактычна прыехаў і завёў гэты час па новай, надаў яму новы фармат. У героя — не, не атрымалася.

— А ў вас?

— Баюся, што тут вельмі падобная сітуацыя (усміхаецца). Я прыехаў у Каптаруны, гэта была закінутая вёска, як кажуць, сыходзячая натура, руіны… Таксама хацеў адасобіцца, а атрымалася наадварот. Каптаруны ажылі, робяцца папулярнымі, моднымі, сюды едуць людзі не толькі з Беларусі, а са ўсяго свету. Фактычна, атрымалася падобная ж перазагрузка часу.

— Мы зараз сядзім тут на беразе возера, здаецца, што падзеі, які адбываюцца ў Мінску, сталі далёка. Так ці чуваць адсюль залпы рэвалюцыі?

— Часам чуваць нават больш, чым у Менску. Асабліва першыя тры дні. У Менску не было інтэрнэту, а ў нас інтэрнет — літоўскі, і ўсё, што можа было ўбачыць, я бачыў амаль анлайн. Да нас людзі ехалі спецыяльна, каб дазнацца што адбываецца, каб глядзець рэвалюцыю адсюль.

Падтрымаць выданне новага рамана Артура Клінава «Локісаў» можна на краўдфандынгавай платформе.

Занатавала Дар’я Амяльковіч
Фота — Дзіна Даніловіч

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка Reform.by на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Последние новости


🔥 Подпишитесь на нас в Google News, Яндекс.Новости или в Дзен.

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: