«Выжыванне» як прадмет для візуальнага аналізу. У Мінску распачаўся Месяц фатаграфіі

Культура

Экспазіцыяй на адкрытым паветры ў культурным цэнтры «Корпус» адкрыўся ўчора штогадовы фотафестываль. Каманда Месяца фатаграфіі ў Мінску вагалася на конт правядзення падзеі ў сувязі з сітуацыяй у краіне, але прыняла рашэнне не пераносіць і не адмяняць фэст.

Першапачаткова тэма Месяца была «выжыванне», — распавёў пра фармат ужо сёмага фестывалю яго дырэктар, фатограф Андрэй Лянкевіч.Аднак калі ў сувязі з апошнямі падзеямі мы пачалі карэктаваць канцэпцыю, тэкст, высветлілася, што «выжыванне» — гэта акурат пра тое, што зараз адбываецца — як захаваць сябе ў тых абставінах, што складваюцца. На шчасце, куратарка Вера Фядотава патрапіла з тэмай, змяняць яе не спатрэбілася.

Канцэпцыя «выжыванне» атрымала ў праектах аўтараў тэматычныя «адгалінаванні». У прыватнасці, праект Aqua Маргарыты Новікавай у сюррэалістычны ключы разважае над пытаннем выкарыстання сучасным чалавекам такога рэсурсу як вада. Таццяна Кузняцова ў серыі CAMERA COVIDu спрабуе асэнсаваць момант дабраахвотнай самаізаляцыі — аўтарка рабіла фатаграфіі праз вочка дзвярэй сваёй кватэры. Прыцягвае ўвагу да глабальнай праблемы ядзернай спадчыны святлавая інсталяцыя «Вечнасць» швейцарскага фатографа Марсэля Рыклі. 

Французская фатографка Франсуаза Юг’е, чый праект «Жыў-быў батанічны сад» прадстаўлены ў будынку «Корпуса», шчыра імкнецца схапіць, зразумець адметнасць візуальнага аблічча Мінска,  ды ўбачыць «унутраны сад» суплёту культур мінчан і мінчанак.

Ды яшчэ будуць фотаграфіці на мурах, сценах у іншых гарадах, — адзначае маштаб сёлетняга Месяца фатаграфіі Андрэй Лянкевіч. — Мы пачалі з Крэва, вельмі сімвалічнага для нас, беларусаў, месца, дзе была падпісана Крэўская ўнія. Потым будуць Любкі пад Маладзечна, маёнтак графа Тышкевіча пад Ракавым… Мы даем фатаграфію з архіваў гэтых мястэчак на муры, каб вярнуць памяць людзей. Гэта будзе чорна-белая фатаграфія з хатніх архіваў мясцовых жыхароў. 

У рамках фестывалю таксама пройдуць фотавыставы ў Мозыры і Брэсце. У горадзе над Бугам рыхтуецца асобны праект — выстава жаночай фатаграфіі ў прасторы CONSERVA. У ёй прымуць удзел восемь беларускіх і адна польская аўтарка. Экспазіцыя, куратарам якой выступае Марта Шыманска з Лодзі, мусіць адкрыцца ў кастрычніку.

Фармат жа адкрыцця падзеі ў Мінску Андрэй Лянкевіч пракаментаваў так.

— Мы вырашылі запрасіць журналістаў і працоўнікаў мастацтва на такі закрыты вечар, каб яны на пару гадзін забыліся на навіны і фейсбук. Каб фатографы мелі магчымасць асабіста падзяліцца навінамі і падтрымаць адзін аднога. Як трапна сказала адна фотажурналістка, «каб намаляваць вусны чырвонай памадай», каб адчуць сябе нармальнымі людзьмі. Гэта таксама важна.

Месяц фатаграфіі ў Мінску будзе доўжыцца да 27 лістапада. Уваход на экспазіцыю ў Культурны цэнтр «Корпус» вольны.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Последние новости


🔥 Подпишитесь на нашу страницу в Facebook. Там весело!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: