Фотаздымкі Язэпа Драздовіча? У Музеі-майстэрні Азгура адкрываецца выстава на мяжы праўды і ўяўлення

Культура
Знойдзены фотаздымак. Прадастаўлены Сержуком Мядзведзевым.

Што-што? Фотаздымкі Язэпа Драздовіча? Калі чытаеш апісанне выставы «Новая Зямля» Сержука Мядзведзева, якая мусіць адкрыцца ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура 24 сакавіка, ловіш сябе на непадробнай цікавасці. Аўтар праекта прапануе нам паглядзець на фатаграфіі, надрукаваныя з выпадкова знойдзенай стужкі, на якіх захаваныя пейзажы са слынных касмавізій беларускага мастака-фантаста. Што за трасца?!

Фабула праекта «Новая Зямля» такая. У пошуках яшчэ не знойдзенай спадчыны Язэпа Драздовіча — беларускага мастака, этнографа, пісьменніка, патрыёта, фатограф і літаратар Сяржук Мядзведзеў адправіўся ў экспедыцыю па вёсках Глыбочынны, дзе «вечны вандроўнік» «дзядзька Язэп» дажываў свой век.

«Дзясяткі наведаных вёсак, сотні агледжаных хат — і вось яна ўдача, вось ён лёс — у вёсцы з назвай Мядзведзева, у паддашку адной з хат мяне чакала старая, абношаная валіза, а ў ёй сапраўдны скарб — пацёртая фотастужка, зрэзаная з падрамніка карціна і стос нататак, — так гучыць дэтэктыўная частка праекта. — Тое, што палатно і нататкі належалі Драздовічу, я зразумеў адразу. А вось фотастужка была для мяне загадкай. Няўжо Драздовіч быў яшчэ і фатографам? Я ўзяўся надрукаваць фотаздымкі з тых негатываў, і тое, што я ўбачыў, проста мяне агаломшыла. На іх былі рэальныя кадры тых краявідаў, якія Драздовіч адлюстраваў на сваіх марсіянскіх карцінах. А сярод нататак — планы палёту на Марс, яго мапа і схема будовы касмічнага карабля. Ды яшчэ і ў валізе мяшэчак з нейкай чырвонай зямлёй«, — інтрыгуе Сяржук Мядзведзеў.

Каб даведацца больш, што за сенсацыя чакае глядача на выставе, аглядальніца Reform.by звязалася з аўтарам праекта, каб дазнацца якія сцежкі прывялі яго да касмавізій «дзядзькі Язэпа».

Як захапіўся постаццю Драздовіча? — перапытвае Сяржук. — Памятую, калі першы раз ўбачыў яго сатурнянскую калону (малюнак «Над безданню», 1931 — Д.А.), не мог на яе забыцца. Гэты твор адразу запаў у памяць. Мне складана ўявіць, каб хтосьці, хто аднойчы судакрануўся з творчасцю, лёсам гэтага мастака, здолеў застацца абыякавым.

Фатограф і літаратар прызнаецца, што сусветы Драздовіча шмат у чым для яго сугучныя з сусветам англійскага паэта і мастака Уільяма Блэйка.

Блэйк, хоць і вучыўся ў Каралеўскай акадэміі, паходзіў з сям’і гандляра, — распавядае Сяржук. — Паміж англійскім паэтам і беларускім празорцам, родам з сям’і збяднелай шляхты можа правесці шмат паралеляў. Вядома, містычныя відзежы, тагасветныя карціны Блэйка перагукаюцца з касмічнымі творамі Драздовіча. Можна сказаць, што праз Блэйка я прыйшоў да нашага генія-вар’ята, творцы, які ідэалізаваў свет і прадказваў будучыню.

Сяржук Мядзведзеў падкрэслівае, што для яго неацэнна, што Драздовіч быў першым нацыянальным жывапісцам.

Магчыма, ён быў і невялікім філосафам, тым не менш гэта быў чалавек, які, як кажа Валянцін Акудовіч, «мысліў Беларусь». Ён уяўляў Беларусь будучыні, і ўсе ягоныя відзежы — гэта такія капсуляваныя ў часе пасланні, — кажа фатограф. — Калі можна ўявіць эталоннага беларуса, Язэп Драздовіч — менавіта такі.

Фатограф вельмі засмучаны тым, што апошнія свае дні заснавальнік нацыянальнага жывапісу, педагог, фалькларыст, аўтар артыкулаў і манаграфій пра пабудову космасу, планеты Сонечнай сістэмы, быў вымушаны скітацца без прытулку, размалёўвачы дываны за ежу незнаёмым людзям.

Я дагэтуль перакананы, што недзе засталося шмат ягонай спадчыны, — кажа даследчык. — У кагосьці, напэўна, у хляве стаіць бочка, накрытая дываном, які ён калісьці размаляваў. А дзесьці ў напаўразваленых дамах вісяць яго карціны, пра якія мы і не ведаем.

Гэта памкненне адшукаць хоць рэшту той спадчыны, якая знікла, і падштурхнула Сержука Мядзведзева выправіцца ва ўласную экспедыцыю, дзе яму пашчасціла знайсці нечаканы скарб.

Малюнкі, нататкі, і стужка былі ў чамадане на гарышчы аднога старога дома, — распавядае ён пра сваю знаходку. — Адкуль гэта стужка — невядома, але я быў агаломшаны, калі, разгарнуўшы яе, убачыў знаёмыя відарысы з касмічных пейзажаў мастака.

Кадр са знойдзенай фотастужкі. Прадастаўлены Сержуком Мядзведзевым.

«Легенда», якую прапаноўвае Сяржук, палягае ў тым, што ўсе свае касмічныя малюнкі і палотны Язэп Драздовіч маляваў з натуры.

Як і належыць прароку, ён не ведаў прытулку ў сваёй айчыне і мусіў быў шукаць прыстанку ў чужых, незямных краях, — разважае аўтар праекта. — Гэта відавочна не падобна да Беларусі — усё тое, што было на стужцы. Ці гэта быў такі эскапізм, які дазваляў Драздовічу перанесціся на далёкія планеты, уцекаючы ад цяжкіх будняў? Ці ён вандраваў па нейкай пустыні?.. Не ведаю. Усё гэта загадка і для мяне самога, — інтрыгуе творца.

Для Сержука істотна тое, што, нягледзячы на ўсе ўяўныя ці сапраўдныя падарожжы «дзядзькі Язэпа», той усё ж такі вярнуўся ў Беларусь. Па-другое, улічваючы сучасны кантэкст, вядомая беларуская мара аб запаветнай зямлі атрымала ў праекце новае прачытанне.

Сёння Ілон Маск прасоўвае ідэю каланізацыі Марса як новага прыстанішча для чалавецтва, — дзеліцца думкамі паэт. — Язэп Драздовіч, атрымоўваецца, урэшце аддаў перавагу вяртанню на Зямлю. Вось гэта вядомая тэза пра «новую зямлю» для гаротнага беларуса захапіла мяне ў сучасным кантэксце, і ў кантэксце творчасці мастака. Як ёсць вядомы на ўвесь свет выраз пра «амерыканскую мару», у нашым варыянце гэта коласаўскі матыў пошуку зямлі, дзе беларусы былі бы вольныя і шчаслівыя. Мабыць, дзеля гэтага нам прыйдзецца дабрацца да іншых планет? Не ведаю. Але Драздовіч прапаноўвае паглядзець на гэтыя падарожжы ў новым святле. Ён быў там, але вярнуўся, — канцэптуалізуе свой, на першы погляд, толькі дасціпны праект Сяржук Мядзведзеў.

Вядома, фатограф пакідае гледачу свабоду інтэрпрэтацыі «знойдзеных артэфэктаў». Як бы там ні было, але ідэі «дзядзькі Язэпа» зноў даказалі сваю надзённасць.

Паглядзець на марсіянскія фотапейзажы Язэпа Драздовіча можна ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура, пачынаючы з 24 сакавіка да 17 красавіка гэтага года.


Пазнаёміцца больш з творчасцю і лёсам беларускага мастака, аўтара знакавых твораў беларускага мастацтва, яго «касмічнымі» работамі можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Последние новости


🔥 Подпишитесь на наш Telegram-канал. Только авторские статьи!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: