«З кнігай у эпоху інтэрнэту ваяваць бессэнсоўна»: Алесь Аркуш пра прозу Клінава, літаратурныя выспы і будучыню белліта

Главное
Алесь Аркуш у Каптарунах.

Сёння ў арт-вёсцы Каптаруны пісьменніку і мастаку Артуру Клінаву была ўручана літаратурная прэмія «Гліняны Вялес». Цырымонію ўручэння ўзнагароды ад Таварыства Вольных Літаратараў, якая звычайна адбываецца ў Полацку, сыходзячы з абставінаў, было вырашана перанесці ў больш спрыяльныя шыроты — у слынную арт-рэзідэнцыю «на беразе Герадотава мора». У малым тэатры арт-вёскі Каптаруны спадару Артуру быў уручаны сімвалічны знак — гліняны стод апекуна мастацтва — за яго раман «Локісаў».

Чаму менавіта твор Артура Клінава «Локісаў» быў сёлета абраны лаўрэатам «Глінянага Вялеса»? Куды рушыць беларуская літаратура, сыходзячы з прэміі Таварыства Вольных Літаратараў? Ці могуць спыніць развіццё літаратуры ды яе распаўсюд «праверкі на экстрэмізм» ад беларускіх уладаў? Пакуль спадар Артур прымаў віншаванні, аглядальніца Reform.by, скарыстаўшыся нагодай, распытала нязменнага старшыню прэміі, паэта і празаіка Алеся Аркуша пра тое, што, урэшце рэшт, фіксуе сваім выбарам «Гліняны Вялес».

Спадар Алесь, заўважыла, што ў вашай прэміі няма журы, вы вызначаеце лаўрэата сіламі аргкамітэта. Чаму так сталася?

— Шчыра кажу, мы расчараваліся ўва існаванні журы. Нагадаю, што раней мы складалі журы з 12 чалавек, але з часам адмовіліся ад гэтай ідэі. Наша карпаратыўная беларуская літаратура такая невялікая, што складана знайсці людзей, якія былі б абсалютна нейтральныя да кандыдатаў. Хтосьці сябруе з кімсьці, хтосьці — наадварот — на дух не пераносіць, а хтосьці можа быць рэдактарам кнігі, якая вылучаецца на ўзнагароду. Пасля многіх гадоў практыкі я пераканаўся, што журы — гэта ў нашым выпадку справа бессэнсоўная, і прэмія нават губляе сваю першапачатковую місію, з якой мы пачыналі, праз такія суб’ектыўныя адзнакі.

Артур Клінаў атрымаў узнагароду Таварыства Вольных Літаратараў за кнігу «Локісаў». Каптаруны. Фота: Алесь Аркуш.

Якая місія ў вашай прэміі? І ці ўдалося вам яе захаваць?

— Нагадаю, што «Гліняны Вялес» паўстаў у 1993 годзе як прэмія Таварыства Вольных Літаратараў. Тады мы стваралі такую літаратурную інфраструктуру: у нас быў і альманах, і часопіс, і выдавецкая суполка, і ўсялякія такія рэчы. Гэты былі 1990-ыя гады, засваеннем сваёй узнагароды мы хацелі паспрыяць нараджэнню новай літаратуры, якая паўставала ў той час. Хто быў у нас першым лаўрэатам? Ігар Бабкоў з яго медытатыўнай паэзіяй — мы адзначылі яго зборнік «Solus Rex». Наступны год — і наш лаўрэат Людка Сільнова, якой мы тады і выдалі кніжку «Рысасловы» — першую ў гісторыі беларускай літаратуры кніжку візуальнай паэзіі. У той час жылі Васіль Быкаў, Янка Брыль — мы не шукалі лепшага пісьменніка. Нас цікавіла іншае — знайсці і паказаць тых аўтараў і іх творы, якіх варта падтрымаць.

Адказваючы над другую частку вашага пытання, так, лічу, што гэтай місіяй мы кіруемся і сёння. І менавіта таму мы і вярнуліся да пазіцыі, якая была ў нас першапачаткова: вызначаць лаўрэатаў у коле арганізатараў «Глінянага Вялеса». А не праз працу журы.

Ірына Герасімовіч, рэдактар кнігі «Локісаў», і Артур Клінаў, аўтар твора. Фота: Алесь Аркуш.

Увогуле, у дачыненне да літаратурных прэмій мушу казаць наступнае. На маю думку, павінна быць адна агульнакраёвая прэмія, якая стварае пантэон беларускіх аўтараў. Усе астатнія — мусяць сыходзіць з жанравых ці якіх-іншых пазіцый, бо кожны з нас вызначае лепшага пісьменніка па сваіх крытэрыях.

Добра, і якімі крытэрыямі вы кіруецеся ў вашым выбары?

— Хачу падкрэсліць, што для нас істотныя мастацкія вартасці твору і яго датычнасць да пэўнай рэгіянальнай культуры.

Нагадаю, яшчэ такую важную акалічнасць: «Гліняны Вялес» ўручаецца аўтару толькі адзін раз. Гэта істотная заўвага. Бо колькі робім шорт-ліст, столькі і чуем: а чаму вы не ўключылі Бахарэвіча, скажам? Чаму Разанава не ўключылі? Таму што яны былі ў нас лаўрэатамі. І Бахарэвіч, і Разанаў. Дарэчы, мы адны з першых адзначылі Бахарэвіча — яшчэ за яго вучнёўскую кніжачку «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў». Мы адразу ўбачылі ў ім патэнцыйна вельмі цікавага і адметнага празаіка.

У цэлым, хачу зазначыць, што шорт-ліст 2020 года — быў адным з найлепшых за, напэўна, апошнія пятнаццаць гадоў. Нягледзячы на каранавірус і палітычны крызіс у мінулым годзе. Тут вам і «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, вельмі класны раман «Бог кахання Марс» Сяргея Балахонава, і “Беларусалім. Сэрца сьвятла” Паўла Севярынца… Але мы спыніліся на рамане Артура Клінава, бо, як казаў сакратар прэміі Андрэй Новікаў, сюжэт «Локісава» мае дачыненне да мясцовых легенд, дзеянне адбываецца ў рэгіёне, уласна, мастацкія якасці рамана і…

— … так, хацелася б пачуць ваша меркаванне. Чаму для вас было важным вылучыць гэты раман?

— Шчыра кажучы, мы лічым, што творчасці Клінава надаецца мала ўвагі. Пры тым, што спадар Клінаў — празаік вельмі класны, не менш феерычны за таго ж Віктара Марціновіча ці Альгерда Бахарэвіча, на маю думку. У творах Клінава прысутнічае такая іранічная ўсмешка беларускага інтэлектуала. Ды стылістыка і энергетыка ягоных радкоў — цудоўныя. Неяк не зусім добра заўважаныя засталіся яго папярэднія раманы — выдатныя «Шклатара» і «Шалом». Ды высілкі спадара Артура па стварэнні часопіса «pARTisan», па выданні мастацкіх альбомаў, — мы палічылі, што прыйшоў час ацэніць яго працу і як дзеяча, так і пісьменніка. Нам падаецца, што Клінаў неяк не так добра вядомы, прачытаны — і вырашылі гэта выправіць.

Узнагарода «Гліняны Вялес». Фота: Алесь Аркуш.

Дзякуй за адказ, спадар Алесь. Ад адметнасцяў лаўраэта цяпер хацелася б узняцца да адметнасцяў літаратурнага працэса. Калі прызначэнне прэміі ў пэўным сэнсе — гэта «зверка інтэлектуальных гадзіннікаў», то ў які бок зараз рушыць беларуская літаратура, сыходзячы з лонг- і шорт-ліста «Глінянага Вялеса»?

— Пачну трошкі здалёк. У Зміцера Лукашука ёсць такая перадача «Ідэя Х», дзе ён пытае сваіх гасцей пра нацыянальную ідэю. Так вось, для мяне нацыянальная ідэя для беларусаў — гэта стаць еўрапейцамі, застаўшыся ў беларускай культуры. У прынцыпе, мы ўжо даўно частка Еўропы, — з часоў Полацкага княства ў нас было больш сувязяў са Скандынавіяй, чым з Кіевам. Але мы мусім далей рушыць ў Еўропу, і далей станавіцца часткай еўрапейскага кантыненту, разумееце? І гэта тэза, вядома, датычыцца нашай літаратуры. Тут я вяртаюся да вашага пытання. Захаваўшы нашы асаблівасці, адметнасці, мы павінны далей інтэгравацца ў еўрапейскую інтэлектуальную прастору. Складаючы сёлетні шорт-ліст «Глінянага Вялеса», я пераканаўся ў гэтай думцы.

Іншая справа, што гэты рух у Еўропу адразу пазначае нашы прагалы. І яны таксама становяцца бачнымі падчас маніторынгу твораў, знаёмстваў з новымі аўтарамі. У нас часам маладыя паэты, пісьменнікі, якія прыходзяць у літаратуру, пачынаюць вынаходзіць ровар. Пытаюся ў маладых ды нават вядомых літаратараў пра таго ці іншага пісьменніка, зусім, здаецца, не трэццяразраднага, — а яны і не ведаюць. Няма літаратурнай дасведчанасці. Дзякуючы Ганне Севярынец узнялася цікавасць да аўтараў 1930-ых, — гэта вельмі добра, імя таго ж Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара ўжо на слыху, але трошкі закрані тыя ж 1980-ыя, нават 2000-ыя, — і ўжо мала хто каго пямятае. Лічу, што гэта наша трагедыя. Такое забыццё, ды нават няведанне таго, што адбываецца побач.

Падчас цырымоніі. Алесь Аркуш уручае прэмію Артуру Клінаву. Фота: Ірына Герасімовіч.

Вы маеце на ўвазе кагосьці канкрэтнага?

— Ды вось толькі пра сябе раскажу. Я родам з Жодзіна, хоць зараз жыву ў Полацку. Так вось, на мінулым тыдні чарговы аўтар даслаў мне сваю кнігу, ім аказаўся жодзінскі пісьменнік Віталь Жураўскі. Я ўвесь час манітарую беларускую літаратуру, бо ў нас прэмія, мы ўвесь час шукаем цікавых аўтараў, а вось я і не ведаў, што ёсць такі пісьменнік. І прычым гэта не першая кніга спадара Жураўскага, а трэцяя — выдаў яе Зміцер Колас, прыгожае выданне ў цвёрдай вокладцы. Я быў проста ўражаны, — аказваецца ў маім родным Жодзіне вось што адбываецца, а я — не ведаю. І мой прыклад тут — далёка не адзінкавы.


Калісьці ў 1990-ых гадах Валянцін Акудовіч казаў, што беларуская літаратура ператвараецца ў шэраг выспаў – у архіпелаг. Прастора падзелена на супольнасці: Бум-бам-літ, ТВЛ, Саюз пісьменнікаў, узроставыя выспы — паміж імі ніякіх сувязяў.

На маю думку, сёння адлегласць паміж гэтымі выспамі настолькі павялічылася, што ўжо складана дазнацца што адбываецца трошкі далей. Мы таўчэмся ў коле 15-ці імёнаў, а што там, па-за ім — ніхто не ведае. Якія працэсы пайшлі, хто ўвогуле ёсць ці з’явіўся. Еўрапейская традыцыя, культура, у тым ліку, мае на ўвазе пераемнасць, складанне і пастаяннае пераасэнсаванне пантэона класікаў. У нас жа пакуль ёсць наш архіпелаг, які падзяліў літаратуру на абасобленыя сегменты. СБП, СПБ, рэгіянальныя суполкі, моладзевыя суполкі — кожны друкуецца толькі на сваіх пляцоўках і ў чужыя нават не зазірае.

Такая ў плане «зверкі гадзіннікаў» вымалёўваецца сітуацыя.

Падчас цырымоніі.

Я ведаю, што вы з’яўляецеся прыхільнікам рэгіянальных літаратур/рэгіянальнай літаратуры. Ці актуальнае зараз гэта паняцце, на вашу думку?

— Чаму не? Літаратура базуецца на культурных асаблівасцях, традыцыях, легендах, паданнях. А ўяўляеце якая розніца ў культурным плане, напрыклад, паміж Полаччынай і Палессем? Захадам Беларусі і Усходам? Якая розніца этнаграфічная нават у мове? Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці — яны ёсць. І так лічу не толькі я адзін. Напрыклад, той жа Пятро Васючэнка напісаў кнігу «Адлюстраванне першатвора», у якім ёсць раздзел «Полацкі Лабірынт», дзе ён дае тлумачэнне таму, што такое полацкая літаратура.

Увогуле, гэты літаратурны працэс рэгіяналізацыі беларускай літаратуры ўжо адбываецца, напрыклад, дзякуючы дзейнасці рэгіянальных выдавецтваў. «Літара» ў Гародні актыўна выдае кнігі гарадзенскіх аўтараў, ёсць такое выдавецтва «Барк» у Гомелі… Часам пэўны рэгіён «набрыньвае» сваімі аўтарамі, літаратурай — і выстрэльвае.

У тэму да выдавецкай справы. У сённяшніх варунках некаторыя мінскія выдавецтвы былі вымушаны абмежаваць сваю дзейнасць. А тыдзень таму наклад новага выдання «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча выдавецтва «Янушкевіч» акурат рэгіянальная мытня забрала на экспертызу. Як і раней «Рэвалюцыю» Віктара Марціновіча. Не магу не ўстрымацца да не «згусціць фарбы», успомніўшы «451 градус па Фарэнгейце» Рэя Брэдберы. Як бы вы маглі пракаментаваць захады ўладаў?

— Прызнацца, мне трошкі смешна, калі на мытні пачынаюць «трэсці» кніжкі. Бо што такое кніжка — яе, як фізічны носьбіт, прачытае, можа, пяць-дзесяць чалавек. Але запусці той тэкст у інтэрнэт — і ён разыйдзецца, што называецца, тысячнымі накладамі. З кнігай у эпоху інтэрнэту ваяваць бессэнсоўна, на маю думку.

У царскай Расіі, увогуле, на вялікую кнігу глядзелі як на раскошу для выбраных. Калі выданне перавышала 200 старонак, яго ніхто з тых цэнзараў не глядзеў, бо лічылася, што такі аб’ём «звычайны» чалавек не адолее. А колькі старонак у «Сабаках Эўропы»? Здаецца, амаль 900? Мне падаецца, што тая «экспертыза» толькі робіць дадатковую рэкламу твору спадара Альгерда.

Вядома, што зараз ідзе такі шал — збіць леташнюю хвалю пратэстных настрояў, і гэты шал адбываецца на любым пятачку. А яшчэ лепш, калі гэты шал робіцца там, дзе гучна, дзе будзе розгалас. Затрымаем Алеся Пушкіна, праверым раман Бахарэвіча, каб пра гэта пісалі ды гаварылі. Так яны дзейнічаюць.

Падчас цырымоніі.

Спадар Алесь, тыя падзеі, якія адбыліся ў 2020 годзе, адбываюцца зараз, зменяць твар беларускай літаратуры, на вашу думку?

— Безумоўна, беларуская літаратура моцна адгукнецца на тое, з намі адбылося летась. Ужо адгукаецца. Зноў вяртаючыся да цытат Валянціна Акудовіча, «беларуская літаратура стварыла гэту краіну», і яна будзе ствараць Беларусь і далей. Мяркую, што ўжо налета будзе вельмі актыўны год і з’явіцца шмат новых тэкстаў і імёнаў.

— Ці чакаеце ўзрушэнняў з пункту гледжання развіцця беларускага літаратурнага канона?

— На маю думку, вялікая пераацэнка ў беларускай літаратуры наспела даўно. Бо ёсць пісьменнікі, творчасць якіх ацэнена, а ёсць тыя, якія да гэтай пары застаюцца ў ценю. Да слова, я апошнім часам «падсеў» на нашых паэтаў, якія пісалі свае першыя кніжкі ў 1960-ыя, 1970-ыя. Дзякуючы букіністыцы, зараз можна гэта ўсё адшукаць. І я бачу, што шэраг з гэтых, па-сутнасці, забытых аўтараў – вельмі цікавыя. Я спадзяюся, што гістарычны злом падштурхне і да такой татальнай «рэвізіі», ды пераасэнсавання літаратурных канонаў, пра якія вы кажаце.

Акрамя таго, нагадаю пра такі момант як сучасныя магчымасці нараджэння тэкстаў. Давайце згадаем гісторыю Андруся Горвата, і яго кнігу «Радзіва «Прудок», якая нараджалася, лічы, на нашых вачах у фейсбуку. Потым выйшла на паперы, і імя Андруся стала вядомым на ўсю Беларусь літаральна за год, за вельмі кароткі тэрмін. Мне падаецца, што варта чакаць падобных імклівых прарываў у нашай літаратуры, бо час гэтаму спрыяе. Прыйдуць новая аўтары, якія пашыраць беларускую літаратуру, актуалізуюць яе, і зноў прыцягнуць да яе ўвагу.

Як вы лічыце, ці можна напісаць добры раман па падзеях, якія толькі адбыліся?

— Ведаеце, у мяне не так даўно пыталіся над чым я працую. Так вось: я ўжо другі год не магу пісаць. Да гэтага часу напісаў пяць невялікіх раманаў, два гады таму пачаў пісаць шосты, нават урыўкі з яго надрукаваў у “ЛітРАЖы” Макса Шчура і ў альманаху “Ратуша”, але зараз не магу сябе перасіліць, знаходжуся ў ступары. Мне патрэбны час, каб усё асэнсаваць, усё тое, што з намі адбылося, неяк «пераварыць». Аднак мяркую, што больш маладзейшыя аўтары здольныя на плённую працу нават у такіх псіхалагічна складаных умовах. 2020 год — быў і годам кавіду, як 2021-ы, многія ў самаізаляцыі пісалі. Так што, калі не ў гэтым годзе, так у наступным мы пабачым малыя і вялікія тэксты пра гістарычны 2020-ты.

Магчыма і тыя самыя адасобленыя выспы ў архіпелагу беларуская літаратуры трошкі зблізяцца?

— Не ведаю. Але час пакажа.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.



Последние новости


🔥 Подпишитесь на наш Telegram-канал. Только авторские статьи!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: