«SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну» — у rock star культурнай журналістыкі Максіма Жбанкова выходзіць новая кніга

Культура
Фота: facebook.com/januskevic.books/

Пра хуткі выхад зборніка эсэ Максіма Жбанкова абвясціла на сваёй старонцы ў Facebook кніжнае выдавецтва «Янушкевіч».

«Гэтая неардынарная кніга — суплёт пярэстых (стылістычна і моўна) тэкстаў, аб’яднаных агульнай тэмай: айчынная культура мінулага дзесяцігоддзя і яе асноўныя праявы, — адзначаецца ў анонсе. — Аўтар як заўжды аджыгае ды інцярэснічае. Шукае кідкія маркеры для персон і сітуацый. Пазначае паходжанне новых герояў і даследуе тэхнікі беларускага поспеху. Тлумачыць адхіленні і паталогіі. Запрашае да спрэчак і нязгоды. Адбудоўвае прастору крытычнага мыслення — для тых, хто хоча большага і робіць нечаканае«.

Аўтар кнігі ў сваёй прадмове да «SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну» піша так.

«Гэтая кніжка з мінулага жыцця. Якое рэзка скончылася ў жніўні 2020-га. Ранейшыя схемы раптам абнуліліся. Мастацтва культурнага манеўру страціла свой сэнс. Час нанова вучыцца думаць. Дык навошта новай эпосе старыя тэксты? Каб зразумець, што з намі здарылася ўчора. І як мы сталі сённяшнімі».

Максім Жбанкоў — беларускі культуролаг, кінакрытык і культурны журналіст, які пазначае жанр, у якім працуе, як «жывы падкаст» ці «інтэлектуальны стэнд-ап». У прыватнасці, апошні праект эксперта «Шокінг культ з Максімам Жбанковым» на Epramova аналізуе сучасныя працэсы ў культуры і палітыцы, шукаючы «трапныя маркеры для новага часу» .

«SloMo» — гэта ўжо другая кніга аўтара. Зборнік эсэ «NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі», апублікаваны ў 2013 годзе, стаў заўважнай падзеяй у інтэлектуальнай прасторы Беларусі.

Наклад новага выдання «SloMo: Хатняя крытыка культурнага дызайну»- 450 экзэмпляраў. Кніга мусіць з’явіцца ў продажы ўжо ў чэрвені.

🔥 Читайте нас в Twitter!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: