«Магутны Божа» — фільм пра жнівеньcкія падзеі змагаецца за перамогу на Міжнародным кінафестывалі анімацыі ў Ансі

В мире
Кадр з фільма "Магутны Божа".

Дзве стужкі беларускіх аўтарак прымаюць удзел у конкурсе найпрэстыжнейшага Міжнароднага кінафестывалю анімацыі ў Ансі, які праходзіць проста цяпер. Гэта — «Хлопчык, якога я ніколі не ведаў» («A boy I never knew») Дар’і Дзядок і «Магутны Божа» («Magutny Bozha — Prayer For Belarus») Юліі Рудзіцкай. Фільмы прадстаўленыя ў секцыі «Перспектывы».

Трывожная беларуска-чэшская карціна Дар’і Дзядок пад саундтрэк журботнага джазу, і змрочная і інфернальная аўтарская анімацыя Юліі Рудзіцкай на музыку Мікалая Равенскага і верш Наталлі Арсеневай не абыходзяць бокам складаныя тэмы ды перажыванні, асабісты боль.

У прыватнасці, стужка Юліі Рудзіцкай адкрыта прысвечаная жнівеньскім падзеям у Беларусі.

Кадр з фільма «Магутны Божа».

Усё так, — выйшла на сувязь з аглядальніцай Reform.by Юлія Рудзіцкая. — Фільм створаны падчас ночаў без сну ў жніўні 2020 года, гэта мастацкае асэнсаванне і пражыванне падзей у краіне. Гэта спроба неяк перажыць тое, што адбывалася.

На фестывалі адбыліся ўжо два паказы фільма, сёння чакаецца трэці, у суботу — чацвёрты.

Гледачы цёпла прымаюць стужку, — распавядае Юлія. —  Тыя аніматары ды рэжысёры, з якімі размаўляла пасля паказу, усе ў рознай ступені чулі пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І асноўнае пасланне фільма зразумелае добра.

У сваёй карціне беларуская рэжысёрка асацыятыўнай мовай распавядае пра гвалт і жорсткасць, якія абрынуліся на беларусаў пасля выбараў. Колеры стужкі — чорны, белы, чырвоны, ёсць украпванні зялёнага. Аўтарка выкарыстоўвае цытаты дыктараў дзяржаўнага тэлебачання ў гукавым шэрагу. Але галоўная музычная лінія ў стужцы — усё ж гімн «Магутны Божа», сучасную аранжыроўку да якога зрабіў музыка гурта Rostany Віктар Рудэнка. Разам з лідаркай гурта Naka Настай Шпакоўскай, Віктар выконвае спеўную партыю ў кампазіцыі.

Кадр з фільма «Магутны Божа».

Мяне вельмі натхніла гэтая музыка, — прызнаецца аўтарка. —  Адразу ўбачыла асобныя сцэны, і потым літаральна адной няспыннай плынню перанесла вобразы на экран.

Юлія ўдакладняе, што яна пачала рабіць стужку, калі толькі распачаліся першыя беларускія пратэсты.

То-бок фільм быў такім прадбачаннем падзей у пэўнай меры, і адначасова рэакцыяй на тое, што адбывалася, — кажа яна.

Мастачка пагаджаецца, што фільм адлюстроўвае яе боль за краіну.

Гэта літаральна і ёсць боль.Але галоўнае ўсё ж не губляць надзеі, — дадае яна.

Нагадаем, што «Магутны Божа» далёка не першая карціна Юліі Рудзіцкай. Публіка добра ведае папярэднія працы беларускай рэжысёркі — «І поўня стала», ды асабліва ролік «Будзьма беларусамі!». Летась аўтарка, якая цяпер жыве ў Нью-Ёрку, стала ініцыятарам міжнароднага праекта «Аніматары — Беларусі!», што сабраў мастакоў з 19 краін свету. Літаральна на днях гэты вядомы праект стаў пераможцам на Міжнародным фестывалі маркетынгу і рэкламы «Белы квадрат».

«Магутны Божа», які дэманструецца афлайн у французскім Ансі, таксама можна паглядзець на анлайн-платформе міжнароднага кінафестывалю. Арганізатары прадугледзелі такую магчымасць за пэўную плату.

Завяршыцца буйны міжнародны анімацыйны форум у Ансі 19 чэрвеня.

🔥 Читайте нас в Twitter!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: