Легенда нараджаецца тут. Купалаўцы завяршылі сто першы сезон

Главное
Вольныя Купалаўцы. Фота: facebook.com/kupalaucy

«Мы закрываем сезон, але ані ў якім выпадку не развітваемся», — напісала сёння незалежная тэатральная група на сваёй старонцы ў Facebook.

Гэта сто першы сезон для Купалаўскага тэатра, і першы сезон для Вольных Купалаўцаў.

Мы хочам ад усяго сэрца падзякаваць тым, хто быў з намі ўвесь гэты час, — выказалі словы падзякі артысты. — Увесь гэты сезон нашы сэрцы біліся ў сугуччы, а вы падтрымлівалі родных купалаўцаў словам, падабайкай, каментаром, сардэчкам, падпіскай. Дзякуючы вам мы атрымалі шанец, мы ўсё яшчэ існуем.

Купалаўцы абяцаюць, што застануцца ў эфіры, але спектаклі часова адпачнуць.

Мы ўжо поўнімся планамі на сто другі сезон, — дзеляцца акцёры. — Купалаўцы жывыя і жывейшыя за ўсіх жывых! Мы застаемся разам.

Калі падвесці вынікі, то ў сваім першым сезоне тэатр у выгнанні здзейсніў, сапраўды, немагчымае. Пасля звальнення з Купалаўскага ў жніўні 2020-га незалежная трупа пачала ўсё з чыстага аркушу, стварыўшы, па-сутнасці, першы ў Беларусі анлайн-тэатр са сваім рэпертуарам. Сёння на Youtube-каналe Купалаўцаў больш за 140 тысяч падпісчыкаў, а колькасць прэм’ер і праектаў калектыву дасягае сямі.

Пералічым іх усе.

Па-першае, гэта «Тутэйшыя» па п’есе Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, якім Купалаўцы распачалі свой незалежны тэатральны праект. Спектакль, які быў прэзентаваны ў верасні 2020-га, паглядзела больш за 320 тысяч чалавек.

Сцэна са спектакля «Тутэйшыя».

«Войцэк. Сцэны» ў рэжысуры Рамана Падаляка паводле п’есы Георга Бюхнера стаў другой пастаноўкай трупы ў статусе тэатра ў выгнанні. Спроба часова даступнай трансляцыі спектакля на Youtube-канале паспяхова ажыццявілася ў снежні 2020-га. Раман Падаляка, рэжысёр, вядомы па спектаклях «Радзіва «Прудок», «Першы», сваёй работай, лічы, заявіў пра новы этап у гісторыі калектыву.

Сцэна са спектакля «Войцэк». Фота: facebook.com/kupalaucy.

Наступная прэм’ера трупы адбылася літаральна праз месяц — у студзені 2021-га. Спектакль «Я» ў рэжысуры таго ж Рамана Падалякі заснаваны на «рэальных гісторыях абсалютна рэальных людзей». Публіка прыняла спектакль пра «кавалачкі дзяцінства» з захапленнем.

Сцэна са спектакля «Я». Фота: facebook.com/kupalaucy.

Дзень тэатра. Сакавік 2021 года. І трылогія «Страх», якая пацягне на тры спектаклі ў адным. Пастаноўка паводле п’есы Бертальда Брэха «Страх і галеча Трэцяга рэйха» была прэзентавана ў трох частках, напрацягу трох вечароў. Чорна-белая стылістыка, выбітная ігра акцёраў, надзённая для беларусаў тэма — «Страх» выклікаў хвалю абмеркаванняў у сацсетках. «Страх — абсалютна натуральнае пачуццё, уласцівае ўсяму жывому. Кожнаму чалавеку незалежна ад поглядаў і меркаванняў, веравызвання, колеру скуры, полу, паходжання, узросту, пасады. Чый страх станецца мацнейшым? Баяцца — гэта нармальна, гэта не страшна, страшна, калі выключна страх становіцца кіруючым пачуццём», — так прэзентавалі сваю новую работу артысты.

Сцэна са спектакля «Страх». Фота: facebook.com/kupalaucy.

Ідзем далей і наступная прэм’ера, якая адбылася як ніколі ў час. Гледачу было прапанавана «прышпіліць рамяні» разам з кругасветным падарожжам легендарнай купалаўскай «Паўлінкі». Для адмысловага «Тудэма-сюдэма» рэйсу» Купалаўцы падтрыхтавалі прыгожныя электронныя квіткі дла «годных беларусаў» і субтытры на англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай мовах для замежнай публікі. Сама ж пастаноўка атрымала перараджэнне ў арыгінальнай купалаўскай версіі: каханага Паўлінкі — Якіма Сароку — у фінале арыштоўваюць, як і прапісана ў п’есе беларускага класіка. Канцоўка не вясёлая, але яна на дзіва ўступае ў дыялог з сённяшнім часам. Менавіта прэзентуючы «Паўлінку», Купалаўцы канстатавалі, што яны сталі сапраўдным незалежным тэатрам.

Сцэна са спектакля «Паўлінка». Фота: facebook.com/kupalaucy.

Дзіўная рэч, але нават у ліпені нашы каханенькія-родненькія артысты ўмудрыліся падзяліцца двума праектамі.

Першы — гэта «Купалаўцы LAB», у рамках якога была пастаўлена чытка «Гардэнія» па аднайменнай п’есе польскага драматурга і журналісткі Эльжбеты Хаванец. Рэжысёрам формы выступіў Пётр Непагода.

Фрагмент афішы «Гардэнія».

І другі  праект — музычна-паэтычнага гатунку — «Я гавару», прэзентаваны ў дзень нараджэння Янкі Купалы — 7 ліпеня. Вольныя артысты паклалі на аўтарскую музыку вершы беларускіх паэтаў: Насты Кудасавай, Веры Бурлак, Глеба Лабадзенкі, Віталя Рыжкова, Вальжыны Морт ды іншых аўтараў.

«Мы нясем праз гісторыю імя легендарнага Янкі Купалы. Ён сам, яго пакаленне і іх наступнікі пакінулі неверагодную колькасць легендарных твораў. Праз добрую сотню гадоў мы маем гонар быць сучаснікамі надзвычай таленавітых паэтаў і паэтак. Мы прысвячаем наш першы музычны праект усім сучасным уладарам і уладаркам слова!», — так анансавалі свой апошні «фінальны акорд» сезона артысты.

Аўтары музыкі і праекта «Я гавару»: Андрэй Дробыш, Зміцер Есяневіч, Міхась Зуй, Аляксандр Зелянко. Фото: facebook.com/kupalaucy.

Нагадаем, што праекты «Я гавару», «Гардэнія», спектаклі «Паўлінка» і «Тутэйшыя» застаюцца ў адкрытым доступе 24 гадзіны на суткі.

«Трымайцеся крапчэй!» — кажуць Купалаўцы. І сапраўды — легенда нараджаецца тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.



Последние новости


🔥 Подпишитесь на нас в Google News, Яндекс.Новости или в Дзен.

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: