На Беласточчыне адбудзецца Фестываль абуджаных «Тутака». Прама на месцы былога «Басовішча»

В мире
Выступ N.R.M. на "Басовішчы-2007". Фота: https://be-tarask.wikipedia.org

На лясной палянцы Борык ля мястэчка Гарадок на Беласточчыне 6 і 7 жніўня пройдзе Фестываль абуджаных «Тутака». Новая культурная падзея — «праява салідарнасці з беларускім народам, які змагаецца за свабоду», піша wyborcza.pl.

Арганізатарам новага фестывалю з’яўляецца падляшскі фонд «Тутака», які летась спрычыніўся да канцэрту салідарнасці «Сэрцам з Беларуссю» ды сёлета — да мерапрыемстваў Міжнароднага тыдня беларускай культуры. Мэта арганізацыі — папулярызацыя беларускай культуры і падтрымка польска-беларускіх кантактаў, зварот да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

Таксама арганізатары, кажучы пра новы фестываль, звяртаюцца да спадчыны слыннага фэсту беларускай музыкі «Басовішча», які ладзіўся ля мястэчка Гарадок з 1990-га года. Гэты досвед абуджэння «духу свабоды», па іх меркаванню, быў неацэнны.

30 гадоў таму «Басы» абудзілі беларусаў Падляшша з гонарам гаварыць пра сваю ідэнтычнасць і выказваць яе праз сучасную музыку і бел-чырвона-белыя колеры свабоднай Беларусі, — цытуюць словы фонду wyborcza.pl.

Падзеі мінулага года ў Беларусі, а таксама пастаянная барацьба яе грамадзян за ўласную свабоду і годнасць тым больш апраўдваюць неабходнасць такога фестывалю, — падкрэслівае прадстаўнік фонду Павел Станкевіч, звяртаючыся ўжо да сучаснасці. — Мы хочам яшчэ раз паказаць, што падтрымліваем выбар беларусаў і беларусак, іх жаданне жыць у свабоднай дзяржаве.

Мы запрашаем да ўдзелу ў фестывалі арганізацыі беларускай меншасці, якія дзейнічаюць у Польшчы. Кожны з іх уносіць бачны ўклад у развіццё культуры нашага рэгіёна, у агульную беларускую культуру, узбагачаючы тым самым польскую культуру, — заклікае Павел Станкевіч.

Адзначаецца, што Фестываль абуджаных «Тутака» ўжо заручыўся падтрымкай Святланы Ціханоўскай. Падзея мусіць стаць нагодай «адзначыць гадавіну выбуху беларускай сацыяльнай рэвалюцыі».

«Гэта будзе і гадавіна фармавання вялікай нацыі», — выказалі свае стаўленне да працэсаў у Беларусі арганізатары фестывалю.

Склад удзельнікаў фэсту пакуль удакладняецца.

🔥 Читайте нас в Twitter!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: