Беларуская рада культуры прапануе спыніць акрэдытацыю кінафестываля «Лістапад» у FIAPF

Культура
Фота: facebook.com/bcsfbel.

Ліст з такой прапановай напісаў да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў Луіса Альберта Скалелы кіраўнік BCC/Belarusian Council for Culture Сяргей Будкін.

Правядзенне міжнароднага мерапрыемства немагчыма ў краіне, дзе дзеячаў культуры і ў прынцыпе ўсіх нязгодных рэпрэсуюць, — цытуе частку ліста да Скалелы на старонцы ў Facebook БРК. — Да ўсяго адзін з арганізатараў фестывалю — Белтэлерадыёкампанія, якая паказвае ў сваім эфіры здзекі над палітвязнямі. А дырэкцыя фэсту з гэтага году — кінастудыя «Беларусьфільм», структура Мінкульта, які выступае ў якасці жорсткага цэнзара ўсяго жывога ў беларускай культуры.

Крытычная пазіцыя Беларускай рады культуры абумоўлена сітуацыяй вакол фестываля «Лістапад», якая склалася апошнім часам. Як Reform.by пісаў раней, сёлета арганізатарам мінскага кінаагляду па рашэнні Міністэрства культуры Беларусі з’яўляецца кінастудыя «Беларусьфільм». Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн», які займаўся  кінафорумам апошнія дзесяць год, і дзякуючы высілкам якога кінафорум і атрымаў пастаянную акрэдытацыю ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў FIAPF, застаўся па-за бортам.

На прэс-канферэнцыі СМІ, якая адбылася пазаўчора, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі агучыў тыя змены, якія напаткаюць «Лістапад». У прыватнасці, з праграмы фестывалю знікне Конкурс нацыянальных кінашкол, Нацыянальны конкурс, «Маладосць на маршы», але дадасца конкурс Кіно маладых, у якім будуць спаборнічаць стужкі розных жанраў — дакументальнае, ігравое, анімацыйнае кіно, створанае аўтарамі да 40 гадоў.

У сваёй прамове гендырэктар таксама казаў пра тое, што будзе задзейнічаць фестываль як пляцоўку «для прасоўвання краіны, магчымасцяў супрацы з нашай краінай, магчымасцю здымак у нас, а гэтаксама прэзентацыі нашай ўласнай прадукцыі».

Але галоўная навіна, якая канчаткова збянтэжыла кінасупольнасць, — на фестывалі зменіцца, уласна, падыход да выбару карцін у асноўныя конкурсныя праграмы.

Вядома, гэта ў першую чаргу мусіць быць фільмы, якія маюць узнагароды міжнародных фестываляў, але ў іх павінны падымацца тэмы гуманізму, захавання каштоўнасцей, міру. Гэта павінна быць кіно, якое працуе на стварэнне, — цытуе словы Уладзіміра Карачэўскага БЕЛТА. — Мы не кажам пра тое, што забараняем тое ж сацыяльнае кіно, але разам з ім больш трэба казаць пра гуманізм і захаванне пэўных рэчаў, да якіх чалавецтва ішло тысячы гадоў.

Падобная «расплывістая» фармуліроўка вылікала розгалас у кінаграмадкасці, якая ўбачыла ў словах гендырэктара кінастудыі намёк на звычайную цэнзуру.

Прадстаўленне агульнай канцэпцыі ад новай дырэкцыі фестывалю, (да слова, імёны новага дырэктара «Лістапада» і праграмных дырэктароў так і не былі названыя), толькі ўпэўніла кінаграмадкасць у тым, што каштоўнасці папярэдняй каманды «Лістапада» — новы сінтаксіс кіно, нерв часу, пераасэнсаванне савецкага мінулага і постсавецкага цяперашняга, актуальны аўтарскі кінематограф, канулі ў лету.

«Катастрофа, а не фестываль будзе сёлета, — радыкальна пракаментаваў сваю пазіцыю Сяргей Будкін. — Упэўнены, што ў гэтым цырку ніхто з паважаючых сябе людзей удзельнічаць не будзе».

Звярнуць увагу на тое, што зараз адбываецца з «Лістападам» і прапануе ў лісце да Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў Беларуская рада культуры.

Даты будучага мінскага кінафестывалю-2021 — 20-26 лістапада.

🔥 Читайте нас в Twitter!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: