«Цяпер пачынаецца Новы Запавет»: «Вольныя Купалаўцы» распачалі 102 сезон

Культура

Учора праектам «NowПрост» на сваім канале ў YouTube «Вольныя Купалаўцы» далі старт новаму тэатральнаму сезону.

26 жніўня 2020 года для трупы Купалаўскага пачалася новая эра. У адказ на свае патрабаванні спыніць гвалт і правесці новыя выбары большая частка Купалаўцаў атрымала ад кіраўніцтва працоўныя кніжкі.

«Яшчэ самі таго не ведаючы, [артысты] паклалі пачатак незалежнай тэатральнай групе «Купалаўцы», — узнаўляюць акцёры тыя падзеі і менавіта таму акцэнтуюць увагу на даце 26 жніўня, як адной са значных у найноўшай гісторыі тэатра.

Складана было, канечне, такое прадказаць, але мы адкрываем 102-гі сезон! — працягваюць артысты. — І выглядае на тое, што ён будзе не менш легендарны за папярэдні!»

І што ўяўляе з сябе праект «NowПрост»?

Гэта шчырыя размовы купалаўцаў з купалаўцамі. Пра жыццё, пра пачуцці, пра простае і складанае, пра ўсё на свеце і трошачкі болей, — так анансуе яго трупа.

Вы бачылі нас у розных ролях, характарах і дэкарацях. Грым, святло, касцюмы хаваюць нас сапраўдных, пераўтвараюць, пакідаючы толькі невялічкую частку, якую і не паспяваеш разгледзець цягам спектакля. Але за кожнай роляй заўсёды стаіць звычайны чалавек са сваім болем, перажываннямі, радасцямі, поглядамі, са сваёй унікальнай гісторыяй жыцця. У гэтым сезоне мы вырашылі пазнаёміцца бліжэй. Каб вы ўбачылі нас такімі, якімі бачым адно аднаго мы, — так гучыць пашыранае прадстаўленне праекта.

Першы эфір праекта «NowПрост» з Андрэем Кавальчуком.

У першым яго эфіры суразмоўцай вядучай Вольгі Бабковай стаў знаны купалавец Андрэй Кавальчук. Вядоўца тэлепраграм «Справы сямейныя», «Раніца Беларусі», «Свет рэчаў» ды іншых, акцёр, які спрычыніўся да адкрыцця Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Тэатра беларускай драматургіі, служыў на сцэнах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Коласаўскага драматычнага тэатра, з 1990 года — у трупе Купалаўскага. Акцёр, вядомы кінагледачу па шматлікіх ролях у кіно, і ў прыватнасці — па ролі партызана Мішы ў стужцы «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі.

У інтэрв’ю артыст распавёў пра свае знакавыя ролі, настаўнікаў, якім ён удзячны, працу ў розных тэатрах, сям’ю, дзяцінства ў мінскай Грушаўцы, хобі, а гэтаксама пра стаўленне да сённяшніх падзей.

Я хачу сказаць усім сапраўдным прыхільнікам беларускага тэатра, — падзяліўся спадар Андрэй. — Як кажуць, у войску, храме і ў тэатры людзі не працуюць. Яны служаць. Стогадовая гісторыя тэатра Янкі Купалы — гэта такі час, як Ветхі Запавет. Ен цудоўны. Тыя, хто сышоў з тэатра, аддалі яму хто пяцьдзесят гадоў, хто — сорак, хто — трыццаць, я — дваццаць. Мы гэтаму Запавету аддалі лепшыя гады свайго жыцця. Але ён скончыўся. Гэта гісторыя, яна скончылася. А цяпер пачынаецца Новы Запавет. Яго будуць пісаць розныя [людзі]. Такі лёс. Такі час. Яго будуць пісаць Іуды. Яго будуць пісаць праведнікі. Яго будзе пісаць, можа, і сам сатана. Хто яго ведае. Такі час. Да гэтага трэба адносіцца па-філасофску. Але мы трымаемся. Адзін за аднога. Мы многае можам і мы многае зрабілі за гэты год. І зрабілі, я лічу, высокаякасна.

Акцёр, разважаючы пра цяжкі час, падкрэсліў, што яго надзея сёння — новае пакаленне.

Я думаю, што тыя цёмныя сілы іх [новае пакаленне] праваронілі, — сказаў Андрэй Кавальчук. — Яны гэтых дзяцей ужо ніколі не загоняць у сваю чорную хеўру. Ёсць розныя, канешне […] Але тыя дзеці, якіх я бачу на вуліцах, іх яны ўжо не вернуць.

Паглядзець першы эфір праекта «NowПрост» можна тут.

🔥 Подпишитесь на нашу страницу в Facebook. Там весело!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: