«Ён мысліў катэгорыямі вечнага часу і прасторы». Cёння ў Мінску развіталіся з Алесем Разанавым

Главное
Фота: Reform.by.

Згодна запавету выбітнага паэта, філосафа, мастака і перакладчыка Алеся Разанава, яго прах мусіць быць развеяны ў паветры. «Ён мысліў катэгорымі вечнага часу і прасторы, ды ў вечным жыцці захацеў быць паўсюль», — падсумаваў запавет свайго таварыша паэт Уладзімір Някляеў.

Развітанне з класікам беларускай літаратуры прайшло сёння, 28 жніўня, у Саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску.

На паніхідзе прыстунічалі родныя і блізкія Алеся Разанава, літаратары, журналісты, мастакі, філосафы, перакладчыкі, музыкі, прыхільнікі Паэта. Нягледзячы на дождж і засцярогі бяспекі, аддаць даніну павагі выбітнаму суайчынніку прыйшлі ўсе, хто ў гэтыя складаныя для беларускага слова часы знаходзіцца ў Мінску.

Людзі неслі Творцу белыя і чырвоныя кветкі.

Фота: Reform.by.

Аглядальнік і фатограф Reform.by пабывалі на развітальнай цырымоніі.

Сваім словам удзячнасці і павагі да Паэта, які сышоў у 73 гады, па просьбе журналістаў выдання пагадзіліся падзяліцца музыка і мастак Андрусь Такінданг, паэт Леанід Дранько-Майсюк, паэт і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў.

«Яго творчасць — гэта падмурак, на якім грунтуецца беларуская літаратура»

Андрусь Такіданг, музыка, мастак, паэт

Фота: Reform.by.

Пра Алеся Разанава я пачуў раней, чым пачаў яго чытаць. Бо гэта знакавы і важны паэт для Беларусі, і калі я пазнаёміўся з яго творчасцю, пераканаўся, што ўсё, што казалі мне пра яго, — праўда. Алесь Разанаў — гэта дасканалы творца. Ён жыў вельмі ўзорна, і яго творчасць таксама вельмі вывераная. У ёй нічога не вепячваецца, яна — дасканалая. Цяпер дакладна разумею, што ён — гістарычны паэт і я рады, што з’яўляюся яго сучаснікам. Таму і прыйсці развітацца з ім для мяне сталася цалкам натуральным жаданнем.

Ці паўплываў на мяне Алесь Сцяпанавіч? Так. Як кажуць, ёсць нейкая творчая каляіна, творчыя ўзоры, на якія глядзіш і разумееш: гэта — кітч, гэта — папса, а вось гэта — верныя словы. Так пра творчасць спадара Алеся я магу сказаць, што яна для мяне — своеасаблівы камертон. Яна нібы тая зорка, якая зіхаціць дзесьці ў небе, ды на якую ты можаш арыентавацца. Калі штосьці атрымоўваецца бліжэй да Разанава, значыць яно выверана, больш дакладна, калі далей ад яго — значыць менш вартае.

Фота: Reform.by.
Фота: Reform.by.

Яго творчасць, як па мне, разлічана на доўгі тэрмін асэнсавання. Гэта ні духапад’емныя вершы, якія могуць заклікаць да хуткіх дзеянняў. Гэта хутчэй такі падмурак, на якім грунтуецца беларуская літаратура. Яго паэзія — тая рэч, якую можна доўга асэнсоўваць, і якую ён пакінуў не толькі нам, але нашым унукам і праўнукам.

«Ён быў каралём без каралеўства»

Леанід Дранько-Майсюк, паэт

Фота: Reform.by.

Алесь Разанаў стварыў сваю прастору ў беларускай літаратуры. І мне, як аматару беларускай паэзіі, здавалася, што ў гэтай прасторы ён заўсёды заставаўся адзін. Такая прырода ягонага таленту. Такая прырода яго творчага рытму. Ён быў каралём без каралеўства. Ён жыў ў Слове. Не столькі ў беларускай мове, як у беларускім слове! Ён вынаходзіў вельмі сціслыя, ёмістыя жанры, дзе кожнае слова мела шмат сэнсаў. І таму ягоную паэзію можна чытаць бясконца. Ягоная творчасць будзе набываць новыя якасці з кожным новым часам.

Мы разам працавалі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Алесь працаваў у рэдакцыі крытыкі, я ў рэдакцыі паэзіі. Дырэктар выдавецтва Міхаіл Дубянецкі вельмі высока цаніў эрудыцыю Разанава. Алесь быў з тых рэдактараў, які мог адказаць на любое пытанне, ён быў вельмі начытаны і дасведчаны. Яго смерць – вялікая страта для нашай культуры, бо ён такі адзіны. Шмат хто з літаратараў знаходзіцца ў творчай сям’і, ягоная ж творчая сям’я – ён сам. Алесь Разанаў – гэта вялікая творчая адзінота.

Фота: Reform.by.
Фота: Reform.by.

Нягледзячы ні на што, цікавасць да беларускай літаратуры будзе ўзрастаць, будуць з’яўляцца сапраўдныя беларускія сем’і, якія прыйдуць да простай высновы, што сваіх дзяцей трэба вучыць беларускай мове яшчэ да школы, у сям’і. На сямейным узроўні будуць чытаць і вершаказы Алеся Разанава, не ўсё ж вучыць дзетак на лёгкай паэзіі накшталт, «раз, два, тры, чатыры, пяць, я іду шукаць». Мы ўжо саспелі да таго, каб з самага пачатку выхоўваць сваіх дзяцей на сур’ёзнай літаратуры. Так што, трэба дачакацца гэтага часу. Я веру ў тыя дні, калі Алеся Разанава будуць чытаць з самага свайго жыццёвага пачатку. І з дзяцінства ён стане пісьменнікам шмат для каго на ўсё жыццё.

«Мы разышліся, але не надта далёка»

Уладзімір Някляеў, паэт, празаік, грамадска-палітычны дзеяч

Фота: Reform.by.

Мы з Алесем Разанавым амаль равеснікі. І пражылі з ім два жыцці. Адно жыццё — разам. Другое — асобна. Бо, як яно часта здараецца, узніклі складансці ў нашых адносінах. І той блізкасці, якая была паміж намі ў маладосці, ужо ў сталым узросце не было. Але тое не азначае, што мы варагавалі, ці не бачыліся, ці абыходзілі адзін аднаго. Мы кожны рабілі сваю літаратурную справу, справу паэтаў, беларусаў, грамадзянскую справу, разыйшоўшыся ў адным накірунку.


Незалежна ад таго, як было паміж намі як паміж людзьмі, гэта не замінала ні мне, ні яму паразумець тое, што кожны з нас робіць, і ў гэтым адзін адному спрыяць.

Фота: Reform.by.
Фота: Reform.by.
Фота: Reform.by.

Ён, перш за ўсе, безумоўна, быў паэт. У грамадска-палітычным жыцці ў нашым звыклым уяўленні ён не браў аніякага ўдзелу. Усе мае прапановы літаратарам, паэтам, увогуле, творчым людзям далучыцца да актыўнага супрацьстаяння рэжыму ён не ўспрымаў. Алесь быў алімпіец, так можна сказаць, і лічыў, што ён пакліканы. І ён, сапраўды, быў пакліканы і тут не можа быць аніякага сумневу, што гэта адзін з лепшых беларускіх паэтаў не толькі вашага з намі часу, а ва ўсёй гісторыі беларускай літаратуры колькі яе ёсць.

Моцна паўплываў ён перш за ўсё на маладзейшае пакаленне, якое ішло за ім. Я выразна бачыў ягоны ўплыў у творчасці многіх з іх. Праз часопіс «Крыніца», дзе мы з ім працавалі, быў уплыў і на тое, што называецца грамадска-палітычнай думкай. У часопісе была не толькі паэзія, літаратура, але і палітыка. Дарэчы, ён гэта не надта ўхваляў, але калектыў, яго большасць была за тое, каб часопіс займаў выразную не толькі нацыянальную, але і грамадзянскую пазіцыю.

Фота: Reform.by.
Фота: Reform.by.

Сёння мне цяжка. Неяк пазаўчорашні дзень я перажыў, і сэрца балела так, як рэдка баліць. Аказваецца, мы разышліся, але не надта далёка, калі так баліць. Мне вельмі шкада, што яго не стала.

Зараз размаўляў з ягонымі роднымі. Ён жа даволі доўга хварэў і не мог не падумаць пра тое, што будзе пасля. Ягоны запавет — спаліць цела і развеяць ягоны прах. Дарэчы, тое самае і я сказаў сваім родным.

У якім месцы? Цікава, калі я дакладна сказаў пра сябе — у  Крэва, Алесь пра свае месца спачыну анічога не сказаў. Ён мысліў катэгорыямі вечнага часу і прасторы, і ў вечным жыцці захацеў, можа, быць паўсюль. Нехта палічыць, што гэта марна, фантазіі паэта, але калі нават і фантазіі, то ён цалкам мае права на гэта.

Што думаў ён з той нагоды, што беларусы прачнуліся? Не ведаю. Ва ўсялякім разе Алесь нідзе пра гэта не напісаў: ні ў прозе, ні ў вершах.

Фота: Reform.by.

Але не думаю, што ён быў супраць гэтай прыгажосці. Фёдар Дастаеўскі, дарэчы, наш зямляк, пісаў, што свет зратуе прыгажосць. Калі так, то жнівеньская беларуская рэвалюцыя павінна зратаваць свет. Бо такой прыгожай рэвалюцыі не было за ўсе вякі ва ўсім свеце. Незалежна ад таго, што шмат чаго у нас ужо аднялі і яшчэ адымуць, але прыгажосць таго, што было зроблена беларусамі ў жніўні мінулага года, ніхто забраць ужо не здолее. У тыя дні я адчуваў прысутнасць калі не самога Бога, то яго позірку на нас з нябёсаў. Мяркую, што Алесь — гэтаксама, хоць тое, які запавет ён пакінуў у дачыненні сябе — гэта чыста паганскі крок. Ён не быў асаблівым вернікам. Людзі розныя, як розныя паэты.

Можа быць, сапраўды, развеяны ў бясконцай прасторы ён будзе існаваць у ёй бясконца.

Я асабіста баюся не смерці, а вечнай непрысутнасці ў гэтым свеце. Будуць мільёны, мільярды гадоў праходзіць, а ты ў гэтым непрысутны, непрысутны.

Фота: Reform.by.

На жаль, вось так як бы не існуе ўся наша культура, я ўжо не кажу пра паэзію. Гэта ўлада абсалютна не мае да яе аніякіх адносін, і хоча, каб тое самае было з нашымі людзьмі, народам. А без культуры робіцца тое, што робіцца. Разанаў, мне здацца, гэта моцна адчуваў, і таму ўзровень яго культуры быў менавіта высокі.

Фота: Reform.by.

Паэт, філосаф, мастак і перакладчык Алесь Разанаў пайшоў з жыцця 26 жніўня 2021 года. Прычынай яго смерці стала анкалогія.

Алесь Разанаў увайшоў у беларускую літаратурную прастору як паэт-наватар, мысляр, паэт-канцэптуаліст. Яшчэ ў 1960-тыя ён выказаў сваю пазіцыю ў абарону беларускай мовы, падпісаўшы ліст з патрабаваннем вяртання выкладання на беларускай мове прадметаў у БДУ.

Фота: Reform.by.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.


Последние новости


🔥 Подпишитесь на наш Telegram-канал. Только авторские статьи!

REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: