Купалаўцы прэзентуюць аўдыёспектакль паводле апавядання Уладзіміра Арлова

В мире
Падчас здымак спектакля "Паўлінка". Фота: facebook.com/kupalaucy.

Славуты твор беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова «Ордэн белай мышы» прагучыць сёння, 7 кастрычніка, на YouTube-канале незалежнай тэатральнай групы і на падкасце «III акт».

«Гэтым разам мы вырашылі яшчэ больш пашырыць межы творчасці і рызыкнулі стварыць супольны праект», — анасавалі прэм’еру аўдыспектакля, створанага ў супрацы з падкаст-праектам “III акт” Купалаўцы.

“III акт” — гэта некамерцыйная беларуская ініцыятыва, якая займаецца стварэннем аўдыёспектакляў паводле класічнай і сучаснай драматургіі ў фармаце падкастаў. Сваёй лакальнай звышзадачай праект бачыць «атмасферу месца і [вас] у ёй: адчуванне таго, што вы апынуліся ў гэтым месцы не выпадкова. І мы зрабілі ўсё дзеля гэтага, так што вам застаецца яе толькі адчуць».

Купалаўцы прэзентуюць аўдыёспектакль паводле апавядання Уладзіміра Арлова
Фота: facebook.com/kupalaucy.

Пазначаецца, што каманда падкаста працуе з прафесійнымі і аматарскімі калектывамі. «І на дадзены момант нашы калегі выпусцілі ўжо 10 аўдыёспектакляў, у якіх задзейнічаныя не толькі акцёры, але і запрошаныя госці», — дзеляцца інфармацыяй Купалаўцы.

«Ордэн белай мышы» — твор-антыўтопія, своеасаблівае разважанне пісьменніка Уладзіміра Арлова пра адносіны ў грамадстве, дзе няма здаровай канкурэнцыі, дзе ўсё існуе толькі ў адным экзэмпляры. «Два лёсы – пісьменнік без чытачоў і кароль без падданых, такія розныя погляды, статусы, жыцці – сустракаюцца ў філасофска-інтэлектуальнай размове, якая ані па законах жанру, ані па законах жыцця не мае шанцаў скончыцца чымсьці звычайным», — даецца ў анатацыі да аўдыёпастаноўкі.

«Мы дазволілі сабе абазначыць жанр як “казка для дарослых”, — адзначаюць артысты. — І  можна шмат распавядаць пра спектакль, пра яго сэнс, пра працу з матэрыялам, але мы прапануем лепей пачуць усё на ўласныя вушы. Наш зорны склад не пакіне раўнадушным нікога. А сам аповед гаворыць пра сябе лепш за любыя іншыя словы».

Ролі ў аўдыёспектаклі агучваюць вядомыя акцёры Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, Георгій Маляўскі і Ігар Дзянісаў.

Час прэм’еры новага праекта Купалаўцаў — 19.00, 7 кастрычніка.

Варта дадаць, што калі беларускія слухачы здолеюць спрычыніцца да творчасці незалежнай театральнай групы ў фармаце аўдыёпастаноўкі, берлінскі глядач мае гонар бачыць жывы спектакль вольных артыстаў. На сцэне берлінскага DEUTSCHES THEATER акурат сёння ж беларускія акцёры даюць «Войцэка» паводле Георга Бюхнэра ў рэжысуры Рамана Падаляка.

Купалаўцы прэзентуюць аўдыёспектакль паводле апавядання Уладзіміра Арлова
Фота: facebook.com/kupalaucy. Cцэна са спектакля «Войцэк».

«Калі раптам вы знаходзіцеся тут, у Берліне, разам з намі, калі маеце жаданне пабачыцца, абняцца, то гэта той самы момант!», — запрашае на спектакль незалежная трупа.

Паказы «Войцэка» ў Берліне адбудуцца 7 і 8 кастрычніка ў межах гастроляў калектыву па Еўропе.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: