У Мінску прайшла прэзентацыя «Эдаў» — перакладаў на беларускую найбольш вядомых твораў старажытнай скандынаўскай літаратуры

Главное

11 снежня ў Цэнтры шведскіх даследаванняў адбылася прэзентацыя «Паэтычнай» і «Празаічнай Эды» : сусветнавядомыя творы скандынаўскага эпасу ХІІІ стагоддзя са старажытнаісландскай на беларускую мову пераклаў Яўген Папакуль. Кнігі выйшлі ў выдавецтве «Галіяфы».

Кніга «Эда. Песні пра багоў» з’яўляецца першым поўным перакладам эдычных песень «пра асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў на беларускую мову» — гэта першая частка «Паэтычнай Эды».

Пераклад жа «Празаічнай Эды», які ўвасобіўся ў кнізе «Эда Сноры Стурлусана» — з’яўляецца адным з найбольш поўных з існых перакладаў на сучасныя мовы. Такім чынам, можна сказаць, што беларускі пераклад «Празаічнай Эды» з’яўляецца першым і найбольш поўным перакладам «Эды ў прозе» на тэрыторыі Заходняй і Усходняй Еўропы.

Яўген Папакуль, які выкладае ў Полацкім дзяржаўным універсітэце міфалогію і шведскую мову, акрамя старажытнаісландскай і шведскай, ведае таксама фарэрскую і малавядомую мову норн. Навукоўца і перакладчык, які працаваў над перакладамі Эдаў у суме больш за паўтары гады, распавёў на прэзентацыі пра складанасці і цікавосткі працы над слыннымі творамі скандынаўскай літаратуры. Reform.by пабываў на падзеі.

У Мінску прайшла прэзентацыя "Эдаў" - перакладаў на беларускую найбольш вядомых твораў старажытнай скандынаўскай літаратуры
Яўген Папакуль зачытвае ўрывак з «Паэтычнай Эды». Фота: Reform.by.

Так, адной са складанасцю перакладу з «Паэтычнай Эды» сталася праца з формай і зместам, бо старажытнаісландская паэзія — паэзія алітэрацыйная, распавёў Яўген Папакуль.

Гэта алітэрацыя не толькі чуецца, яна і бачная, — уводзіць у падрабязнасці «кухні» беларускі перакладчык. — Націск у 99% словаў у старажытнаісландскай мове ставіцца на першы склад — у такім выпадку зычныя будуць паўтарацца. Калі мы кажам пра беларускую мову, то ў нас націск у словах можа стаяць дзе заўгодна. Таму я ў сваім падыходзе вырашыў лепш захаваць змест паэм тымі сродкамі, якія характэрныя для беларускай мовы — гэта чаргаванне націскных і ненаціскных складоў. Тады гэта і гучыць паэтычна, і такая літаратура нам больш звыклая, — патлумачыў мовазнаўца.

З цікавостак працы над «Песняй пра багоў» аўтар вылучыў, што, уласна, калі казаць менавіта пра мову твора, то сама лексіка паэмы вельмі простая.

Калі мы чуем пра такую штуку, як песні пра багоў, то адразу думаецца, што гэта нешта такое ўзвышанае і пафаснае. Насамрэч, — не, — дзеліцца спадар Яўген. — Усе богі ў «Песні» — гэта абсалютна жывыя істоты са сваімі хібамі і характарамі. Одзін у гэтых творах вельмі хітры: ён той, каго сёння назвалі б «тролем». Ён здзекуецца з усіх, каго можна, улічваючы свайго цудоўнага сына Тора. А Тор паўстае як трошачкі такі праставаты, вельмі рэзкі герой, які, калі што не так, адразу за молат і б’е іншага па галаве.

Самым нечаканым для перакладчыка сталася тое, што ў паэзіі такога высокага рангу ўжываецца лаянка.

Перакладчыкі на рускую і ўкраінскую мовы стараюцца гэтыя моманты абмінуць і назваць чалавека ў творы «такой-сякой», «нягодны» , «срамны», «трус», «баягуз», — я ж вырашыў, што не буду падманваць чытача, — адзначае Яўген Папакуль. — Таму ў маім перакладзе ўжываецца лексіка, якая павінна быць у творы. Пагатоў, сакавітай беларускай лаянкі хапае, — дадае ён.

Такім чынам, даводзіць мовазнаўца, беларускі пераклад «Песні пра багоў» можна назваць «Эдаю без цэнзуры».

Што датычыцца «Празаічнай Эды» — кнігі «Эда Сноры Стурлусана», то тут гэтаксама падчас працы над перакладам трэба было ўлічыць шматлікія моўныя акалічнасці.

Сноры Стурлусан — гэта слынны ісландскі скальд, навукоўца і гісторык, які, верагодна, быў адным з аўтараў выбітнага зборніка.

У Мінску прайшла прэзентацыя "Эдаў" - перакладаў на беларускую найбольш вядомых твораў старажытнай скандынаўскай літаратуры
Cтыль-рэдактар і карэктар «Паэтычнай» і «Празаічнай Эды» Маргарыта Латышкевіч зачытвае прыклады старажытнаісландскай паэзіі. Фота: Reform.by.

Адрозненне «Празаічнай Эды», складзенай беларускім перакладчыкам, у тым, што акрамя чатырох класічных раздзелаў яна змяшчае і два некананічныя: «Тулы імёнаў» і «Пералік скальдаў».

У зборніку тлумачацца шматлікія кенінгі (доўгія перафразы, разнастайнасць метафары, уласцівай скальдычнай паэзіі) і хэйці (больш простыя перафразы), прыводзяцца цытаты (каля 350) славутых скальдаў, апісваюцца ўсе вядомыя на той час паэтычныя памеры і іхнія варыяцыі.

Акрамя таго, што трэба было разабрацца з кенінгамі, хейці, адной з галоўных праблемаў у перакладзе стала праца з шматзначнасцю і з аманіміяй, — пры расповедзе Яўгена Папакуля свет старажытнаскандынаўскай літаратуры становіцца складаней, але і цікавей. — Бо старажытнаісландская мова таму такая паэтычная, што адно слова можа ўбіраць некалькі значэнняў. Напрыклад, сустаў, чалавек, калыска, труна, піва, карабель — можа называцца адным словам. І некаторыя часткі зборніка пабудаваны на гэтай гульні словаў.

Пры вырашэнні гэтай творчай задачы аўтар перакладу звярнуўся да беларускай аманіміі, якая з’яўляецца не менш багатай за скандынаўскую.

«Бараном называюць самца авечкі. А яшчэ так называюць вялікі човен і дурня. Баранчыкі — не толькі ягняты, але і хвалі на вадзе, — зачытае ўрывак перакладчык. — Вада — таксама дваякая. Гэта рэкі, азёры і моры. А яшчэ вадою могуць называць бязглудзіцу. Падобныя словы людзі часта ўжываюць, каб зрабіць значэнне прыхаваным, і гэта называецца двухсэнсоўнасцю».

І яшчэ адна цікавая дэталь, якая высветлілася падчас перакладу старажытных літаратурных шэдэўраў.

Яўген Папакуль знайшоў у творах скандынаўскага эпасу ХІІІ стагоддзя згадкі пра Беларусь.

Так, Сноры Стурлусан, выдумваючы кенінг (паэтычную фігуру — Reform.by) пра карабель, піша пра «зубра палубы». Гэтаксама ў некананічным раздзеле «Празаічнай Эды» «Тулы імёнаў» ёсць назвы рэк — Дзвіна і Дняпро. Ды гэтаксама ўзнікае ў творы тэрмін Гардарыкі — так называлі з ХІІ стагоддзя тэрыторыю сучаснай Беларусі, часткова Украіны і Заходняй Расіі.

Таму пра нас ведалі, ведалі, што зубры тут носяцца, і гэта было прыемна высветліць, — рэзюмуе перакладчык.

У планах Яўгена Папакуля  — пераклад другой часткі «Паэтычнай Эды» — «Песні пра герояў». Такім чынам, серыя перакладаў старажытнаскандынаўскай літаратуры будзе складацца з трох кніг.

Сёння ж выданні «Эда. Песні пра багоў» і «Эда Сноры Стурлусана» можна знайсці ў кнігарнях Мінска і на сайце выдавецтва.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: