«Мы тут і сэрцам, і розумам»: Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці

Культура
2001 год. Музей Янкі Купалы. Падчас уручэння прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра. Карлас Шэрман, Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў у першым шэрагу. Фота: Сяргей Шапран. Крыніца: sherman.penbelarus.org.

Невыпадкова апошні матэрыял праекта «Ліквідацыя» ў гэтым годзе прысвечаны гэтым арганізацыям. Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў з’яўляюцца аднымі з самых уплывовых аб’яднанняў у культурнай прасторы Беларусі, збіраючы вакол сябе Людзей Слова самых розных пакаленняў. Саюз беларускіх пісьменнікаў — увогуле найстарэйшая творчая арганізацыя краіны, заснаваная ў 1930-х гадах. Да яе дзейнасці спрычыніліся такія постаці, як Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў ды іншыя аўтары. Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у часы «перабудовы», пазначыўшы сабой памкненне літаратараў да свабоды слова і дэмакратычных пераменаў.

Сёлета адбылася беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі краіны, калі дзве гэтыя структуры, што акумулююць інтэлектуальны патэнцыял нацыі, праяву вольных Слова і Думкі, права людзей на свабоду слова і волевыяўленне, былі ліквідаваныя Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь. У жніўні пазоў Міністэрства юстыцыі краіны ў дачыненні да Беларускага ПЭНа задаволіла суддзя Ганна Сакалоўская, у лістападзе рашэннем суддзі Ігара Мільты быў ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў.

«Зачистка» — так в КГБ официально назвали ликвидацию общественных организаций, формировавших гражданское общество Беларуси. За один день, 22 июля, были ликвидированы полсотни НГО по всей стране. Это было только начало — на сегодня уже более 300 общественных организаций, некоммерческих учреждений и фондов ликвидированы либо ожидают формального решения суда, который их закроет. Среди них и порядка 20 молодежных объединений.

Некоторые считают происходящее местью властей за санкции ЕС, другие считают санкции лишь удобным предлогом. В любом случае, «зачистка» идет по всем фронтам. Ликвидируются не только правозащитные и прочие околополитические организации, в которых власть могла узреть «спящие террористические ячейки». Под нож пошли даже экоактивисты, защитники животных и клуб любителей песни.

Масштабы «зачистки» таковы, что она может отбросить беларусское гражданское общество на десятилетия назад, оставит людей наедине с их проблемами, отправит назад в тень болезненные вопросы, которыми не хочет заниматься государство. Мы не можем это остановить, но можем рассказать беларусам о том, ЧТО мы все теряем в этой ликвидации. Сделать снимок на память. В надежде, что все восстановится прежде, чем он пожелтеет.

«Ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабіла гэта«, — узновім вядомыя словы ўжо экс-старшыні найстарэйшага творчага аб’яднання Барыса Пятровіча з нагоды скасавання дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі. Саюз беларускіх пісьменнікаў праіснаваў 87(!) гадоў. Беларускі ПЭН-цэнтр — 32 гады.

Мы не можам адмяніць гэтых рашэнняў, але можам нагадаць пра гісторыю і ўнёсак творчых аб’яднанняў у беларускую культуру — нацыянальную, прававую, грамадзянскую — бо менавіта Слова злучае ў сабе ўсё.

Распавесці пра гісторыю і вехі сваёй арганізацыі пагадзілася для Reform.by старшыня, ці прэзідэнтка, Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Адметна, што на апошнім сходзе ПЭНа вядомая паэтка, перакладчыца і культурная дзяячка была абраная кіраўніцай аб’яднання. У пэўным сэнсе, спадарыні Таццяне прыйшлося выступіць ад імя дзвюх супольнасцей. Экс-старшыня СБП Барыс Пятровіч не здолеў даць нам каментар па прычыне хваробы. Але гаворка ў матэрыяле ў першую чаргу пойдзе пра Беларускі ПЭН.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Таццяна Нядбай. Фота: dirk-skiba-fotografie.de.

Ля вытокаў грамадзянскай арганізацыі: прынцыпы дзейнасці

«Па сутнасці, нідзе няма сабранай і апрацаванай гісторыі ПЭНа, таму я лічу, што гэта размова для нас вельмі важная, — пракаментавала нашу прапанову на гутарку Таццяна Нядбай. — Мы маем мемуары Карласа Шэрмана «Блуканец», якія былі выдадзеныя ў 2020 годзе, — гэтая кніга мае шмат згадак пра гісторыю нашай арганізацыі, — удакладняе паэтка. — Таму ваша пытанне пра гісторыю заснавання Беларускага ПЭНа заахвоціла мяне параспытаць маіх старэйшых калег, і тут, вядома, мы як супольнасць сябраў ПЭНа апынаемся перад неабходнасцю грунтоўнага запісу ўспамінаў, алічбавання папяровых архіваў, — гэта адна з нашых задачаў на бліжэйшы час».

Першая згадка пра заснаванне Беларускага ПЭНа — гэта 1989 год. Аргкамітэтам у складзе 20 пісьменнікаў была створана арганізацыя, якая ўжо на наступны год — у 1990-м — была прынята ў Міжнародны ПЭН-клуб. Месца правядзення знакавага 55-га міжнароднага кангрэса — востраў Мадэйра ў Партугаліі.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў, Валянцін Тарас і Давід Сімановіч напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага ПЭН-цэнтра. Фота: sherman.penbelarus.org.

Натуральна, я не прысутнічала пры заснаванні арганізацыі, таму гэта будуць мае інтэрпрэтацыі і разуменне таго, адкуль узніклі перадумовы ўзнікнення Беларускага ПЭна, — адказвае на пытанне Reform.by Таццяна Нядбай. — І мяркую, што Беларускі ПЭН узнік тады, у часы «перабудовы», як у пэўнай ступені супрацьпастаўленне Саюзу пісьменнікаў (тады Саюзу пісьменнікаў БССР — заўвага Refrom.by). Саюз, якія развіваўся сінхронна з Савецкім Саюзам, нягледзячы на тое, што яго сябрамі ў розныя часы былі выбітныя асобы, на той момант, на думку прагрэсіўнай часткі беларускай інтэлігенцыі, канцэпцыйна састарэў. Нацыянальна арыентаваная частка эліты не хацела «саюзнага» падыходу да шмат якіх пытанняў, і такім чынам узнікла ідэя альтэрнатыўнай арганізацыі, якая дбала б пра свабоду выказвання і правы літаратараў. (Разам з тым для мяне важна сказаць, што паміж ПЭНам і Саюзам, колькі памятаю, была шчыльная супраца, мы мелі некалькі супольных праектаў, заўжды падтрымлівалі адно аднаго ў складаныя часы).

Склад аргкамітэта створанай арганізацыі быў такі: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Карлас Шэрман, Віктар Казько, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Міхась Тычына, Сяргей Законнікаў, Дзмітрый Бугаёў, Святлана Алексіевіч, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Аляксей Дудараў, Васіль Зуёнак, Віктар Каваленка, Адам Мальдзіс, Алег Лойка, Васіль Сёмуха. Заўважце — толькі адна жанчына ў тыя часы.

У падмурак дзейнасці ПЭНа гэтымі заснавальнікамі былі ўкладзены каштоўнасныя арыенціры — свабода слова, абарона права. Той падмурак, які быў сугучны з каштоўнаснымі маніфестамі Міжнароднага ПЭН-клуба, заснаванага ў Вялікабрытаніі сто гадоў таму.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Заснавальнікі Беларускага ПЭНа. Фота: https://www.facebook.com/niadbaj.

Так, з аднаго боку, у Міжнародным ПЭН-клубе, вядома, шанавалі літаратуру, — celebrating literature, тут яшчэ варта пашукаць дакладны пераклад, — уводзіць у падрабязнасці каштоўнасных арыенціраў міжнароднай арганізацыі Таццяна Нядбай. — З іншага, у арганізацыі быў і застаецца моцны праваабарончы фокус. Кожнае аўтаномнае прадстаўніцтва Міжнароднага ПЭН-клуба па ўсім свеце (а іх сёння больш за 140) прызнае галоўны дакумент — Хартыю, у якой пазначаны асноўныя каштоўнасці.

Але гэтаксама кожнае прадстаўніцтва мае і свой Статут, пацвярджае наша візаві. Але Беларускі ПЭН не адышоў ад галоўных прынцыпаў міжнароднай арганізацыі, наадварот, вылучыў у часы «заходу» Савецкай імперыі важкасць свабоды слова і выказвання меркавання, абароны правоў чалавека. Гэта галоўны «кіт», на якім паўстаў Беларускі ПЭН.

Гэтаксама адметнасцю аб’яднання была яго закрытасць: асабліва на пачатку ўступіць у ПЭН было вельмі складана.

Гэта яшчэ адна характарыстыка многіх ПЭН-клубаў па ўсім свеце — іх своеасаблівая закрытасць, — распавядае Таццяна Нядбай. — Не выпадкова яны называліся «клубамі»: у некаторыя з іх уступіць можна было толькі па запрашэнні. Але з часам канцэпцыя ПЭНаў стала змяняцца — і арганізацыі сталі называцца ПЭН-цэнтрамі, што пазначала іх больш дэмакратычную пазіцыю і адкрытасць.

А далей і прыйшло пераасэнсаванне таго, хто можа ўступаць у арганізацыю.

Мы для сябе сфармавалі такую катэгорыю, як Людзі Слова, — распавядае пра эвалюцыю канцэпцыі Беларускага ПЭНа яго кіраўніца. — То-бок сябрам арганізацыі могуць станавіцца не толькі літаратары, але і рэжысёры, выдаўцы, людзі, звязаныя з вусным і пісьмовым словам у шырокім значэнні. Эсэісты, публіцысты, журналісты гэтаксама былі і ёсць у аб’яднанні. Але каштоўнасныя перакананні нашых сябраў, — па-ранейшаму застаюцца ў прыярытэтах, — падкрэслівае візаві. — Каб не было такога, што ў пэўных пунктах правы чалавека раптам пачыналі аспрэчвацца: адны правы мы прызнаем, а іншыя — не. Такога не павінна быць. Нам важна, каб наш будучы сябра прызнаваў універсальнасць правоў і падпісваўся пад каштоўнаснымі рэчамі, пазначанымі ў статуце ПЭНа.

Карлас Шэрман: віцэ-прэзідэнт, які вёў Беларускі ПЭН

Урэшце, утварыўшыся ў 1990-я як супрацьвага Саюзу пісьменнікаў (БССР) Беларускі ПЭН пачаў актыўна заваёўваць свае пазіцыі. Першым прэзідэнтам арганізацыі быў Рыгор Барадулін.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
2001 год. У сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра на Залатой горцы. Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Карлас Шэрман, Уладзімір Арлоў пазіруюць перад партрэтам Васіля Быкава, які ў гэты час жыве ў Нямеччыне. Фота: Сяргей Шапран. Крыніца: sherman.penbelarus.org.

Старшыні ПЭНа былі знакавымі, сімвалічнымі, але пры гэтым варта ўзгадаць асобу, якая зрабіла Беларускі ПЭН той арганізацыяй, якой яна ёсць сёння, — адзначае спадарыня Таццяна. — Гэта асоба — Карлас Шэрман, віцэ-прэзідэнт структуры. Ён узначаліў у арганізацыі праваабарончы напрамак і вёў яго дванаццаць гадоў, заклаўшы, па сутнасці, асновы праваабарончай дзейнасці для шматлікіх інстытуцый.

Беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца пачаў рабіць на пастаяннай аснове маніторынгі парушэнняў свабоды слова, і гэта былі адзіныя на той час даследаванні такога кшталту.

У 1990-я выйшла знакамітая «жоўтая кніга», якая складае хроніку найбольш важных падзеяў, якія адбываліся на Беларусі ў 1995 — 1997 гадах у СМІ. Складальнікі маніторынгу карысталіся матэрыяламі, апублікаванымі ў друку, і інфармацыяй, атрыманай непасрэдна ад пісьменнікаў, журналістаў і праваабарончых арганізацыяў. Тады Беларускі ПЭН ладзіў шматлікія міжнародныя канферэнцыі, прысвечаныя абароне свабоды слова, і лічыцца, што на гэтых сустрэчах былі закладзеныя падмуркі стварэння Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага Хельсінскага камітэта. Іншымі словамі, рух, які развіваў Карлас Шэрман, спрыяў стварэнню іншых праваабарончых ініцыятыў.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Адам Мальдзіс выступае на Другім кангрэсе Беларускага ПЭНа ў абарону дэмакратыі і культуры: «Незалежная прэса: свабода і адказнасць». Кангрэс адбыўся ў Мінску з 31 жніўня па 4 верасня 1995 года. У прэзідыуме — Рыгор Барадулін, Карлас Шэрман. Фота: sherman.penbelarus.org.

Больш за тое — менавіта Карлас Шэрман стаў ініцыятарам прыняцця Міжнародным ПЭНам Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў, дакумента, створанага ў падтрымку моўных правоў, асабліва моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Віцэ-прэзідэнт асабіста прыняў значны ўдзел у стварэнні і прамоцыі гэтага дакумента.

Дзякуючы Карласу Шэрману, першыя дзесяць год дзейнасці Беларускага ПЭНа — гэта былі часы абароны Людзей Слова, развіцця правабарончага напрамку, які, на жаль, разам з сыходам у адстаўку спадара Карласа ў 2000-я, а потым і яго смерці, пачаў згасаць, — пазначае вехі ў гісторыі арганізацыі спадарыня Таццяна. — І таксама ў 1990-я былі заснаваныя першыя незалежныя літаратурныя прэміі ў Беларусі — Прэмія Алеся Адамовіча, якая адзначала лепшыя творы ў публіцыстычным жанры, і Прэмія Францішка Багушэвіча — яна ўручаецца аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці. Гэтыя ўзнагароды прысуджаюцца і да сёння, — дадае наша суразмоўца.

2000-я: першая спроба ліквідацыі Саюза

Варта дадаць, што пераломныя 1990-я гэтаксама і для Саюза пісьменнікаў аказаліся гадамі сталення і барацьбы за вольнае слова. Менавіта ў другой палове 1990-х наспявае канфлікт паміж новай уладай Беларусі і найстарэйшым творчым саюзам, які выказвае сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, Вольных Слова і Думкі.

У гэтым канфлікце немагчыма абмінуць увагай знакавай постаці Васіля Быкава. Пісьменнік адкрыта выказаў сваё крытычнае меркаванне наконт антыдэмакратычных працэсаў, што адбываліся ў Беларусі. Васіль Быкаў, будучы заснавальнікам Беларускага ПЭНа і яго Прэзідэнтам у 1999-2003 гадах, заставаўся і сябрам сталай арганізацыі.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Карлас Шэрман, Васіль Быкаў і Уладзімір Някляеў. Фота: sherman.penbelarus.org.

Яго словы тады былі пачутыя і за мяжой, — кажа Таццяна Нядбай. — Быкаў адкрыта крытыкаваў улады. Мяркую, што ягонае жыццё, непахісная пазіцыя, лёс літаратара-франтавіка, які пісаў нязручную праўду пра вайну, — усё гэта спрычынілася да таго, што пісьменніка называюць «сумленнем нацыі». Гэта ўсё не магло не раздражняць улады.

У 1997 годзе распараджэннем кіраўніка Беларусі ў Саюза пісьменнікаў была адабраная ўласнасць арганізацыі — Дом літаратара. Праз дзевяць год творчае аб’яднанне было гвалтоўна выкінута з займанага памяшкання ў згаданым доме і пазбаўлена юрыдычнага адрасу. У 2002 годзе ў арганізацыі былі адабраны літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх яна з’яўлялася.

А ў 2005 годзе ад Саюза аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны лаяльны да ўлады Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Фактычна гэта сведчыла пра тое, што ў пэўны момант нацыянальна арыентаваныя літаратары не сталі апірышчам улады ў ідэалагічным сэнсе, — каментуе сітуацыю, якая прывяла да расколу старэйшай арганізацыі, кіраўніца ПЭНа.

Тады была зробленая і першая спроба ліквідацыі пісьменніцкага аб’яднання, якое засталося на сваіх прынцыповых пазіцыях. Аднак судовая справа была выйграна, і Саюз пісьменнікаў выстаяў. З 2005 года ён пачаў дзейнічаць пад назвай Саюз беларускіх пісьменнікаў. Для людзей, невядомых з гісторыяй аб’яднання, да гэтай пары можна ўзнікаць блытаніна з назвамі, але на сёння Саюз пісьменнікаў Беларусі і Саюз беларускіх пісьменнікаў — гэта два розныя аб’яднанні.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што з той пары незалежны пісьменніцкі саюз хоць і застаўся ў прававым полі, для ўладаў пачаў успрымацца як «апазіцыйны», бо ўлады з самага пачатку не ўспрымалі нацыянальнай культуры як сваёй.

У падтрымку беларускага слова: час заснавання конкурсаў і прэмій

Але 2000-я — у супрацьвагу палітыкі паступовай дэбеларусізацыі дзяржавы — былі і часамі заснавання адукацыйных праектаў у грамадскіх аб’яднаннях. У прыватнасці, Беларускі ПЭН распачаў ладзіць конкурсы і майстар-класы для маладых літаратараў.

Гэта час не варта недаацэньваць, бо ў сярэдзіне 2000-х, у прыватнасці, Беларускі ПЭН запускае конкурсы маладых літаратараў, — узнаўляе падзеі Таццяна Нядбай, якая сама «прайшла» гэтыя «літаратурныя інстытуты». — Конкурс усяго быў механізмам адбору на майстар-класы, які дазвалялі нам, маладым аўтарам, пазнаёміцца як адно з адным, так і з нашымі ментарамі — прафесійнымі пісьменнікамі, паэтамі, крытыкамі, філосафамі — Ганнай Кісліцынай, Андрэем Хадановічам, Валянцінам Акудовічам. Гэта была такая інтэграцыя ў літаратурнае асяроддзе, абмен досведам і энергіямі. У выніку гэтых сустрэч нараджаліся сяброўствы, шлюбы, ды, вядома, кнігі. У грамадскай і культурнай сферы складана запраграмаваць вынік, але, на маю думку, плёнам гэтых конкурсаў і майстар-класаў стала з’яўленне твораў маладых літаратараў вельмі добрай якасці. І адпаведна, іх з’яўленне садзейнічала заснаванню новых літаратурных прэмій. У прыватнасці, прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, суарганізатарамі якой сталі фонд «Вяртанне», а таксама ПЭН з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Прэмія імя Максіма Багдановіча «Дэбют-2012». На экране — лаўрэат прэміі за найлепшую кнігу паэзіі — Антон Францішак Брыль. У той год гэтаксама лаўрэатамі ўзнагароды сталі калектыў часопіса “ПрайдзіСвет” — за найлепшы пераклад, і Віктар Марціновіч — за прозу. Фота: Аляксандр Ждановіч. Крыніца: budzma.org.

Доказам уплыву кароткачасовых «школ» на вынікі «Дэбюту» можна лічыць тое, што калі маладыя літаратары, якія прайшлі праз гэтыя майстар-класы, павыдавалі свае кнігі і паатрымлівалі прэміі «Дэбют», пасля ўзнагарода адразу «прасела» ў лаўрэатах — часам кніг не набіралася нават на кароткі спіс.

Атрымалася, што конкурсы маладых літаратараў садзейнічалі фарміраванню цэлага літаратурнага пакалення, — кажа спадарыня Таццяна.

Нядаўна Беларускі ПЭН, разумеючы патрэбу ў такога кшталту адукацыйных ініцыятывах, запусціў Школу крэатыўнага пісьма «Літара» для падлеткаў. Яе курыраваў пісьменнік, паэт і мастак Адам Глобус.

Але цяпер гэтыя заняткі спынены, бо мы не можам гарантаваць бяспеку ўдзельнікам. Але разумеем важнасць праекта і будзем шукаць адпаведны фармат для яго рэалізацыі, — канстатуе старшыня ПЭНа.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
2019 год. Школа «Літара» на фестывалі «Прадмова». Фота: penbelarus.org.

Вяртаючыся ў 2000-2010-я, Таццяна Нядбай называе і іншыя праекты, якія садзейнічалі фарміраванню новых аўтараў.

Гэта і Рэзідэнцыя маладога літаратара, Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», гэта і, вядома, Перакладчыцкая майстэрня пад куратарствам Андрэя Хадановіча, якая выхавала цэлую плеяду маладых перакладчыкаў.

На пачатку 2010-х была заснавана адна з самых вядомых незалежных літаратурных прэмій у Беларусі — Прэмія імя Ежы Гедройця за найлепшую беларускамоўную кнігу ў прозе. Яе заснавальнікамі выступілі Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў разам з Польскім інстытутам у Мінску. У 2015 годзе стала ўручацца Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў ладзілі яе разам з Міжнародным дабрачынным Фондам “Вяртанне”. Цэлы шэраг літаратурных прэмій для найлепшых кніг у розных жанрах уручаюцца ПЭНам і Саюзам супольна. Але Таццяна Нядбай гэтаксама адзначае і супрацоўніцтва з іншымі структурамі. Так, Прэмія турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча нарадзілася ў выніку калабарацыі з вядомым незалежным беларускім радыё. Прэмія імя Міхала Амнепадыстава за лепшую вокладку кнігі была заснавана разам з Беларускім Саюзам дызайнераў і Лятучым універсітэтам.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
2021 год. Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця. Вядучыя агучаюць шорт-ліст. Фота: penbelarus.org.
"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Дыпломы лаўрэатаў і фіналістаў Прэміі імя Ежы Гедройця ў 2021 годзе. Фота: penbelarus.org.

Для нас вельмі важна, каб тое, што было зроблена, мы здолелі захаваць, бо ў будучыні — гэта архіў для працы ўмоўнага Інстытута беларускай кнігі, літаратуры. Паглядзеўшы на шорт-лісты розных прэмій, мы можам разумець, якія найбольш вартыя творы выходзілі ў Беларусі за гэтыя гады, якія працэсы адбываліся.

Падсумоўваючы дзейнасць ПЭНа за 2010-я гады, старшыня кажа пра тое, што культурная дзейнасць з кожным годам нарошчвалася праз новыя праекты. Калі з боку дзяржавы беларускае слова ўсё больш сыходзіла ў цень, то Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў рабілі ўсё, каб яно не згубілася ў грамадстве.

На гэтым полі «пачалася вайна»

З 2017 года Беларускі ПЭН узнаўляе яшчэ адзін свой кірунак — праваабарончую дзейнасць. У той год кіраўніцай арганізацыі першы раз абіраюць Таццяну Нядбай, і яна ўважліва прыслухоўваецца да таго, што кажуць пра дзейнасць ПЭНа ў асяроддзі. Маўляў, ПЭН практычна не займаецца абаронай правоў, хоць мусіць гэта рабіць па сваёй прыродзе.

Паколькі ў мяне не было такога імя і, безумоўна, даробку, як у маіх папярэднікаў — Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Някляева, Лявона Баршчэўскага, Андрэя Хадановіча, — распавядае наша візаві, — і я была першай жанчынай, якая ўзначаліла ПЭН-цэнтр, — то разумела, што мне трэба зрабіць у разы больш працы, каб апраўдаць давер супольнасці. Я актыўна ўзялася за працу, на сёння мне не сорамна ні за адзін дзень, калі я нешта рабіла для арганізацыі. І ўсцешаная, што магла абапірацца на зычлівасць, досвед і парады сваіх калег з Рады – Уладзіміра Арлова, Святланы Алексіевіч, Андрэя Хадановіча, Лявона Баршчэўскага, Сяргея Дубаўца, а таксама на падтрымку каманды: сёння ім немагчыма падзякаваць публічна, назваўшы імёны, але гэта яны зрабілі магчымай рэалізацыю ўсіх задумаў. Здараліся і непаразуменні, канфлікты, безумоўна, але заставаліся тыя, хто гатовы быў працаваць і верыў у агульную справу, у тое, што мы можам зрабіць нешта карыснае для супольнасці.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Таццяна Нядбай на цырымоніі ўручэння Прэміі імя Ежы Гедройця. Фота: penbelarus.org.

Таццяна Нядбай сфарміравала ў Беларускім ПЭНе групу, якая пачала займацца маніторынгам парушэнняў правоў дзеячаў культуры.

Вядома, мы рабілі гэта не за кошт літаратурных праектаў, то-бок не замянялі адну дзейнасць іншай, а толькі пашыралі поле дзейнасці арганізацыі, — удакладняе наша суразмоўца. — І на сёння можна сказаць, што мы адзіная праваабарончая арганізацыя, якая сістэмна працуе з правамі ў сферы культуры. Штодзённа наша каманда маніторыць інфармацыю з парушэннем правоў і робіць аналітычныя справаздачы раз на квартал. Хутка акурат будзе гатовая гадавая справаздача, — звяртае яна ўвагу.

Старшыня зазначае, што напачатку асноўны фокус увагі маніторынгавай групы быў скіраваны толькі на правы літаратараў. Але з улікам таго, што ў іншых сферах культуры — кіно, выяўленчым мастацтве, тэатры, музыцы ніхто не займаецца гэтай праблематыкай, не фіксуе парушэнні правоў дзеячаў культуры, Беларускі ПЭН «замахнуўся» на маніторынг усёй сферы.

Для чаго гэта трэба? Варта бачыць і разумець рэальную сітуацыю, каб потым яе ацэньваць, — даводзіць свой пункт гледжання Таццяна Нядбай. — Часам нам даводзілася размаўляць з замежнымі арганізацыямі. «Як так дзяржава не падтрымлівае развіццё культуры?» — не верылі яны. І тады мы паказваем лічбы і факты. Ды яшчэ ў мірныя часы ў мяне меўся спадзеў, што мы прыйдзем з гэтымі данымі да чыноўнікаў і паспрабуем патлумачыць, данесці ім сваю пазіцыю, паспрабуем паўплываць на змены ў заканадаўстве, палепшыўшы становішча дзеячаў культуры, — дадае яна. — Сёння пра гэта не ідзе і гаворка, аднак мы робім працу на будучыню.

Падчас 2020 года, па меркаванні старшыні Беларускага ПЭНа, на гэтым полі «разгарнуўся фронт, распачаліся баявыя дзеянні».

Тут ужо трэба фіксаваць усе парушэнні, каб абараніць людзей у першую чаргу. Пра змены праз адвакацыю ў Беларусі пакуль думаць не даводзіцца, — канстатуе суразмоўца.

Апошнія даныя, сабраныя грамадскай арганізацыяй, сведчаць пра наступнае: у Беларусі назіраюцца 1032 выпадкі парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за студзень-верасень 2021 года. Па стане на 30 верасня 2021 года 715 чалавек прызнаныя ў Беларусі палітычнымі зняволенымі. Сярод іх 60 — дзеячы культуры. «Топ-10» парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі ўзначальвае пераслед за іншадумства.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Фота: penbelarus.org.

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што ў апошні час многія рэпрэсіі перайшлі ў непублічную сферу.

Складана ацаніць нават прыблізна колькасць парушэнняў, якія не трапляюць у СМІ і могуць застацца па-за нашай увагай, — прызнаецца спадарыня Таццяна. – Каб мець максімальную колькасць звестак, каб лепш разумець, фіксаваць і ацэньваць сітуацыю, мы карыстаемся ўласнымі крыніцамі інфармацыі ў розных інстытуцыях і знаходзімся на сувязі з партнёрамі.

У 2020-м улады па старай звычцы залічылі ў ворагі вядомых пісьменнікаў і прадстаўнікоў ды прадстаўніцаў гуманітарнага поля. І ў першую чаргу — пад апалу трапіла тагачасная кіраўніца Беларускага ПЭНа, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, якая заўсёды адкрыта казала пра дзеянні ўладаў. Сусветнавядомая пісьменніца, у кватэру якой намагаліся трапіць сілавікі, была вымушана з’ехаць з краіны.

Ліквідацыя ў тры заходы

Урэшце, 2021-ы. Таццяна Нядбай прызнаецца, што з моманту агучвання ўладамі пагрозы «зачысткі» грамадзянскай супольнасці, яна разумела, што раней ці пазней рэпрэсіі закрануць і Беларускі ПЭН.

Але ўсё адно ўражвала, якім канвеерам усё ліквідоўвалася, — прызнаецца яна. — У чэрвені 2021-га мы атрымалі тры лісты з Міністэрства юстыцыі з просьбай прадаставіць дакументы — і мы ў вельмі кароткія тэрміны, на мяжы сваіх магчымасцей зрабілі гэта, — узнаўляе яна паслядоўнасць падзей. — Мы ўсе тры разы прынеслі неабходныя адказы, дакументы, а пасля здарыўся ператрус па нашым юрыдычным адрасе.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭНа, які Беларускі ПЭН атрымалі 22 ліпеня. Фота: facebook.com/niadbaj.

Трэцім захадам па нашай «зачыстцы» з боку ўладаў стаўся ўжо суд па пазове Міністэрства юстыцыі, — працягвае яна. — Было адчуванне, што дзеянні ўладаў рассінхранізаваныя, нібыта яны адразу запусцілі некалькі працэсаў, і кожнае ведамства намагалася перамагчы і выслужыцца найлепш.

Таццяна Нядбай лічыць, што Беларускі ПЭН са свайго боку зрабіў усё, каб давесці сваю рацыю.

На судзе, на мой погляд, мы адказалі на ўсе закіды, на ўсе абвінавачанні. Мы ўсе іх абверглі, аднак суд не прыняў ніводнага нашага аргумента, — распавядае яна. — І я спадзяюся, што ў бліжэйшы час мы апублікуем стэнаграму суда, яго рашэнне, каб усе маглі азнаёміцца з тым, як гэта ўсё адбывалася, — спадарыня Таццяна лічыць, што ў гэтым пытанні нельга было пакідаць нават фармальных падстаў для ліквідацыі арганізацыі. І Беларускі ПЭН прыклаў максімум намаганняў, каб давесці сваю пазіцыю.

Што будзе далей?

У верасні мы агучылі Маніфест няпэўнага часу, у якім выказалі сваё стаўленне да бягучай сітуацыі, — адзначае яна. – У ім сказана многае: гэта ў першую чаргу фіксацыя таго, што мы па-ранейшаму абапіраемся на гісторыю ПЭНа, на тыя прынцыпы, падмурак, даробак, якія былі зроблены, і далей працягваем дзейнасць. Фармальна мы ўтварылі ініцыятыўную групу па стварэнні новай арганізацыі, правялі ўстаноўчы сход і будзем рэгістраваць новую юрыдычную асобу. Сябры ліквідаванага Беларускага ПЭН-цэнтра могуць уступіць у новую арганізацыю – Беларускі ПЭН. На сёння цэнтр прыняцця рашэнняў знаходзіцца па-за межамі Беларусі, а каманду і чальцоў арганізацыі (у мэтах бяспекі) мы не можам называць публічна. Пры гэтым цэнтр прыкладання нашых дзеянняў і высілкаў, — падкрэслівае суразмоўца, — па-ранейшаму Беларусь. Людзі слова, якія могуць быць раскіданымі па ўсім свеце, але зацікаўленыя ў Беларусі. Беларуская культура і літаратура. Правы літаратараў, правы дзеячаў культуры. Мы тут сэрцам і розумам, — падсумоўвае спадарыня Таццяна.

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Фота: penbelarus.org.

На пытанне, навошта дзяржаве было рабіць ворагаў з арганізацый, якія лічыцца здабыткам і гонарам нацыі, яна адказвае.

Мне падаецца, што сёння мы ўсе ў закладніках у аднаго чалавека, які не можа дараваць нам страты свайго месца ў гісторыі. Калі б ён сышоў своечасова, то мог бы застацца ў гісторыі неадназначнай, але не самай злачыннай фігурай, такім сабе Несцеркам, хітраватым персанажам #давайпака з кнігі Пілецкага «Казкі па целефоне». Але тое, што адбылося ў 2020 годзе, змяніла да яго стаўленне назаўжды. І гэтага – выкрэсленага месца ў гісторыі, усвядомленага ім разумення, што яго не падтрымліваюць, кінутага яму ў твар «сыходзь» — ён не можа дараваць людзям. Гэта фрустрацыя і сляпая помста.

Сёння сайты Беларускага ПЭНа і Саюза беларускіх пісьменнікаў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі і адкрываюцца толькі за межамі Беларусі.

Ці можна забараніць слова?

«У перыяд крызісу і нявызначанасці Беларускі ПЭН лічыць галоўным крытэрыем прыналежнасць да беларускай культурнай супольнасці не тэрытарыяльны, а каштоўнасны«, — цытуе словы з Маніфеста смутнага часу Таццяна Нядбай.

* * *

З просьбай пракаментаваць ліквідацыю ўладамі дзвюх грамадскіх арганізацый ды значэнне гэтых структураў для беларускага грамадства мы звярнуліся да сябраў аб’яднанняў, супольнасці Людзей Слова ў асобах.

«Не думаю, што праўладны Саюз пісьменнікаў зможа запоўніць гэтыя лакуны»

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Фота: facebook.com/julia.cimafiejeva.

Юлія Цімафеева, паэтка, перакладчыца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Рады Беларускага ПЭНа:

Безумоўна, зачыстку сотняў грамадскіх арганізацый, у тым ліку літаратурных, можна лічыць ліквідацыяй усяго жывога і свабоднага духам. І тое, што за сяброўства ў такіх арганізацыях збіраюцца караць, яшчэ адно сведчанне, што дзяржаўная палітыка выключае нават намёк на вальнадумства і развіццё.

Безумоўна, фармальная ліквідацыя не дае аб’яднанням працаваць у легальным полі краіны, немагчымымі робяцца адкрытыя прэзентацыі, дыскусіі, уручэнні прэмій, арганізаваныя ПЭН-цэнтрам і СБП. Фактычна немагчымыя адукацыйныя праекты для моладзі, выданне кніг пад эгідай гэтых арганізацый, нават афішаванне сваёй прыналежнасці да такой арганізацыі можа пагражаць пазбаўленнем волі. Ад гэтага, безумоўна, найперш пакутуюць беларускія аматары і аматаркі літаратуры, а таксама самі аўтаркі і аўтары. Не думаю, што праўладны Саюз пісьменнікаў (калі хто не ведаў, у нас іх два), які цяпер як ніколі аддана падтрымлівае “палітыку партыі”, зможа нейкім чынам запоўніць гэтыя лакуны.

Але я хачу верыць, што дзейнасць “ліквідаваных” арганізацыяй усё роўна цалкам не спыніцца. Спадзяюся, яны знойдуць новыя фарматы для сваёй дзейнасці: у інтэрнэце ці недзе яшчэ. А для гэтай “перазагрузкі” патрэбны некаторы час. Але наколькі я ведаю, Беларускі ПЭН-цэнтр працягвае адзін са сваіх вельмі важных праектаў: маніторынг парушэння культурных правоў, займаецца іншымі справамі “ваеннага перыяду”. Спадзяюся, у наступным годзе мы пачуем пра новыя праекты і новыя кірункі дзейнасці, як Беларускага ПЭНа, гэтак і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

«Свободное слово невозможно запретить»

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Фота: facebook.com/olga.shparaga.

Вольга Шпарага, філосафка, актывістка, феміністка, сябра Рады Беларускага ПЭНу:

Значение беларусского ПЭН-центра сложно переоценить.Он был основан людьми, и сегодня объединяет людей, с которыми мы связываем современную беларусскую литературу, и благодаря которым беларусская культура опознается за пределами нашей страны. Очень важно также, что беларусский ПЭН-центр опирается на ценности, важнейшие из которых – взаимопонимание между людьми и различными сообществами, включая национальные, борьба «против любых проявлений ненависти» во имя «общечеловеческих идеалов мира и равенства». Думаю, эти ценности и позволяют и помогают беларусским авторкам и авторам солидаризироваться друг с другом и вместе продолжать борьбу за демократию в Беларуси.

Почему слово вдруг стало врагом? И можно ли запретить слово? Слова оппонентов Лукашенко стали опасными, потому что язык и слова самого Лукашенко и его окружения воспринимаются в беларусском обществе как лживые и оскорбительные. Они не выдерживают даже малейшей критики, поэтому для нее в буквальном смысле слова не осталось места в Беларуси.

Однако свободное слово невозможно запретить, оно является выражением стремления людей к свободе, взаимопомощи и справедливости. И чем более недемократическим становится государство, тем более высокую цену платят за свое стремление к свободе и справедливости люди, и особенно те, кто берет на себя функцию отстаивать свободу и справедливость в публичном пространстве.

«Гэта свайго роду помста ўсёй беларускай культуры»

"Мы тут і сэрцам, і розумам": Таццяна Нядбай пра вехі гісторыі Беларускага ПЭНа і СБП, пераслед за іншадумства ды нязменныя каштоўнасці
Фота: facebook.com/andrej.khadanovich.

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Рады Беларускага ПЭНа, старшыня Беларускага ПЭНа (2009-2017):

Пераслед творчых, пісьменніцкіх (і шмат якіх яшчэ) арганізацыяў з боку рэжыму – свайго роду помста ўсёй беларускай культуры, бо менавіта яна, беларуская культура, аказалася сімвалам мірных пратэстаў супраць гвалту, хлусні і беззаконнасці. Можна выгнаць пратэстоўцаў за мяжу або загнаць глыбока ў падполле, але нельга вярнуць любові і павагі да ўлады, калі яе ўжо няма. Думаю, гэта адчувае і рэжым – і таму мэтаскіравана знішчае ў Беларусі ўсё, што якраз карыстаецца любоўю і павагай людзей, што яшчэ здольнае аб’ядноўваць іх вакол сябе, робячы з насельніцтва – грамадства.

Што ж, Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Не думаю, што ў сённяшняй Беларусі ўвогуле ёсць нейкі суд і яго рашэнне нешта для некага значыць. А вось літаратура ў Беларусі была, ёсць і будзе — і «ліквідаваць» яе немагчыма.

* * * 

Спадабаўся матэрыял? Абмяркуй яго ў супольнасці Reform.by на Facebook!

* * *

Другие материалы проекта «Ликвидация»:

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: