“Купала. 12 адкрыццяў” – так называецца цыкл сустрэч, якія будзе ладзіць Музей Янкі Купалы з супрацоўнікамі ўстановы на працягу юбілейнага года народнага паэта Беларусі.
Сёння ў Музеі на першую сустрэчу запрашае галоўны захавальнік фондаў установы Надзея Саевіч.
– Як ніхто іншы [Надзея Саевіч] ведае Янку Купалу з першакрыніц, бо зберагае яго аўтографы, фотаздымкі і асабістыя рэчы – самыя каштоўныя фондавыя калекцыі, – запрашаюць на мерапрыемства музейшчыкі. – Падчас сустрэчы вы ўбачыце рукапісы і прыжыццёвыя выданні Янкі Купалы, унікальныя прадметы гардэроба паэта, пачуеце гісторыю і таямніцы самых цікавых музейных каштоўнасцей.
Сустрэчы будуць праходзіць у апошні чацвер кожнага месяца, і як анансуюць падзею ў сацсетках установы, “на працягу 12 месяцаў мы будзем распавядаць пра цікавыя старонкі з жыцця Янкі Купалы, разам з гасцямі наноў адкрываць паэтычны геній паэта, дзяліцца гісторыямі з жыцця музея”.
Гэтаксама Музей вывесіў анонс будучых мерапрыемстваў Купалаўскага года.
Так, установай рыхтуюцца новыя выставачныя праекты:
- “АўтоГРАФ” / “Αὐτόγραφον” – выстаўка аўтографаў Янкі Купалы і яго сяброў з фондаў музея і прыватных калекцый;
- “Класікі жартуюць. Гумар дзядзькі Янкі і дзядзькі Якуба” да 140-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа;
- “Спадчына 1922–2022” да 100-годдзя аднайменнага зборніка Янкі Купалы.
Плануюцца конкурсы, адмысловыя праграмы да Міжнароднага дня роднай мовы, Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.

Кульмінацыяй святкаванняў мусяць стаць Купалаўскія дні ў чэрвені і ліпені.
- 24.06 – Купальская ноч у Купалавым доме;
- 28.06 – Жальбіны на Вайсковых могілках у Мінску;
- 02.07 – свята паэзіі “Купала заўсёды ў сэрцы маім” у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Ляўкі”;
- 07.07 – урачыстая цырымонія ўскладання кветак “Палымянае слова паэта”;
- 09.07 – традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”.
– У Купалавай творчасці злучаліся найлепшыя здабыткі народнай паэзіі і еўрапейская літаратурная традыцыя. Янка Купала стаў выразнікам беларускага духу, яго слова аддана служыла адраджэнню Бацькаўшчыны. Сёння яно жыве ў нашай мове і ў нашых сэрцах, – запрашаюць далучацца да святкавання юбілею паэта супрацоўнікі музея.
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: