Сёння распачалася адна з самых насычаных эдыцый інтэлектуальнага фэсту – пасля Тбілісі і Кракава, форум завітаў у Варшаву. 18 і 19 чэрвеня PRADMOVA збірае гасцей і публіку на шматлікія імпрэзы ў Беларускім Моладзевым Хабе (plac Konstytucji, 6). Нагадаем, што ў кожным горадзе – свая, адметная праграма фестывалю.
У прыватнасці, у варшаўскай эдыцыі – шмат дыскусій на актуальныя тэмы. Сярод удзельнікаў і ўдзельніц – інтэлектуалы Беларусі і Польшчы: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Таццяна Заміроўская, Адам Міхнік, Славамір Серакоўскі, Саша Філіпенка. Яшчэ адна асаблівасць праграмы ў Варшаве – вялікая колькасць перфарматыўных і тэатральных імпрэз. Спектаклі, чыткі, перформансы – арганізатары парупіліся пра самыя розныя фарматы публічных выступаў.
Спынімся на тых івэнтах, якія, на нашу думку, нельга прапусціць.
Так, сёння а 14.00 Беларусі ПЭН запрашае на прэзентацыю кнігі ўспамінаў Карласа Шэрмана «Блуканец». Кніга выйшла напрыканцы 2020 года і ўяўляе сабой перадсмяротныя мемуары паэта, перакладчыка і грамадскага дзеяча Карласа Шэрмана, які дванаццаць гадоў працаваў на пасадзе віцэ-прэзідэнта Беларускага ПЭН-цэнтру ў знакавыя для Беларусі часы – з 1989 па 2001 год.
Дыскусія «Нацыянальны герой: гісторыя і/ці міф. Па матывах гістарычных асоб 16-17 ст.» з удзелам Міколы Волкава, Андрэя Радамана, Віктара Якубава – падзея з тых, што інтрыгуе. У яе межах таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі Міколы Волкава «Абрысы розныя: малюнкi i чарцяжы гетмана Януша Радзiвiла».
Сёння ж і час для надзённай і доўгачаканай дыскусіі «Культурны імперыялізм і вайна культур: ці магчымае супраціўленне?». Яе ўдзельнікі: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Таццяна Заміроўская, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч.
Таксама 18 чэрвеня адбудзецца прэзентацыя кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером» і «Белай Кнігі Правасуддзя» ад Прэс-клубу з удзелам прадстаўнікоў беларускіх медыя.
Першы дзень варшаўскай PRADMOVA завершыць паэтычны марафон – Ноч паэзіі. Свае і чужыя творы прачытаюць Уладзімір Лобач, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Дмитрий Строцев, Анхела Эспіноса.
Сярод цікавостак другога фестывальнага дня – круглы стол «Лісты да Сабак» з прадстаўнікамі незалежных беларускіх выдавецтваў і медыя – Алесем Аркушам, Надзеяй Белахвосцік, Яраславам Іванюком, Марыяй Мартысевіч, ды дыскусія «Літаратары і вайна» – у якой прымуць удзел Святлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Марэк Радзівон, Саша Філіпенка.
Заўтра гэтаксама адбудзецца цырымонія ўручэння Прэміі імя Алеся Адамовіча – 2021. Нагадаем, што штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭНа ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года.
Скончыцца другі дзень і ўвогуле фестываль у Варшаве вялікім гала-канцэртам беларускіх гуртоў і музыкаў. На закрыцці PRADMOVA выступяць Nizkiz, Tyapin CREW, DZIECIUKI, Юры Стыльскі («Дай дарогу!»), BOTANIC PROJECT, Аляксандр Памідораў, Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), Rahis.
Нагадаем, што сачыць за падзеямі фестывалю можна ў найпроставым эфіры. Арганізатары зладзілі прамую трансляцыю ў cваім фейсбуку.
Уваход на ўсе мерапрыемствы PRADMOVA вольны.
Падрабязней дазнацца пра праграму фэсту можна тут.
Наступны прыпынак падарожнага фестывалю інтэлектуальнай кнігі – Вільня – 25-26 чэрвеня.
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: