У жніўні ў мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў адкрыецца выстава па нашумелым праекце “Шэпт” Сяргея Лескеця – пра беларускіх бабулек-чараўніц.
Ідэя надаць даследаванню беларускага фатографа новае вымярэнне ўзнікла ў куратаркі выстаў, мастачкі Дзіны Даніловіч.
Як паведаміў Reform.by Сяргей Лескець, у новым прачытанні яго праекта будзе ўзмоцнены містычны складнік.
“Акцэнт будзе зроблены на працы з магічным словам. Тое, што слова матэрыялізуецца ў нейкае дзеянне, уздзеянне, што яно валодае такой амаль фізічнай сілай – тэма, якую мы паспрабуем развіць і паказаць праз розныя медыумы”, – падзяліўся фатограф.
Акрамя фота бабулек-чараўніц, якія Сяргей Лескець на працягу амаль дзесяцігоддзя рабіў, вандруючы па ўсёй Беларусі, на выставе будуць прадстаўлены відэа- і аўдыязапісы размоў з жанчынамі-знахаркамі, іх замовы, якія былі зафіксаваныя аўтарам.

Зараз для экспазіцыі збіраюцца зёлкі – стваральнікі выставачнага выказвання хацелі б задзейнічаць усе органы пачуццяў гледачоў для ўспрыняцця прасторы вясковай магіі. Тым больш, што зёлкі – гэта тое рэчыва, з якім працуюць бабулькі-траўніцы.
На выставе таксама будзе экспанавацца крывуля – частка дрэва, якая валодае магічнай сілай пераўтвараць звычайную ваду ў лекавую; лічылася “акенцам” у іншае вымярэнне.
“Каб вырашыць пэўныя задачы, бабулькі звярталіся ад рознага кшталту энергій, – дадае Сяргей Лескець. – Мы паспрабуем гэтыя энергіі візуальным чынам пазначыць”.
Натуральна, у прасторы выставы будзе ўзгадана і сама кніга беларускага фатографа “Шэпт”, у якой ён сабраў замовы чараўніц і свае ўражанні ад сустрэч з бабулямі – носьбітамі жывой, але знікаючай традыцыі. Вядома, што выданне, надрукаванае ў выдавецкай ініцыятыве Вільма з дапамогай Р. М. Цымберава, карыстаецца папулярнасцю і разыходзіцца з хуткасцю.

Адкрыццё выставы па праекце Сяргея Лескеця запланавана ў НЦСМ на 19 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: