Літаратурны часопіс «Мінкульт» шукае падтрымкі. Да завяршэння кампаніі па зборы сродкаў на новыя нумары засталіся лічаныя дні

Культура
На вокладцы "Мінкульта 6 – Падарожжа і Эміграцыя” Даніэль Дэфо сядзіць у чарзе эмігрантаў на выспе Амерыкі. Фота: facebook.com/minkulture.

«Часопіс супраць цэнзуры, супраць любых камітэтаў, якія спрабуюць кантраляваць мастацтва», — так пазіцыяніруе сябе ўнікальны самвыдатаўскі часопіс беларускай прозы «Мінкульт». Акурат зараз каманда выдання на чале з пісьменнікам і галоўным рэдактарам Сяргеем Календам завяршае працу над адразу двума новымі нумарамі, і звяртаецца па дапамагу да чытачоў для іх выдання.

Першы новы нумар прысвечаны “Падарожжам і эміграцыі”, другі – вайне ва Украіне.

«Апошнія гады, месяцы, тыдні, рэвалюцыя, каронавірус і вайна зрабілі мільёны людзей уцекачамі, бежанцамі, людзьмі, якія вымушаныя былі абіраць іншыя краіны для жыцця. Гісторыя кожнага – вартая быць агучанай, прачытанай, бо гэта наш агульны скарб, наш шанц пачаць вучыцца жыць без вайны і без турмы», — звяртаецца да актуальных і будучых чытачоў на старонцы выдання ў сацсетках Сяргей Календа.

«Тэксты, якія збіраюцца ў новыя нумары, афіцыйна і празрыста ніхто [ў Беларусі] надрукаваць не можа, — гэта гісторыі, якія могуць застацца ляжаць схаванымі ў стале і на дыску, але нам неабходна агучыць іх і паказаць усім, што і як адбываецца навокал», — падкрэслівае галоўны рэдактар часопіса беларускай прозы.

«Мінкульт», у даробку якога ўжо чатыры надрукаваныя нумары, заўжды стаяў на пазіцыях адкрытасці і прынцыповасці, намагаючыся наблізіць творы беларускіх аўтараў да чытачоў у самых розных кропках свету. «Мінкульт» чытаюць у Беларусі, Амерыцы, Нямеччыне, Польшчы…

«У кожнага нумара ёсць свой пісьменнік з падвокладкі: Букоўскі з бутэлькай, Хэмінгуэй з кубкам, Філіп Дзік у матрыцы, Джордж Оруэл у балаклаве. На Калядным часопісе Дыкенс напалмам паліць елку: гары яно гарам, як гавораць беларусы, — адзначае Сяргей Календа. — У “Мінкульта 6 – Падарожжа і Эміграцыя” Даніэль Дэфо сядзіць у чарзе эмігрантаў на выспе Амерыкі, а ў “Мінкульта 7 – Вайна” Тарас Шаўчэнка глядзіць на нас па-філасофску асуджальна і з цеплынёй».

Сёлета выданне часопіса ўскладнілася ў сувязі з пераездам з Мінска ў Вільню. Але важна, што каманда працягнула справу, нягледзячы на абставіны і «не лепшыя часы для культуры».

«Мінкульту» патрэбны сродкі, каб надрукавацца і аплаціць працу вярстальніка, дызайнера і рэдактара, а таксама выплаціць ганарары пісьменнікам, якія ўдзельнічаюць у стварэнні часопіса», — пазначае выданне свае патрэбы, звяртаючыся да грамады.

Зараз да завяршэння кампаніі па зборы сродкаў для выпуску новых нумараў засталіся лічаныя дні.

Нагадаем, што за мінулыя гады ў «Мінкульце» друкаваліся: Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Ілья Сін, Людміла Рублеўская, Лена Глекава, Павел Касцюкевіч, Андрэй Дзічэнка, Антось Уласенка, Віктар Марціновіч, Макс Шчур ды іншыя аўтары.

Дазнацца больш пра незалежнае выданне можна на сайце. Дапамагчы — тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: