Сёння сто гадоў з дня нараджэння жывапісца Альгерда Малішэўскага

Культура
Вуліца. Ціхі дзень. 1963. Фота: bis.nlb.by

Альгерд Малішэўскі (1922—1989) – беларускі мастак і выкладчык, які ігнараваў правілы сацыялістычнага рэалізму і выхоўваў такіх жа вольных жывапісцаў. Сёння яму споўнілася б сто гадоў.

Мастак захапляўся французскімі імпрэсіяністамі, Веранэзэ, Тыцыянам, Эль Грэка, Ван Гогам і асабліва Сезанам, ­– то-бок тымі, хто падначальваў колеру свае палотны і раствараў у ім форму. І ён рабіў гэтак жа.

Сёння сто гадоў з дня нараджэння жывапісца Альгерда Малішэўскага
Партрэт Грэты Лісоўскай. 1978. Фота: hvali.by

Альгерд Малішэўскі выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы з 1953 па 1981 год, вучыцца ў яго было прэстыжна, хоць і неверагодна складана.

Яго вучань Адам Глобус згадваў адну з размоў з настаўнікам у 1977 годзе.

«Ты кажаш — мы кепска жывём? У нас забараняюць фармальныя пошукі і мадэрнізм? У нас нельга пісаць абстрактныя карціны? Чуш сабачая! Ты не ведаеш, як яны могуць усё забараніць! Яны могуць забараніць не толькі Шагала з Далі, яны могуць забараніць нават згадку пра геніяльных мастакоў! Калі я вучыўся ў Харкаве, мой выкладчык жывапісу клікаў мяне ў калідор, аглядаўся, каб нікога не было побач, ціхенька даставаў паштоўку з карцінаю “Дэман” Міхаіла Урубеля і казаў: “Урубель — геніяльны мастак, геніяльны! Паглядзі, паглядзі…”

Я хвіліну разглядаў паштоўку, што ляжала на ягонай далоні. Паштоўка хавалася ў кішэню, і выкладчык хуценька сыходзіў. Ты ведаеш, як у яго трэслася рука з паштоўкаю? Ты ведаеш, які паўсюль быў страх? Не! Вось і не кажы, што табе нешта забараняюць і штосьці там не даюць зрабіць!” – казаў мне Альгерд. Так, і сапраўды страху ў паветры ўжо не было, але быў пыл застою. Паўсюль панаваў ілжывы кансерватызм з лісліваю лаяльнасцю да геранталагічнай улады. Камуністы ўжо здагадаліся, што камунізм на зямлі не пабудуецца, што іх ідэя падобная да пабудовы Вавілонскай вежы. Але разважаць на такія тэмы можна было толькі ў пустым калідоры».

Сёння сто гадоў з дня нараджэння жывапісца Альгерда Малішэўскага
Партрэт Марыі Мельячэнка,1975. Фота: wiki.bobr.by

У гэтых умовах ілжывага кансерватызму Альгерд Малішэўскі займаўся жывапіснымі пошукамі па ўзоры французскіх экспрэсіяністаў, то-бок ствараў для нас беларускі варыянт мадэрнісцкага мастацтва.

А таксама стаў ідэолагам «Нямігі-17» (1986–2006) – аднаго з самых яркіх мастацкіх аб`яднанняў, творцы якога вырушылі ў вольны жывапісны эксперымент.

Сёння сто гадоў з дня нараджэння жывапісца Альгерда Малішэўскага
Партрэт Арлена Кашкурэвіча. 1968. Фота: hvali.by

Летам гэтага года ў Палацы мастацтва зладзілі выставу «Альгерд Малішэўскі. Эпоха» да стагоддзя майстра, паказалі яго карціны з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і сямейнага збору Эліны Малішэўскай, а таксама творы зорных вучняў, сярод якіх Зоя Літвінава, Святлана Каткова, Георгій Скрыпнічэнка, Мікалай Селяшчук, Алег Маціевіч, Уладзімір Гардзенка, Міхась Рагалевіч, Васіль Сумараў, Генадзь Козел, Уладзіслаў Куфко і Сяргей Малішэўскі, сын майстра, што нечакана пайшоў з жыцця ў лютым 2020-га… На выставе было вельмі выразна бачна, наколькі яго вучні – непадобныя адно да аднаго яркія індывідуальнасці з унікальным творчым шляхам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: