У Варшаве адкрываецца «Найвышэйшая форма мастацтва» – выстава пра беларускую прапаганду

Культура
Ала Савашэвіч. Поза. Пазіцыя. Спосаб. Відэа. 2019. facebook.com/adam.panczuk.

У галерэі «Promocyjna» Варшаўскага Дома Культуры «Staromiejski» сёння распачне працу выстава з удзелам трох беларускіх мастакоў ­– Глеба Бурнашава, Ігара Ганчарука і Алы Савашэвіч.

Куратарам праекта з’яўляецца Адам Панчук, адзін з арганізатараў інтэрнацыянальнага калектыву ўсходне- і цэнтральнаеўрапейскіх фатографаў Sputnik Photos.

Праекты з гэтай выставы ўпершыню былі паказаны на Месяцы фатаграфіі ў Кракаве гэтым летам.

У назве экспазіцыі – «Найвышэйшая форма мастацтва» – польскі куратар абыгрывае словы Аляксандра Лукашэнкі, што тычацца прапаганды: «Пранікненне ў душы і розумы – гэта самая складаная форма мастацтва».

«У кантэксце прац, паказаных на выставе, словы беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі набываюць літаральны сэнс, – тлумачыць Адам Панчук сваю канцэпцыю. – Яго «мастацкая практыка» складаецца з прымітыўнай прапаганды, беспадстаўных арыштаў, катаванняў, працоўных лагераў і «знікнення» людзей, прызнаных ворагамі краіны. Прадстаўленыя працы — гэта форма бунту і пратэсту. Асабістая рэвалюцыя, маніфест і спроба адсячэння ад злачыннай сістэмы».

Тры аўтары спрабуюць прааналізаваць метады прапаганды рознымі мастацкімі сродкамі.

Ігар Ганчарук выкарыстоўвае «знойдзеныя» фатаграфічныя вобразы. «Маленькі абаронца» – калекцыя фатаграфій, сабраных мастаком у сацыяльных сетках. На іх зусім маленькія дзеці апрануты ў ваенную форму і ўзброеныя пластыкавымі вінтоўкамі. Бацькі здымалі іх на фоне танкаў, парадаў, часам могілак часоў Другой сусветнай вайны.

У Варшаве адкрываецца «Найвышэйшая форма мастацтва» – выстава пра беларускую прапаганду
Ігар Ганчарук. З праекта «Маленькі абаронца». facebook.com/adam.panczuk.

У сваім другім праекце – «Прыручаны гвалт» – аўтар таксама выкарыстаў знойдзеныя ў інтэрнэце фатаграфіі. У сацыяльных сетках шмат аматарскіх фотаздымкаў, аўтары якіх інсцэніруюць сцэны гвалту. Падлеткі робяць выгляд, што пераразаюць горла сябру, мужчыны  – адсякаюць галаву, хтосьці ўтыкае ў сэрца нож, гледзячы ў аб’ектыў камеры.

З аднаго боку, гэта проста жаданне сабраць «лайкі», з іншага – як мяркуе Ігар Ганчарук – гэтыя абодва праекты, абедзве практыкі найперш пра гісторыю гвалту, які пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве, а потым становіцца мовай палітыкі і спосабам ажыццяўлення ўлады.

Нездарма аўтар раздрукоўвае вялізныя фатаграфіі рабочых калектываў, на якіх людзі з застылымі тварамі слухаюць афіцыйныя тэлевізійныя выступы на сваіх працоўных месцах.

Наступны ўдзельнік выставы Глеб Бурнашаў паказвае інсталяцыю «Рытуал віны і сораму Рэспублікі». Гэта савецкая дошка гонару, дзе замест фатаграфій розных стаханаўцаў дэманструюцца «пакаянныя» відэа пратэстоўцаў. Шмат змушаных прабачэнняў прайграецца адначасова, і таму гук становіцца невыразным.

У Варшаве адкрываецца «Найвышэйшая форма мастацтва» – выстава пра беларускую прапаганду
Глеб Бурнашаў. Інсталяцыя «Рытуал віны і сораму Рэспублікі». Фрагмент. 2022. Фота аўтара.

«Я хацеў увесці элемент вызвалення, – тлумачыць Глеб. ­– Адначасова прайграецца шмат відэасюжэтаў — яны ўключаюцца паралельна, дзякуючы чаму немагчыма разабраць, што кажа канкрэтны чалавек. Усе гэтыя прабачэнні на камеру ператвараюцца ў шум і такім чынам дэвальвуюцца. Таксама відаць маштаб, гэтыя людзі не адзінокія, пратэсны рух не меншае, ён ёсць. А траўма становіцца прывіднай і ілюзорнай».

Яшчэ адзін праект гэтага аўтара – «Партрэт пратэстоўцаў». Гэта апрацаваны нейрасеткай зборны партрэт больш васьмі тысяч удзельнікаў пратэстаў. «Я вырашыў падсвяціць аспект, пра які мала хто гаварыў – выгаранне людзей, якія знаходзіліся ў пратэсным руху,расказвае Глеб Бурнашаў пра сваю ідэю. – Ты выходзіш, пратэстуеш, заражаешся энергіяй, а потым цэлы тыдзень навіны бязлітасна ўтоптваюць цябе ў зямлю ботамі маёра. І тая энергія нянавісці і пачуццё несправядлівасці – гэта дастаткова складаныя перажыванні, і многія людзі не ведаюць, што з ёй рабіць. Таму я спаліў гэты партрэт, каб літаральна паказаць, як людзі выгараюць знутры».

Трэцяя ўдзельніца выставы – Ала Савашэвіч – паказвае відэа «Поза. Пазіцыя. Спосаб». На нагах у мастачкі белыя панчохі і чырвоныя туфлі на высокім абцасе. Аднак абцас мае форму савецкай зоркі і пры кожным кроку востры кончык гэтай зоркі ўтыкаецца ў пятку.

Таталітарнае мінулае катастрафічна перашкаджае нам рухацца. «Нашы крокі дробныя і балючыя, – тлумачыць сваю задуму Ала. ­– Мы ідзем наперад, нягледзячы на боль».

Фотаграфія, відэа, інсталяцыя – халодныя прылады сучаснага мастацтва. Таго мастацтва, якое не прапануе простых шляхоў вырашэння складаных пытанняў.

Інструментам мастакоўскіх выказванняў з’яўляюцца вобразы, якія выкрываюць гвалт, паказваюць, як працуе рэжым, і якія заклікаюць нас не здавацца.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: