Сёння Дзень сцяга і герба – згадаем іх гісторыю

Главное

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет 12-га склікання зацвердзіў дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Напярэдадні прыняцця гэтага рашэння ў вестыбюлі Вярхоўнага Савета група мастакоў арганізавала выставу пад умоўнай назвай «Герб і сцяг», сабраўшы экспанаты з музеяў і прыватных збораў.

Яе мэтай было пераканаць дэпутатаў у беларускім і славянскім генезісе «Пагоні», каб пераадолець стэрэатып наконт яе нібыта літоўскага паходжання. Гэта было лёгка даказаць, бо ў якасці дзяржаўнага герба Вялікага Княства Літоўскага гэты герб пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выява «Пагоні» была абавязковым атрыбутам дзяржаўных дакументаў тагачаснай Беларусі, у тым ліку «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў», а таксама змяшчалася на сцягах ва ўсіх вырашальных бітвах Вялікага Княства Літоўскага.

Бел-чырвона-белы сцяг распрацаваў у 1917 годзе Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Аўтар прытрымліваўся геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сцяг  – белы конь на чырвоным фоне з срэбным (белым) шчытом.

У нацыянальнага сцяга ёсць прататыпы: у знакамітай карціне «Бітва пад Оршай» (пра падзеі 1514 года) вялікалітоўская кавалерыя карысталася сцягам Святога Юр’я — чырвоны крыж на белым палотнішчы. Дзеячы адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 года пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай.  Верагодна, што падчас паўстання 1863–1864 гадоў выкарыстоўваўся бел-чырвона-белы сцяг, бо ў Віленскім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца трыкутны сцяжок тых часоў, на якім пасярэдзіне белага поля праведзена чырвоная паласа.

Пасля таго, як герб і сцяг былі зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў, неабходна было стварыць іх эталоны.

4 кастрычніка 1991 года была сфарміраваная спецыяльная Камісія пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі дзяржаўнай сімволікі. Туды ўвайшлі больш за 20 чалавек: гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы і геральдысты. Камісію ўзначаліў дэпутат Алег Трусаў.

«Кожны этап стварэння эскізаў ды ідэй абмяркоўваўся на камісіі, даваліся парады, нешта адхілялася, узгаднялася… Але непасрэдна, так бы мовіць, аралі тры мастакіЯўген КулікМікола КупаваУладзімір Крукоўскі. Шмат было энтузіястаў, якія прыносілі ўласныя эскізы ды ідэі. Там жа вельмі складаная сітуацыя, бо сам малюнак складаны па сваёй канфігурацыі. Упісаць яго гарманічна ў шчыт менавіта такой формы аказалася складана. Важна, каб было запаўненне малюнкам каня і рыцара! Таму ўзнікалі пытанні, якім павінен быць меч, якая павінна быць грыва ў каня, гунька пад сядлом, што павінна быць на рыцары — панцыр ці кальчуга, карацей процьма дэталяў», – згадваў адзін са стваральнікаў эталону Уладзімір Крукоўскі.

За тры месяцы працы было зроблена каля паўтары сотні эскізаў.

За аснову герба быў узяты варыянт грунвальдскай «Пагоні», бо мастакі-распрацоўшчыкі герба, Яўген Кулік і Уладзімір Крукоўскі, вырашылі спыніцца на готыцы. «Гэтая мастацкая плынь супадае па часу з такой вяршыняй славы беларускай дзяржавы, як Грунвальдская бітва. «Пагоня» ўсё ж баявы герб»,патлумачыў Крукоўскі.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да рэферэндуму 14 мая 1995 года.

Сёння Дзень сцяга і герба – згадаем іх гісторыю
Герб «Пагоня» здымаюць з Дома ўрада, кадр з відэа. Фота: euroradio.fm

Па выніках рэферэндума «Пагоню» знялі з Дома ўрада з дапамогай крана, яна некалькі гадоў праляжала ў дварах на зямлі. Бел-чырвона-белы сцяг з даху будынка на плошчы Незалежнасці быў зняты 16 мая і разарваны на сувеніры.

Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі нацыянальнымі сімваламі пратэсту, а ў 2020 годзе  і сімваламі беларускай рэвалюцыі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: