У Музеі гісторыі беларускага кіно пройдзе персанальная рэтраспектыва Алеся Адамовіча

Культура
Алесь Адамовіч (у цэнтры) на здымках "Ідзі і глядзі". Фота: www.nlb.by.

Паказ дакументальных і ігравых стужак па сцэнарыях вядомага беларускага пісьменніка-гуманіста Алеся Адамовіча прымеркаваны да 95-годдзя аўтара.

У праграме рэтраспектывы Музея, зладжанай з кінастудыяй «Беларусьфільм» — рэдкія дакументальныя стужкі: «Хатынь, 5 км» (1969) у рэжысуры Ігара Калоўскага, «Жанчына з забітай вёскі» (1975), «Жменя пяску» (1975), «Нямы крык» (1975), — створаныя Алесем Адамовічам разам з рэжысёрам Віктарам Дашуком. Апошнія тры, што з’яўляюцца часткай цыклу «Я з вогненнай вёскі», заснаваныя на маналогах людзей, якія выжылі ў часы акупацыі і карных аперацый на тэрыторыі Беларусі.

Гэтаксама будуць паказаны і слынныя ігравыя карціны па сцэнарыях аўтара: «Вайна пад дахамі» (1967), «Сыны сыходзяць у бой» (1969) — так званая дылогія «Партызаны», што нарадзілася ў супрацоўніцтве з Віктарам Туравым.

Кульмінацыяй рэтраспектывы стане кіно, якое здабыла міравую славу яго аўтарам, — «Ідзі і глядзі» (1985) у пастаноўцы Элема Клімава па «Хатынскай аповесці» і «Карніках».

Сучаснае кінаўвасабленне рамана «Нямы» беларускага пісьменніка (сцэнарый па ім Адамовіч напісаў яшчэ ў 1993 годзе) прапануе стужка Міхаіла Сегала «Франц+Паліна» (2004). Дарэчы, акрамя іншых узнагарод карціна атрымала прыз за лепшы дэбют і аператарскую працу на Мінскім международным кінафестывалі «Лістапад» у 2006 годзе.

Новы погляд на канцэпцыю ваеннай літаратуры Алесь Адамовіч тлумачыў так: «Ну, так рабіце звышлітаратуру!» — заклікаў ён сучаснікаў-пісьменнікаў. Кінематаграфічная спадчына Адамовіча не меней важкая — фільм «Ідзі і глядзі», зняты па яго творах і сцэнарыі, вывеў беларускае кіно на новы ўзровень: без «звышлітаратуры» Адамовіча не было б «звышкіно» Клімава.

Важна дадаць, што ўсёй сваёй дзейнасцю — і літаратурнай, і грамадскай — Алесь Адамовіч сцвярджаў прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей. Неабходнасць дэмакратычных перамен, захавання дзяржаўнага суверэнітэту, духоўна-культурнага адраджэння беларускай нацыі — за гэтыя каштоўнасці пісьменнік і публіцыст замагаўся ўсё жыццё.

Даты рэтраспектывы: 23-25 верасня. Падрабязней тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: