«Я ўпісалася ў гэта з цікавасці»: беларускі кінакрытык Ірэна Кацяловіч — пра журэнне ў амерыканскай прэміі «Залаты глобус»

Главное
Фота: Helge Brekke, фейсбук Ірэны Кацяловіч.

У журы 80-й амерыканскай прэміі «Залаты глобус» увайшла беларуская культурная журналістка і кінакрытык, сябра Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI Ірэна Кацяловіч.

Пра тое, якім чынам беларуская аўтарка, вядомая па культурных праграмах і сюжэтах на тэлеканале «Белсат», тэкстах пра кіно ў розных выданнях, увайшла ў склад журы адной са старэйшых кінаўзнагарод Галівуда, яна распавяла Reform.by.

Адзначым, што амерыканская прэмія «Залаты Глобус», якая прысуджаецца Галівудскай асацыяцыяй замежнай прэсы з 1944 года за працы ў кінафільмах і тэлевізійных карцінах і лічыцца своеасаблівай рэпетыцыяй «Оскара», у пазамінулым годзе трапіла пад прыцэл крытыкі кінематаграфістаў. Гэту тэму мы таксама не абмінулі ў кароткай бяседзе.

"Я ўпісалася ў гэта з цікавасці": беларускі кінакрытык Ірэна Кацяловіч - пра журэнне ў амерыканскай прэміі "Залаты глобус"
Ірэна Кацяловіч на старонцы ўзнагароды.

Ірэна, ты зараз у складзе журы вядомай прэміі «Залаты глобус». Як гэта здарылася? З аднаго боку, гэта вельмі прэстыжна, з іншага — цябе не засмуцілі скандалы вакол узнагароды, якія ўздымаліся апошнія гады?

— Перад 80-й эдыцыяй “Залатога глобуса” Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы (скарочана — HFPA — заўв. Reform.by), якая прысуджае прэмію, задалася мэтаю значна павялічыць склад журы дзеля, як я прачытала ў адным з лістоў, “бесперапыннай дыверсіфікацыі і росту колькасці галасоў”. Апошнім часам “Залаты глобус”, сапраўды, досыць брутальна крытыкавалі за аднастайнасць тых, хто вызначае пераможцаў адной з найбуйнейшых прэмій у свеце вялікага камерцыйнага кіно. У прыватнасці, вызначылася, што сярод прыкладна ста сябраў асацыяцыі няма ніводнага чарнаскурага чалавека. Такім чынам, HFPA звярнулася ў тым ліку да Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI, сябрам якой я з’яўляюся, у пошуку новых галасоў.

Як гэта адбывалася?

— Выбіралі сярод тых, хто выказаў зацікаўленасць, – а я выказала. Мне на пошту прыйшло пацверджанне са стосам прымацаваных дакументаў, якія трэба было ці прачытаць, ці падпісаць. Як аказалася, асацыяцыя дадала 103 новых сябра журы і ў прэс-рэлізе ў працэнтах распісала, колькі сярод іх лацінаамерыканцаў, чорных, азіятаў і так далей.

Чаму ты асабіста пагадзілася на прапанову?

— Я ўпісалася ў гэта з цікавасці, як будзе арганізавана праца і якія мне давядзецца паглядзець фільмы.

Агулам я аддаю перавагу іншаму, чым вялікі галівудскі прадукт, кіно, але любая, нават прывідная магчымасць знайсці для сябе нешта экстраардынарнае хіба вартая ўвагі. З аднаго боку журэнне – гэта значны кавалак неаплочвальнай працы, але з іншага, бывае, ты завяршаеш яе з каштоўнымі знаходкамі і з гэтымі сцэнамі ў галаве ходзіш яшчэ месяцамі.

Як зараз ідзе праца? Колькі фільмаў мусіш праглядзець?

— Цяпер я атрыміваю мэйлы ад студый і ўладальнікаў правоў, дзе мне прадастаўляецца доступ да анлайн-праглядаў. Мне нават цяжка пакуль ацаніць, колькі фільмаў трэба паглядзець, бо, па-мойму, я нават не дала рады прачытаць усе мэйлы.

Ты паедзеш у Галівуд на «Залаты глобус»?

— На ўручэнне “Залатога глобуса” я не запрошана, але арганізатары плануюць зладзіць нейкія імпрэзы ў Еўропе.

Ірэна Кацяловіч з’яўляецца сябрай Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI з 2017 года. Яна ўваходзіла ў склад журы кінапрэсы на фестывалях у Беларусі, Польшы, Харватыі, Германіі. Толькі нядаўна кінакрытык прадстаўляла беларускія незалежныя карціны на Днях беларускага кіно ў Нарвегіі.

Амерыканская прэмія «Залаты Глобус» уручаецца ў студзені ў трынаццаці намінацыях для мастацкіх паўнаметражных фільмаў, і ў дванаццаці — для тэлевізійных прац. Летась яе ўладальнікамі сталі вэстэрн «Улада сабакі» Джэйн Кэмпіён, мюзікл «Вестсайдская гісторыя» Сцівена Спілберга, меладрама «Сядай за руль маёй машыны» Рюсукэ Хамагуці, «Дзюна» Дэні Вільнёва, акцёры Ніколь Кідман, Уіл Сміт, Кейт Уінслет, Майкл Кітан, іншыя артысты. У 2022 годзе прэмія праходзіла ў закрытым фармаце, тыдзень таму канал NBC аб’явіў аб вяртанні трансляцыі цырымоніі «Залатога глобуса» — яна пройдзе ў найпроставым эфіры ўначы з 10 на 11 студзеня 2023 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: