«Беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Чэхіі»: журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну

Главное
Алена Ціхановіч. Фота: архіў Алены Ціхановіч.

У гэту суботу, 22 кастрычніка, у Празе прайшоў Першы з’езд беларусаў Чэхіі. Ён адбыўся пад патранатам мэра чэшскай сталіцы ў памяшканні пражскага магістрату.

Беларуская дыяспара ў Чэхіі мае вельмі даўнія традыцыі, што фіксуюцца яшчэ з часоў Скарыны і ўмацаваны кіраўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 20-х гадах ХХ стагоддзя, якія атрымалі тут прытулак. У Чэхіі навучаецца шмат беларускіх студэнтаў, а з 2020 года краіна прыняла мноства ўцекачоў, у тым ліку па праграме Medevac, якая займаецца медычнай эвакуацыяй параненых з краін, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы. Апошняя вайна ўсё змяніла, найперш – стаўленне да беларусаў у гэтай краіне. Як выправіць сітуацыю? Як наладзіць камунікацыю паміж старой і новай эміграцыяй? Як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць? Пра ўсе гэтыя пытанні мы паразмаўлялі з прадстаўніцай беларускай нацыянальнай меншасці ва Урадавай Радзе ў справах нацменшасцей Аленай Ціхановіч.

 

– Ці гэты з’езд беларусаў Чэхіі сапраўды з’яўляецца першым? Бо гісторыя тутэйшай эміграцыі вельмі даўняя…

– Чэшскія беларусы падобныя сходы «за бацькаўшчыну» праводзілі і сто гадоў таму. Аднак яны не называліся з’ездамі. Так што наш з’езд сапраўды першы.

– У чым была патрэба яго правядзення?

– Сышлося некалькі фактараў. Першы з іх –­ нас стала больш. Пры перапісе насельніцтва ў Чэхіі 2021 года (ён праводзіцца раз на 10 гадоў) 5129 чалавек назваліся беларусамі. У параўнанні з 2011 годам, дзе беларусамі назвалі сябе 2013 чалавек, бачым значны прырост.

А паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў, беларусаў тут больш за 8 тысяч. Пасля падзей 2020 года прыехала так шмат людзей, што з’явілася неабходнасць навязваць лучнасць паміж старой і новай дыяспарамі, бо тыя, што эмігравалі нядаўна, маюць патрэбу ў інфармацыі і падтрымцы.

Таму на з’ездзе мы зрабілі такі «парад арганізацый» – прэзентавалі ўсё ініцыятывы і аб’яднанні, якія тут дзейнічаюць.

Другі фактар: пасля пачатку вайны ва Украіне змянілася стаўленне да беларусаў у Чэхіі. Раней мы адчувалі салідарную падтрымку і ад ураду, і ад грамадства. На афіцыйных будынках, у вокнах дамоў вывешваліся беларускія сцягі. Падчас вайны ўсе сцягі змяніліся на ўкраінскія, таксама былі прынятыя законы, якія тут называюць Lex Ukrajina. Паводле іх, у адносінах да грамадзян Расійскай Федэрацыі ўводзіліся візавыя санкцыі і іншыя абмежаванні, а пасля дадалася і Беларусь, якая была абвешчана суагрэсарам. Абмежаванні закранулі не толькі турыстычныя ці працоўныя візы для беларусаў, якія цяпер не могуць прыехаць у Чэхію, але і студэнтаў. Прычым як тых, што тут вучацца на так званых «крытычных» спецыяльнасцях, так і тых, што толькі паступілі і яшчэ не прыехалі з Беларусі. Пакуль што ўдалося дамагчыся невялікіх выключэнняў для выпадкаў уз’яднання сем’яў ці пераследаваных асобаў. Таксама студэнты змогуць патрапіць у Чэхію пры ўмове, што будуць мець міжнародную або чэшскую стыпендыі.

«Беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Чэхіі»: журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну
На Першым з’ездзе беларусаў Чэхіі. Фота: SN.

–  Што вы абмяркоўвалі на з’ездзе і якія галоўныя вынікі?

– Мы прынялі палітычную рэзалюцыю па Украіне, у якой выказалі з ёй салідарнасць і дэкларавалі падтрымку ўкраінскім уцекачам і  беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны. У гэтым жа звароце ўтрымліваецца прапанова да чэшскага парламента з просьбай  прызнаць Беларусь акупаванай краінай, а Расію – тэрарыстычнай дзяржавай.

Што датычыць жыцця беларускай дыяспары, то мы гаварылі найперш пра тое, як беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім  жыцці Чэхіі. І ў палітычным таксама. Напрыклад, Андрэй Рамашэўскі, які ўваходзіць у Раду Пардубіцкага краю, падзяліўся сваім вопытам удзелу ў выбарах і ў партыйным жыцці.

Напрыклад, Іна Васілеўская ў сваім выступе расказала, як дамаглася, каб чэшскі парламент пачаў пераглядаць Закон пра замежнікаў. Яна змагаецца за тое, каб дзеці замежнікаў, якія легальна працуюць у Чэхіі, мелі права на такі ж тып медыцынскага страхавання, што і чэшскія дзеці.

Шмат гаварылася пра развіццё культуры і вывучэнне мовы. Гэта была тэма Паўла Котава. Мы зноў вярнуліся да праекта беларускай нядзельнай школы. Таксама паўстала пытанне вывучэння мовы для дарослых. Бо некаторыя нашы землякі, што прыйшлі на з’езд, упершыню апынуліся ў такой вялікай грамадзе людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Усе, хто прамаўляў на з’ездзе па-руску, вельмі саромеліся гэтага і выбачаліся. Жаданне камунікаваць па-беларуску вялікае, таму мы вырашалі, у якім фармаце мы можам задаволіць патрэбу ў засваенні беларускай мовы і для дзяцей, і для дарослых.

Таксама разважалі пра тое, як нам больш актыўна выкарыстоўваць статус нацыянальнай меншасці, які належыць беларусам амаль дзесяць гадоў. Прадстаўнікі беларускай дыяспары з Германіі, якія да нас прыехалі, вельмі нам з гэтай прычыны зайздросцілі, бо мы маем права карыстацца дзяржаўнай падтрымкай пры рэалізацыі праектаў, скіраваных на развіццё сваіх традыцый, мовы і культуры.

– Што яшчэ дае гэты статус?

– Беларусы могуць мець свайго прадстаўніка ў камітэтах  па справах нацменшасцяў. Напрыклад, Крысціна Шыянок прадстаўляе беларускую меншасць пры пражскім магістраце, а ява Урадавай Радзе ў справах нацменшасцяў. Наша пазіцыя ўлічваецца ў прыняцці рашэнняў, звязаных з жыццём нацыянальных меншасцяў, мы таксама можам  прапаноўваць заканадаўчыя ініцыятывы ў гэтай галіне.

Гэты статус дае магчымасць рэалізоўваць свае правы, гарантаваныя спецыяльным законам: права на аб’яднанне па нацыянальным прынцыпе (не тое што суполку, нават партыю можна стварыць), права на падтрымку і развіццё культуры, права на пашырэнне інфармацыі на сваёй мове, права на перадачу імя і прозвішча  згодна нацыянальнай традыцыі. Гэта праблема тут насамрэч многіх хвалюе, бо калі людзі афармляюць чэшскія дакументы, узнікаюць праблемы ці несупадзенні ў напісанні імёнаў і прозвішчаў. Таму на з’ездзе ад цэху перакладчыкаў выступіла Вераніка Бяльковіч, якая патлумачыла, што трэба рабіць, каб у чэшскіх дакументах было імя ў той форме, якая перадае нацыянальную ідэнтычнасць.

– Вы – прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці ва Урадавай Радзе, якія пытанні вы там уздымаеце?

– Так, мы маем магчымасць прапаноўваць заканадаўчыя ініцыятывы, напрыклад, адразу пасля пачатку вайны на Радзе я звярнула ўвагу на сітуацыю беларусаў, якія апынуліся фактычна ў ролі «двайных уцекачоў» і ўнесла прапанову, каб у рыхтаваным законе пра дачасную абарону такое права было гарантаванае і беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ва Украіне з прычыны пераследу ці пагрозы пераследу. Аднак працэс прыняцца законаў гэта вельмі складаны механізм, бо ў яго ўлучаюцца не толькі чэшскія палітычныя і ўрадавыя структуры, але і так званыя еўрапейскія дырэктывы.

– Якія самыя значныя культурніцкія ініцыятывы, інстытуцыі маюць беларусы ў Чэхіі?

– Мы тут маем амаль усё: і сваю клубоўню, і сваю амбасаду культуры, і танцавальнае таварыства, а нядаўна быў закладзены Беларускі інстытут у Празе.

У 2020-м у Брне, як супольны чэшска-беларускі праект, з’явілася Амбасада незалежнай беларускай культуры – ці Анбелкульт. Амбасадарам стаў перакладчык Сяргей Сматрычэнка. Сфера дзейнасці Анбелкульту – прэзентацыя кніг і перакладаў, літаратурныя сустрэчы, творчыя рэзідэнцыі для беларускіх літаратараў. На жаль, апошнюю магчымасць анулявала вайна.

«Беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Чэхіі»: журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну
Стэнд Анбелькульту на пражскім кірмашы «Свет кнігі» ў 2021 годзе. Фота прадастаўлена Аленай Ціхановіч.

Працуе Беларуская клубоўня, яе заснавала і вядзе суполка «Пагоня». Пры клубоўні адкрытая бібліятэка імя Ларысы Геніюш. Праходзяць сустрэчы, дыскусіі. І здаецца мне, што вядомыя літаратары выступаюць цяпер тут часцей, чым у Беларусі. Апошнім госцем клубоўні быў малады беларускі аўтар Аляксандр Чарнуха, які напісаў раман-памфлет «Свінні».

Суполка «Скарына» – адна з першых суполак, закладзеная яшчэ ў 1997 годзе, – займаецца асветніцка-культурнымі праектамі, найчасцей звязанымі з імем Скарыны. У гэтым годзе было 505 гадоў з дня выхаду Скарынавай Бібліі.  Да гэтага дня спланавалі нефармальную акцыю-хэпенінг. Каля помніка Скарыну наладзілі абмен беларускімі кніжкамі. Запрасілі і выдавецтва «Вясна», якое выдае беларускія кнігі ў Празе.

– Заўважна тое, што культурных ініцыятыў у Чэхіі сапраўды больш, чым у Беларусі…

Бо многія з нас прыехалі ў Чэхію на год-два, а засталіся на ўсё жыццё. І з часам прыйшло разуменне, што Беларусь жыве там, дзе жывуць беларусы…

– Наколькі ўшанаваная ў Празе памяць пра вядомую эмігрантку – паэтку Ларысу Геніюш?

– Да стогадовага юбілею Ларысы Геніюш мы планавалі ўсталяваць дошку на доме, дзе яна жыла, па вуліцы Heřmanova, 7 у Празе. Быў праведзены міжнародны конкурс для беларускіх скульптараў. Журы выбрала праект Геніка Лойкі. Пакуль ішоў конкурс, адлівалася і дастаўляліся дошка, гаспадар дому нечакана адклікаў сваю згоду. Беларусы пачалі пісаць звароты, у тым ліку і да мэра Прагі, і да чэшскага прэзідэнта, але права прыватнай уласнасці тут непарушнае, таму гэтыя звароты ні да чога не прывялі. Аднак мы шукаем іншыя варыянты, сярод іх, напрыклад, усталяваць памятную дошку разам з інфармацыйным стэндам у Музеі памяці ХХ стагоддзя, які толькі ствараецца.

«Беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Чэхіі»: журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну
Мемарыяльная дошка ў гонар Ларысы Геніюш. Аўтар — Генік Лойка. Фота прадастаўлена Аленай Ціхановіч.

Мы ладзім экскурсіі, звязаныя з імем Ларысы Геніюш, не толькі ў Празе, але і ў горад Вімперк, дзе Геніюшы былі зняволеныя ў 1948 годзе, калі іх арыштавалі на запыт СССР. Мы выдалі пераклад яе мемуараў, кнігі «Споведзь», на чэшскую мову. Важна  правесці рэабілітацыю Геніюш, бо яна — асоба, якая адважна супрацьстаяла таталітарызму, не мусіць несці сваё пакаранне вечна. Мы цяпер кансультуемся з чэшскімі органамі, ці можна перагледзець рашэнне пра скасаванне чэхаславацкага грамадзянства Ларысе і Яну Геніюшам. Разам з іх унукам, Міхасём, зрабілі пэўныя крокі і чакаем, што вырашаць адпаведныя чэшскія органы.

«Беларусы могуць больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Чэхіі»: журналістка Алена Ціхановіч – пра галоўную задачу эміграцыі і альтэрнатыўную краіну
Пераклад на чэшскую мову «Споведзі» Ларысы Геніюш. Кніга выйшла пад назвай «Paní doktorová 0-287», дзе лічбы – лагерны нумар паэткі. 2018 год.

– Мінула каля ста гадоў, як Рада БНР знайшла свой прытулак у Празе, іх мара пра дзяржаўнасць нібыта і збылася, аднак… зноў хваля эміграцыі. Ці можаце вы распавесці, што прынцыпова змянілася ў задачах і місіі чэшскай дыяспары за гэты час, за гэтыя амаль сто гадоў, а што засталося нязменным?

– Дзякуй за такое добрае пытанне, бо яно дазваляе мне згадаць яшчэ адну ўнікальную ініцыятыву. Суполка «Скарына» ўзяла пад апеку магілы прэзідэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі. Так яна адгукнулася на грамадскі праект, прапанаваны адміністрацыяй Альшанскіх могілак па ўтрыманні магіл вядомых дзеячоў.

Калі гаварыць пра пражскі перыяд эміграцыйнага ўраду БНР, то перш за ўсё ён імкнуўся перахоўваць традыцыю незалежнай беларускай дзяржаўнасці, лабіяваць інтарэсы Беларусі на міжнародным узроўні, пашыраць інфармацыю пра яе, ну і яшчэ хіба проста выжыць. Многае з гэтага дыяспара робіць і дагэтуль. На мой погляд, цяпер больш пільна паўстае задача хоць аднойчы рэалізаваць пераможнае вяртанне лідара ці лідаркі з выгнання ў Беларусь. Так, як гэта ўдавалася іншым народам. Каб нарэшце гэтая так доўга перахоўваемая ідэя стала базай новай Беларусі. Невыпадкова сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка свой выступ на з’ездзе пачаў словамі: «Я хачу дадому!».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: