«Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ». Як працаваць з тэмай рэпрэсій?

Главное
Стваральнікі літаб’яднання «Маладняк»: Язэп Пушча, Алесь Дудар (расстраляны ў 1937), Андрэй Александровіч. Фота: nlb.by

З 29 на 30 кастрычніка будзе 85 гадоў «Чорнай ночы», калі ў засценках НКУС адбылося самае масавае забойства нацыянальнай эліты – было расстраляна больш за сто чалавек. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, крытыкі. Целы забітых былі пахаваны меркавана ва ўрочышчы Курапаты. Сёння гэта страшная дата называецца «Ноччу расстраляных паэтаў» (з гэтага года – «Ноччу паэтаў»).

Reform.by паспрабаваў разабрацца, што папярэднічала масавым расстрэлам у 1937-м і як мы сёння можам працаваць з тэмай рэпрэсій.

Што стаяла за беларусізацыяй 1920-х?

Расстрэлы 1937-га, у тым ліку кастрычніцкі, ­– сталі пікам савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Усяго было некалькі хваль, першую з іх – «чырвоны тэрор» 1918–1922 гадоў – Беларусь амаль абмінула «дзякуючы» нямецкай і польскай акупацыям.

У 1920-я гады пачаўся перыяд, які называюць беларусізацыяй. Ён быў распачаты адпаведным нарматыўным актам савецкай дзяржавы. На беларускую мову пераводзілі адукацыю, справаводства, выдаваліся беларускія кнігі, арганізоўвалася навукова-даследчая праца па ўсебаковым вывучэнні Беларусі; беларусаў адмыслова вылучалі на кіраўнічыя пасады.

Адкуль такая вольніца?

Прычыны павышанай увагі да нацыянальнага будаўніцтва з боку маладой савецкай улады былі вельмі прагматычныя.

Па-першае, беларусізацыя давала магчымасць усталяваць кантроль над нацыянальным рухам, што імкліва пашыраўся з пачатку XX стагоддзя.

«Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ». Як працаваць з тэмай рэпрэсій?
Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя», 1928 г. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; Стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Фота: Вікіпедыя. Пяць з іх будуць расстраляны.

Па-другое, важнымі былі знешнепалітычныя дывідэнды: планавалася, што беларускае насельніцтва ў Польшчы, нацыянальныя правы якога былі моцна абмежаваны, атрымае імпульс для нацыянальна-вызвольнага руху, які паспрыяе дэстабілізацыі становішча ў гэтай краіне.

І трэцяя мэта ­– дэзарганізацыя беларускай эміграцыі, якая сапраўды ў выніку прызнала Савецкую Беларусь у якасці «адзінага цэнтра беларускага нацыянальнага руху», а многія дзеячы БНР прыехалі ў БССР.

Такім чынам, калі ў самым канцы 1920-х ­– пачатку 1930-х у СССР пачаў згортвацца НЭП і ўсталёўвацца таталітарная сістэма, падрабязныя спісы ўсіх беларускіх дзеячаў аказаліся ў адпаведных органах.

Для правядзення рэпрэсій пачатку 1930-х была сфабрыкавана справа «Саюза вызвалення Беларусі», удзел у якім прыпісалі многім дзеячам навукі і культуры. Пасля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе пачаўся новы віток рэпрэсій. І самая масавая хваля – перыяд вялікага тэрору ў СССР 1937–1938 гады.

Што мы страцілі?

У жніўні 1937 года ва ўнутраным дворыку турмы НКУС былі спаленыя тысячы старонак рукапісаў, лісты, дзённікі, успаміны, фотаздымкі. Дзясяткі тысяч кніг рэпрэсаваных аўтараў былі выдаленыя з бібліятэчных фондаў. Імёны забітых і высланых выкрэсліваліся з даведнікаў, энцыклапедый і падручнікаў.

Мы страцілі невымерна вялікі пласт літаратуры. Даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў падлічыў, што НКВДысты расстралялі ці выслалі ў канцлагеры 90% беларускіх літаратараў (больш за 500 чалавек).

Самаму старэйшаму з забітых, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, было 47 гадоў, а сярод самых маладых – паэт і перакладчык Юлі Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пётр Хатулёў (25 гадоў), педагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25 гадоў). А таксама: Алесь Дудар, Ізі Харык, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Уладзіслаў Галубок, Тодар Кляшторны, Майсей Кульбак, Анатоль Вольны, Зіма Півавараў, Валерый Маракоў, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі, Васіль Каваль, Сяргей Мурзо ды іншыя аўтары.

«Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ». Як працаваць з тэмай рэпрэсій?
Скан сайта tuzinfm.by/nierasstralianyja. Партрэты забітых літаратараў.

 

Якія былі больш аддаленыя наступствы?

Наступствы вынішчэння інтэлектуальнай эліты нацыі мы адчуваем і сёння: страта гістарычнай памяці, ганебны стан беларускай мовы, вынікі выбараў 1994-га і сённяшняе прызнанне краіны суагрэсарам – усё гэта звёны таго ланцужка, які пачалі круціць у 1930-х.

Як мы можам працаваць з гэтай тэмай?

Аўтар ідэі і прадзюсар праекта «(Не)расстраляныя» Сяргей Будкін вельмі грунтоўна распрацаваў прынцыпы працы з тэмай рэпрэсій.

Ён вызначыў тры ўзроўні. Першы –­ ушанаванне, праз гэта фармуецца культурная памяць, тут трэба дзейнічаць паслядоўна, метадычна, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў.

Другі ўзровень – палітычны. Неабходна канстатаваць факт вынішчэння беларускай эліты і асудзіць дзеянні камуністычнага рэжыму ­– прызнаць іх злачынствамі.

На трэцім узроўні гаворка вядзецца пра культуру памяці, якую варта адрозніваць ад культурнай памяці. Культура памяці – гэта пра тое, як, якімі метадамі ды інструментамі мы працуем над траўмай мінулага.

Задача пастаяннай актуалізацыі спадчыны літаратараў 1930-х застаецца самай надзённай.

Дзеля гэтага былі створаны шматлікія праекты: музычны альбом «(Не)расстраляныя» на вершы 12 паэтаў.

Праект «(Не)расстраляныя» партала Tuzinfm.by – гэта найбольш поўны рэсурсе па тэме, там можна паслухаць запісаныя песні, паглядзець лекцыі і нават прайсці курс Лятучага ўніверсітэта (патрэбная рэгістрацыя).

Зроблены старонкі паэтаў у сацсетках, здымаюцца аўтарскія праграмы, дакументальныя фільмы, выдаюцца кнігі.

«Купалаўцы» зрабілі праект «Купалаўская варта», з вершамі і расповедамі пра паэтаў. Нацыянальная бібліятэка вядзе віртуальны праект, прысвечаны аб’яднанню «Маладняк», дзе змешчаны ўнікальныя архівы.

Перавыдадзена кніга «(Не)расстраляныя», у якую ўвайшлі 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, іх абраныя творы і архіўныя фотаздымкі, нават іх аўтографы, можна спампаваць яе электронную версію.

Што змянілася пасля 2020 года?

З-за рэпрэсій акцыі памяці больш не праводзяцца ў Курапатах, яны адбываюцца ў розных краінах свету і анлайн (мінулым годам – у 38 гарадах 18 краін).

Сёлета геаграфію падзей можна прасачыць на карце на адмыслова створаным сайце.

Пасля жнівеньскіх падзей 2020 года многія беларусы прайшлі праз затрыманні, арышты, допыты, вобшукі, звальненні і забарону на прафесію – гістарычныя паралелі былі занадта відавочнымі. Тады, падчас дваровых лекцый, людзі маглі са спісу выбіраць тэмы для новых сустрэч, і тэма сталінскіх рэпрэсій была адной з самых запатрабаваных. Так «Чорная ноч» набыла зусім новыя адценні, звязаныя з салідарнасцю і нацыянальным абуджэннем.

Калі дзяржава абмінае тэму рэпрэсій і практыкуе на сучасны лад метады савецкіх карных органаў, то беларускае грамадства ўласнымі сіламі напіша сваю гісторыю. Дзе замоўчванню і катаванням супрацьстаяць галасы паэтаў і ланцугі салідарнасці. Мы памятаем. Мы не здаёмся.

 

P. S. Радкі, вынесеныя ў загаловак – «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ» ­– з паэмы «Калі асядае муць» Тодара Кляшторнага. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, разам з дзясяткамі іншых творцаў, Кляшторны быў расстраляны і закапаны, хутчэй за ўсё, у Курапатах.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: