Гадаваць зубраня і вучыць мову — што прапаноўваюць стваральнікі «Зубрыка»

Главное

Праект «Зубрык» стаў адным з пераможцаў першага хакатону праектаў для культуры Беларусі «Культурны код». Яго мэта — дапамагчы дзецям весела і цікава вывучаць беларускую мову, вырошчваючы анлайн-зубраня.

Інтэрактыўная мабільная аплікацыя заснаваная на падмурках прынцыпаў псіхалогіі навучання, пры яе распрацоўцы праводзіліся кансультацыі з настаўнікамі і выкладчыкамі моваў і пачатковых класаў.

Reform.by паразмаўляў з заснавальніцай стартапу — магістрам псіхалогіі, экспертам у псіхалогіі навучання і мамай траіх дзяцей Аленай Жук.

«Якасных аплікацыяў для дзяцей мала, для вывучэння беларускай мовы — тым больш. А мова — гэта адзін з падмуркаў падтрымання ідэнтычнасці, адказу на пытанне «Хто я? Кім я ёсць?» Слоўнік з Зубрыкам скіраваны дапамагчы дзецям у вывучэнні беларускай мовы. Пабачыць мову як нешта сучаснае, цікавае, прыцягальнае. Таму што варта не толькі проста дапамагчы «зубрыць», аднак і сфармаваць пазітыўнае стаўленне і прыемныя эмоцыі. Зрабіць гэты працэс якасным, яскравым і цікавым. Звязанасць з пазітыўнымі эмоцыямі, станоўчы вобраз здольныя падштурхнуць да далейшага самастойнага авалодвання», — тлумачыць задуму суразмоўца.

Яе ўласны шлях у псіхалогію навучання распачаўся ў 2009 годзе. Падчас вядзення праектаў яна самастойна засвоіла праграмаванне, што дазволіла займацца распрацоўкамі і тэставаць іх жыццяздольнасць.

У Беларусі Алена навучала дзяцей дома, бо, як кажа, не давярала беларускай сістэме адукацыі.

«Чаму можа навучыць школьная сістэма, настаўнікі якой удзельнічаюць у маштабнай фальсіфікацыі?», — кажа яна.

У лютым сям’я пераехала з Мінска ў Шчэцін, і дзеці адаптаваліся ў польскай школе. Па словах бацькоў, дачка нават атрымала грамату за ўзорнае навучанне. Сыну-падлетку навучанне даецца цяжэй, бо тут няма «напрацаванай» паспяховасці: адзнакі ставяцца за канкрэтны падрыхтаваны матэрыял. Пры гэтым ён паспяхова адвучыўся паўгады і перавёўся ў наступны клас. Малодшы сын наведвае садок — па-польску «пшэдшколе».

«Мы з мужам падтрымліваем дзяцей і разумеем, што школа цяпер для іх не столькі навучанне, як інструмент адаптацыі і сацыялізацыі ў польскае грамадства», — кажа Алена.

Гадаваць зубраня і вучыць мову - што прапаноўваюць стваральнікі "Зубрыка"

Яе досвед выкладання ў Беларусі тычыўся розных узростаў, даводзілася вучыць і дзяцей, і дарослых. У 2017 годзе яна пачала выкладаць курс робататэхнікі пры БДУІР для падлеткаў.

«Азіраюся назад і разумею, што павінна была проста займаць дзяцей, таму што робатаў для гуртка робататэхнікі так і не закупілі. Дзеці адзаймаліся паўгады «на пальцах», і мая калега, якая выкладала ў гэтым гуртку праграмаванне і рыхтавалася вучыць дзяцей выкарыстанню Arduino, адмовілася весці гурток робататэхнікі, у якім не было робатаў. А працаваць з падлеткамі мне спадабалася. Я праводзіла прафарыентацыю: навучэнцы вызначалі місію і бачанне сваёй будучыні, моцныя бакі і матывацыі. Краналіся тайм-менеджменту і падмуркаў праектнай дзейнасці», — узгадвае яна.

Далей была праектная школа Ігара Міхеева, у летнім лагеры для падлеткаў «Надзея» вялі праект «Свая справа», дзе дзеці знаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі менеджменту.

«Дзеці разбіваліся на групы, стваралі і абаранялі свае праекты, спасцігалі Agile. У нас нават былі сапраўдныя фізічныя канбан-дошкі для кожнага праекта», — распавядае Алена.

У яе прафесійным досведзе — праекты «Гештальт і эйджайл, пункты судакранання», «Мова жыцця» — якая дазваляе весці дыялог на ўзроўні глыбінных патрэбаў паводле Розэнберга, адукацыйны стартап «Шпаркі Кошык», а ў марах — Інтэлвіль — смарт-вёска, дзе людзі жывуць, займаючыся адукацыяй і самаадукацыяй, рэалізуюць свае праекты і творчы патэнцыял.

«Веру, што няма няздольных людзей і абмежаванняў у адукацыйным працэсе. У адукацыі важная наяўнасць творчага асяродка, матывацыя, настойлівасць, правільнае перакананне (напрыклад, «я магу гэта зрабіць»), накіраванасць на навучанне і настаўнікі», — кажа суразмоўца.

На хакатоне было больш за 90 удзельнікаў, больш за 20 ментараў са сферы бізнесу і ІТ і больш за 20 ідэй. З 16 каманд, што дабраліся да фіналу, 9 атрымалі магчымасць прайсці акселерацыйную праграму, каб дапрацаваць свае праекты. Над праектам «Зубрык» разам з Аленай на хакатоне працавалі дызайнерка Ганна і Яна, якая адыгрывала ролю прадуктоўнера.

«Мы добра спрацавалі як каманда, і гэта дазволіла праекту перамагчы і развівацца далей», — адзначае Алена.

У хуткім часе плануецца правесці конкурс сярод беларускіх мастакоў на асноўную выяву Зубрыка, каб замяніць стокавы вобраз на эксклюзіўны. Таксама праект плануе запрасіць беларускіх творцаў да стварэння сэтаў ілюстрацый для слоўніка. На агучванне Зубрыка Алена Жук марыць запрасіць оперную спявачку Маргарыту Ляўчук, а Алену Зуй-Вайцяхоўскую, выканаўцу знакамітай «Шчучыншчыны», — на агучванне словаў.

«Хачу прыцягнуць медыйных асабаў сярод беларускай супольнасці, каб праект пашыраўся, і вядомыя людзі, напрыклад, Святлана Ціханоўская, усталёўвалі аплікацыю для сваіх дзетак», — кажа Алена.

Сачыць за развіццём праекта можна праз супольнасць у фэйсбуку, хутка з’явіцца сайт. На сёння «Зубрык» даступны для ранняга тэставання на Firebase app distribution, у якім могуць паўдзельнічаць жадаючыя.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: