«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго «антыкрызісны менеджмент»

Главное
Якуб Колас. 1948. Фота: kolasmuseum.by.

140 год таму, 3 лістапада 1882 года, нарадзіўся адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы народны паэт Якуб Колас.

Свой першы верш пад назвай «Наш родны край» ён надрукаваў 1 верасня 1906 года ў віленскай газеце «Наша доля». Тады ўпершыню малады паэт Канстанцін Міцкевіч выкарыстаў свой псеўданім – Якуб Колас. У 1908 годзе ён быў асуджаны на тры гады турэмнага зняволення за ўдзел у сходзе і складанні адозвы да настаўнікаў. У турэмных сценах былі напісаны першыя радкі паэм «Новая Зямля» і «Сымон-музыка». Менавіта там, у турме, кшталтаваўся яго асаблівы дар.

У чым сіла Коласа і пры чым тут турма? Як паэт лучыць пакаленні і ў чым яго тэрапеўтычнае ўздзеянне? Што для беларусаў сёння «Новая зямля»? Пра гэтыя пытанні Reform.by пагаварыў з літаратарам, перакладчыкам, сябрам Беларускага ПЭНа і Саюза беларускіх пісьменнікаў Андрэем Хадановічам, аўтарам літаратурнага праекта на Ютуб-канале ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ.

«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго "антыкрызісны менеджмент"
Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), 1901. Фота: kolasmuseum.by.

«Колас зачароўвае светам беларушчыны нават непрымірымых апанентаў»

 – «Якуб Колас – антыкрызісны аўтар для беларусаў»… Гэтыя словы вы вынеслі ў назву сваёй лекцыі на ютубе. Як ён можа нас падтрымаць сёння, у якіх вобразах яго твораў мы можам знайсці апору?

–  Пачну з гісторыі, якая адбылася з маёй будучай жонкай, калі яна была зусім маленькай. Аднойчы, вярнуўшыся з дзіцячага садка, яна паведаміла бацькам: «Ведаеце, мы тут новую мову сталі вучыць, і я ўжо ведаю два словы: “дрэва” і “папера”». Яе бацька, мой будучы цесць, схапіўся за галаву: родная дачка вучыць беларускую як замежную! Метад засваення роднай мовы ён знайшоў беспамылковы: штодня чытаў ёй «Новую зямлю». Сёння яго дачка – акадэмічная выкладчыца – перакладае польскую набелістку на беларускую мову. Урокі Коласа далі свой плён!

Падобны выпадак здарыўся і з самім Якубам Коласам. У лісце да жонкі ён расказвае, як паехаў на Случчыну чытаць лекцыі педагогам на, умоўна, курсах павышэння кваліфікацыі. Сярод 150 яго слухачоў былі і свядомыя беларусы, і тыя, хто вельмі скептычна ставіўся да беларускай мовы. Свой самы галоўны аргумент Колас пакідаў на вечаровыя заняткі: ён чытаў сваім слухачам толькі што напісаную «Новую зямлю». І адзін «скептык», паслухаўшы Коласа, выгукнуў: «Я не ведаў, што па-беларуску можна так пісаць. Зарэжаце мяне, калі я не навучуся беларускай мове!». Якую выснову можна зрабіць з гэтых дзвюх гісторый: у творчасці Коласа ёсць нешта фундаментальнае, тое, што зачароўвае светам беларушчыны нават непрымірымых апанентаў.

Гэта праўда…

– Згадаем, што Колас пісаў «Новую зямлю», як і «Сымона-музыку», ва ўмовах, далёкіх ад ідылічных. Ён сядзеў у турме ў Пішчалаўскім замку за ўдзел у таемным настаўніцкім сходзе. У тых неспрыяльных умовах усё лепшае, што захавалася ў яго памяці, пачало ўвасабляцца ў вобразах яго паэмы – рэалістычных вобразах, за якімі паўставала блізкая і знаёмая чалавеку рэчаіснасць.

У кожнага з нас ёсць дзіцячыя перажыванні, звязаныя з бабулямі і дзядулямі, з цёплым, утульным светам малой радзімы. У мяне таксама ёсць свой родны кут: у дзяцінстве я ездзіў на Гомельшчыну, у Чачэрск.

Ды нават на далёкіх ад патрыятычных настрояў людзей назвы родных мясцін дзейнічаюць як заклёны.

А Колас якраз вельмі пранікнёна апісвае сямейнае гняздо, стварае сімпатычныя вобразы найбліжэйшых сваякоў – бацькі і маці, дзядзькі Антося, якога можна назваць трыкстэрам у найлепшым сэнсе гэтага слова. Праз ўсмешку ў вусы, праз самаіранічны погляд на сябе, ён смяяцца са сваіх злыбедаў. Старонкі, звязаныя з дзядзькам Антосем, у паэме бадай што самыя тэрапеўтычныя.

Аднак паступова Колас нібы дабудоўвае да малой радзімы і вялікую Беларусь, і тут становяцца адчувальнымі фантомныя болі ад страты той Беларусі, якую мы марылі б бачыць. Бо аўтар, спачатку вязень, потым мабілізаваны на фронт Першай сусветнай, потым мігрант на чужыне, потым жыхар штучна падзеленай краіны, – піша для нас, якія і сёння недалёка адышлі ад яго сумнага досведу.

Як дзейнічае тэрапія? Колас піша «Новую зямлю» так, каб позірк чытача не затрымліваўся на вершаваных радках, яны самі сабою ўплятаюцца ў наш пульс, у кроў, сугестыўна перакідваюць нас у ідэальную коласаўскую рэальнасць – успамінаў пра шчаслівае мінулае і мрояў пра годную будучыню.

«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго "антыкрызісны менеджмент"
Якуб Колас. 1921. Фота: kolasmuseum.by

– Вы сцвярджаеце ў сваёй лекцыі, што Колас – захавальнік беларускай памяці, беларускіх падмуркаў, а таксама ­– сувязі паміж пакаленнямі, нездарма ж ён нарадзіўся на Дзяды… Якім чынам, праз якія вобразы ён гэтую сувязь матэрыялізаваў, на вашу думку?

 – Шмат даследчыкаў звярталі ўвагу на сімвалічныя даты нараджэння творцаў, звязаных з нашай зямлёй. Адам Міцкевіч прыйшоў на гэты свет на Каляды, Янка Купала не толькі нараджаецца на Купалле, але і выбірае сабе адпаведны творчы псеўданім, бо адчувае сімвалічнасць часу свайго нараджэння. Яшчэ адно цікавае супадзенне: дата смерці Адама Міцкевіча – 26 лістапада – такая ж, як дата нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Караткевіч нават піша эсэ пра гэта супадзенне. У ім, праўда, не гаворыць наўпрост, што ён духоўны нашчадак Міцкевіча, але дае зразумець, што душы перасяляюцца, увасабляюцца, жывуць далей і нясуць святло…

Дата нараджэння Якуба Коласа зусім побач са святам Дзяды – святам шанавання продкаў. Памяць пра свой род ляжыць у аснове яго сямейнай вершаванай сагі – «Новай зямлі». Якраз Колас пераймае эстафету ў Міцкевіча. Яны абодва працуюць з памяццю, з псіхалогіяй памяці. Ім абодвум баліць. Міцкевіч, пасля нашага паўстання 1830-1831 гадоў быў пазбаўленых радзімы і пісаў для польскага чытача ў Парыжы, але таксама, адчуваючы повязь з Вялікім Княствам Літоўскім, і для сваіх землякоў, што чытаюць яго «ў Наваградку і ў Менску». Найперш для людзей, пазбаўленых радзімы, ён піша «Пана Тадэвуша», апяваючы беларускія мясціны, беларускую прыроду. Нездарма Максім Танк так любіў апісанне пушчаў у гэтай паэме і нават пераклаў яе фрагмент на беларускую мову.

Адам Міцкевіч апісаў шляхецкае жыццё, і там, дзе ён спыніўся, аповед працягвае Колас, творачы размераны эпас пра людзей, якія жывуць у рытме прыроды – разам з сонцам, разам са зменай пораў году. Колас апісваў іншае сацыяльнае асяроддзе, блізкае да зямлі. Бо хто з зямлёй працуе, той яе і апявае. Гэта пафасныя словы, але так і ёсць.

Гэта цікавая паралель: Міцкевіч – Колас.

– Дарэчы, звярну ўвагу на яшчэ адну псіхатэрапеўтычную асаблівасць Коласа – тонкае пачуццё гумару. Гэта ўсё да тэмы «антыкрызіснага менеджменту».

У паэме шмат прыгодаў, шмат вясёлых вострых слоўцаў і выразаў. «Ядзяць вас мухі з камарамі», – кажа персанаж, у якога галоўныя героі набываюць новую зямлю. «Паскудства, брат, і не пытайся!», – мы памятаем з дзяцінства пра гатаванне клёцак з бярозавым сокам дзядзькам Антосем. Альбо найцудоўнейшае: узімку да дзетак, якіх яшчэ ніхто не вучыў, прыходзіць так званы «дарэктар», хлопчык, што толькі крышачку паспытаў школы. І вось ён пытаецца ў Костуся, у прататыпа, з якога потым вырасце ардэнаносны акадэмік Якуб Колас: «А ты, Костусь, ці любіш чытаць?». А далей тое, што мяне проста зачаравала: «Люблю, але яшчэ не ўмею». З такіх перлінаў і складаецца «Новая зямля».

 

«Зямля — аснова ўсёй Айчыне»

Але што на іншым полюсе?

– Вы задаеце слушнае пытанне. Бо, сапраўды, на іншым полюсе ў Коласа – устрывожаны голас патрыёта, які пакутуе ад фантомнасці, ад аддзеленасці.

Спачатку як вязень у турме, які не мае Беларусі як свабоды. Потым як мігрант, які шмат пабадзяўся па Расіі і, як сведчаць лісты і лірычныя адступленні ў «Новай зямлі», шмат пакутаваў там без Беларусі. Яшчэ адна актуальная сёння тэма – Колас быў мабілізаваны на фронт Першай сусветнай. Ён ваяваў на румынскім фронце і там марыў пра вяртанне ў родныя мясціны. Што адбываецца далей?

Пасля Колас вяртаецца ў Савецкую Беларусь, а яна – ягоная Беларусь – падзеленая, прычым падзеленыя і яго родныя мясціны. Ці можна ўявіць колькі тут болю і роспачы?

Колькі там на электрычцы дабірацца ад Менску ў Стоўбцы, але ягоная Мікалаеўшчына, Стоўбцы – з таго боку мяжы, а там – мама. Бацьку ён рана страціў і, можна сказаць, пішучы паэму, вяртаў памяць пра нябожчыка. А мама – жывая, але з ёй да самай яе смерці ён не здолее пабачыцца – праз гэтую ганебную мяжу.

«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго "антыкрызісны менеджмент"
Лізавета Лянкевіч. Ілюстрацыя да «Новай зямлі» Якуба Коласа. Фота: facebook.com/papury.bel.

У выніку што значаць для Коласа гэтыя словы: прыдбаць свой кут? Усе мы ведаем скарочанае, школьнае: «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут». Тут нібы гучыць сацыяльны пратэст прыгнечанага сялянства. Так, але насамрэч карціна яшчэ глыбейшая.

А дзе ж той выхад? Дзе збавенне

З няволі цяжкай, з паланення.

Адзін ён ёсць — зямля, зямля.

Свой пэўны кут, свая ралля.

То наймацнейшая аснова,

І жыцця першая ўмова,

Зямля не зменіць і не здрадзіць

Зямля паможа і дарадзіць

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля аснова ўсёй Айчыне.

На такі акцэнт у маёй БССРаўскай школе ўвагі не звярталі – на гэта разуменне, што любоў да малой радзімы павінна вырасці да ўсведамлення сябе грамадзянінам Айчыны вялікай.

Коласа можна ўжываць як эфектыўны рэцэпт – замест дурацкіх курсаў дзяржаўнай ідэалогіі і патрыятычнага выхавання.

«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго "антыкрызісны менеджмент"
Вокладка кнігі «Новая зямля» Якуба Коласа.

– Амаль што права ўласнасці, якое фарміруецца ў грамадзянскую адказнасць… Брава, Андрэй!

– Іншая рэч, што жыццё жорстка падманвала Коласа. Калі гэта пісалася – у пачатку 1920-х, – яшчэ была ілюзія. НЭПаўская ілюзія, што можа быць Савецкая Беларусь, што гэтыя рэчы – савецкі і беларускі – не супярэчыць адно аднаму. За гэту ілюзію прыйшла расплата ў 1930-я, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі і фізічнае знішчэнне. Колас, як і Купала, быў сярод тых нешматлікіх, хто ацалеў, але яго прымушалі каяцца. «Новая Зямля» і «Сымон-музыка» цэнзураваліся. Яго сын згадваў, што бацька яшчэ ў турме, у Пішчалаўскім замку, навучыўся трымаць язык за зубамі, не дагаворваць. Таму вялікія коласаўскія паэмы ўтрымліваюць пэўны код, які патрабуе ўважлівасці і эмпатыі ад чытача. Колас нібы працягвае руку, запрашае на сваю тэрыторыю, але чытач павінен таксама разумець, што аўтар усяго сказаць ужо не можа.

– Андрэй, як вы думаеце, што сёння для беларусаў «Новая зямля»?

– Яна дае разуменне таго, што існуюць базавыя каштоўнасці, за якія трэба трымацца, якія ні ў якім разе нельга страціць. Іначай здарыцца вялікая трагедыя.

Свая зямля ­– гэта і дзяржаўныя межы Беларусі на палітычнай карце Еўропы. Гэта і тое, што пасля 2020 года нас перасталі блытаць з суседзямі, тое, што нас у свеце распазнаюць як беларусаў. Так, сёння мы зноў сціскаем зубы, апускаем галовы, спрабуем перацярпець найгоршыя часы – да гонару за 2020-ты дадалася ганьба без віны. Таталітарныя рэжымы сімвалічна ўблыталі беларусаў у гэтую вайну, у гэтае хаўрусніцтва дыктатара з акупантамі. Але рэжымы падаюць, часам хутчэй, чым мы спадзяемся, часам нават за дзень да падзення гэта цяжка прадказаць. А Беларусь мусіць застацца і застанецца.

І хачу падкрэсліць, што не выпадкова рэпрэсіі вядуцца супраць культуры, бо культура – авангард беларускага незалежнага грамадства. Нават ворагі гэта разумеюць… Чаму «нават»? Таму што яны далёкія ад інтэлекту людзі, але ж і яны распазналі ў культуры зброю і б’юць на паражэнне, на знішчэнне. Нам трэба захаваць пачуццё еднасці, якое нарадзілася ў грамадзянскай супольнасці 2020-га. Трэба захаваць атмасферу беларускіх двароў, калі людзі выйшлі з дамоў і пачалася здзяйсняцца запаветная мара нашага «філалагічнага пакалення» – Стральцова, Барадуліна: «Не забыць, як завуць суседа». Суседзі з хрэстаматыйнага барадулінскага верша наноў знаёміліся ў 2020-м, вяртаючы гораду тое найлепшае, што было ў вёсках.

Таму так важна ў новай вольнай Беларусі не страціць месца беларускага слова, якое яно заваявала ў гэтых пратэстах. Бо акцёры, музыкі, паэты паўставалі ў тым ліку і за нашае права ісці ў свой тэатр, на канцэрты ўлюбёных музыкаў, у незачыненыя кнігарні з кнігамі, не забароненымі за экстрэмізм. І Колас, мне падаецца, тут адзін з найлепшых у добрым сэнсе гэтага слова агітатараў.

«Да малой радзімы дабудоўваецца вялікая Беларусь»: Андрэй Хадановіч – пра Коласа і яго "антыкрызісны менеджмент"
Колас і Купала. Фота: pinterest.com.

– І пытанне, без якога нашая гаворка, здаецца, не будзе поўнай. Як вы ставіцеся да той апазіцыі, якую часта прыпісваюць Купалу і Коласу. Маўляў, Купала – шляхетны, ён – свой, самаадданы пакутнік, а вось Колас – ён нібыта за сялян, адлюстраваў сялянскую старонку жыцця, але пры гэтым – канфарміст. Як пазбавіцца гэтай апазіцыі?

– Яна ў пэўным сэнсе надуманая. Не вельмі адукаваныя людзі часам наогул Купалу і Коласа блытаюць. У іх аднолькавыя скарачэнні, можна жартаваць: ЯК-1 і ЯК-2, Янка Купала і Якуб Колас. Хоць чарговасць магла быць і адваротнай. Купала і Колас аднагодкі і лідары свайго пакалення, яны – блізкія сябры. Колас у «Новай зямлі», апісваючы застолле, калі пчаляры ўзялі мёд і частуюцца смачным і п’янкім, наракае, што побач з ім няма Янкі Купалы. Сімвалічна запрашае яго за святочны стол.

Мой мілы Янка, мой Купала!

Ў агульны вір нас доля ўгнала.

Чаму ж, чаму часінай тою

Мы не спаткаліся з табою,

Каб стол сялянскага банкету

Развесяліў душу паэту?

Альбо Колас у сваёй расійскай «рэлакацыі» скардзіцца ў лісце на Маскоўшчыну, на тое, як кепска яму тут жывецца, як тужыць ён па Беларусі, – і не знаходзіць лепшага адрасата. Ён піша Купалу. Зразумела, што Купала, як бы больш узнёслы і летуценны, у сваёй творчасці развіваўся паміж рамантызмам і сімвалізмам. А Колас – рэаліст, у найлепшым значэнні гэтага зацяганага савецкімі крытыкамі слова. Ён менш пырхае ў паветры, ён дзвюма нагамі стаіць на зямлі, ва ўсіх сэнсах слова – на зямлі, якая корміць, і на зямлі, якая захоўвае памяць і пераемнасць.

Можна сказаць, што Адам Міцкевіч, у якога арганічна сумяшчалася і першае, і другое, у чымсьці падзяліўся на гэтыя дзве іпастасі. Але гэтыя творцы не супярэчаць адзін аднаму, паміж імі не было антаганізму і варажнечы, а было сяброўства і ўзаемная патрэба. Яны дадаюцца адзін да другога. Месца і на кніжнай паліцы, і ў культурным пантэоне, і ў чытацкіх сэрцах мусіць хапіць і для Коласа, і для Купалы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: