Паўстагоддзя з ХХ-га… Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара

Культура
Касута. 1903. hram-miory.vitebsk.by

Фотавыстава «Рэпартаж з мінулага стагоддзя» адкрылася на журфаку БДУ (вул. Кальварыйская, 9, хол 5 паверха). Аўтар здымкаў — праваслаўны святар Павел Валынцэвіч (1875–1962). Напярэдадні яго работы экспанаваліся на выставе ў галерэі «Універсітэт культуры» ў рамках Дзён праваслаўнай культуры. Праглядаючы інтэрнэт, можна лёгка заўважыць, што Павел Валынцэвіч стаў культавым фатографам для праваслаўнай царквы. Аднак каштоўнасць яго даробку крыху ў іншым…

Нарадзіўся Павел Валынцэвіч у мястэчку Вялікая Бераставіца на Гродзеншчыне. У 1897 годзе скончыў Віленскую духоўную семінарыю, стаў пробашчам Петрапаўлаўскага храма ў вёсцы Касута ў Вілейскім раёне. Пасля служыў ва Узмёнах, Сабакінцах, Крэве і Шарашове.

Айцец Павел быў асобай рознабаковай: пісаў карціны і іконы, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі, разводзіў пчол.

Аднак галоўным яго захапленнем была фатаграфія. Ён самастойна праяўляў і друкаваў фотаздымкі. Да нас дайшло больш за трыста выяў.

Адкрыццё гэтага імя нагадвае сапраўдны дэтэктыў, які быў апісаны на старонках газеты «Культура» ў 2011 годзе. Нагадаем гэтую неверагодную гісторыю.

Паўстагоддзя з ХХ-га... Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара
Павел Валынцэвіч. Фота: hram-miory.vitebsk.by.

Фатаграфічны дэтэктыў

Павел Валынцэвіч выкарыстоўваў для фатаграфавання шкляныя негатывы. Гэтыя негатывы на гарышчы дома ў Ваўкавыску, дзе калісьці жыў сын Паўла Валынцэвіча – Сяргей, знайшлі новыя гаспадары і вырашылі іх прадаць – аж праз 35 гадоў. Унікальны архіў разляцеўся па калекцыянерах. Частка трапіла да Ігара Сурмачэўскага, частку набывае Дзмітрый Сярэбранікаў, і неўзабаве калекцыянеры (а іх кола ў Беларусі невялікае) нечакана высвятляюць, што яны зацікавіліся архівам аднаго і таго ж аўтара.

Апрацоўваць архіў шкляных негатываў ім дапамагае фатограф Уладзімір Суцягін: негатывы ачышчаюцца, скануюцца, амаль з усіх удаецца надрукаваць фатаграфіі.

Калі збор налічваў больш за 30 здымкаў, рупліўцы пачалі вылучаць ідэі наконт таго, хто ж з’яўляецца іх аўтарам.

На негатывах трапляўся надпіс «Узмены», выявы храма і аднаго ж і таго святара – і на здымках 1900-х, і ў 1928-м, і ў 1949-м.

Даследчыкі звяртаюцца па дапамогу да загадчыка аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Надзеі Саўчанка. Яна пацвярджае гістарычную каштоўнасць матэрыялу і пачынае дапамагаць у пошуках. У Нацыянальны гістарычны архіў ад імя музея накіроўваецца запыт з просьбай высветліць, які праваслаўны святар служыў ва Узменах прыкладна з 1905 года. Прыходзіць адказ: Павел Валынцэвіч.

Праз нейкі час Дзмітрый Сярэбранікаў прыносіць новую частку негатываў. На адным з іх пазначана: «Усталяванне помніка на магіле бацькі». На помніку напісана Канстанцін Валынцэвіч. Так стала вядома, што бацька святара пахаваны ў Вялікіх Бераставіцах.

Канчаткова аўтарстве Паўла Валынцэвіча пацвярджаецца пасля атрымання інфармацыі з Віцебскага архіва КДБ.

З інтэрнэту калекцыянеры даведаліся, што сын айца Паўла Сяргей, які таксама стаў святаром, у 1921 годзе быў арыштаваны і асуджаны.

Праз музей даследчыкі накіроўваюць запыт у Віцебскі КДБ і атрымліваюць падрабязныя даныя пра Сяргея Валынцэвіча: дзе, калі і за што быў арыштаваны Сяргей, а таксама дакладныя імёны бацькі, маці, іншых сваякоў маладога святара, пазначаныя ім у анкеце. Для каманды гэтая інфармацыя стала вырашальнай. Цяпер яны дакладна разумеюць, што аўтар здымкаў – менавіта Павел.

Па подпісах на здымках даследчыкі разумеюць, што Сяргей пакінуў Узмены і пераехаў у Ваўкавыск. У Ваўкавыску знаходзяць месца пахавання Сяргея, яго жонкі і самога Паўла Валынцэвіча: усе пахаваны побач.

І ў Ваўкавыску даследчыкі атрымліваюць адрас унучкі Паўла Валынцэвіча, якая жыве ў Мінску. Так гэта неверагодная гісторыя ўзбагачаецца новымі здымкамі і цікавым сюжэтам пра выратаванне фотаархіва.

«Справа ў тым, што збор дзядулевых негатываў на шкле захаваўся ў тым жа Ваўкавыску дзякуючы супадзенню, – расказала Людміла Сяргееўна, унучка святара. – Пасля вайны, калі памерла матушка Вера, было вырашана, што ён пераедзе да нас. На той момант мы жылі ў мястэчку Сабакінцы Гродзенскай вобласці. Дзядуля перабраўся да нас з усімі сваімі рэчамі, з вялікай бібліятэкай, фотаапаратамі, альбомамі, малюнкамі – ён вельмі любіў маляваць алеем, – а вось негатывы чамусьці пакінуў ва Узменах. Мабыць, было проста нязручна іх везці…

Аднак так сталася, што ў Сабакінцах здарыўся пажар. Мясцовы жыхар вырашыў гнаць самагонку ў пуні. Штосьці загарэлася — вецер імгненна падхапіў агонь. І ўсё, што было ў нашым доме, згарэла. Бацька паспеў схапіць, калі выбягаў, шклянку з алоўкамі (разумееце, шок!), а маці — скрыню з вышыўкамі. І ўсё! Аніякіх каштоўнасцей! Да гэтай пары памятаю: мы з сястрой, даведаўшыся, прыбеглі са школы дадому, а там — пажарышча, і ў тым месцы дома, дзе была бібліятэка, — толькі чырвоныя «цэглы» сатлелых кніг… Мы засталіся без анічога. Але тады дзядуля ўспомніў, што негатывы яго калекцыі ляжаць ва Узменах, што яны — ацалелі, і яго вялікі фотаархіў можна аднавіць. У выніку ўсё так і адбылося. Дзядуля з’ездзіў і забраў збор, а тыя фотаздымкі, якія парассылаў сваякам і знаёмым, сабраў наноў».

Паўстагоддзя з ХХ-га... Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара
Фота: kimpress. by
Паўстагоддзя з ХХ-га... Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара
Фота: kimpress.by

Унікальнасць паўсядзённасці

Першыя здымкі архіва Валынцэвіча датуюцца 1900 годам, яны зроблены ў вёсцы Касута, куды ён паехаў адразу пасля заканчэння духоўнай семінарыі.

Шмат здымкаў зроблена ў мястэчку Узмены (Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Тут Павел Валынцэвіч служыў у царкве Святога Мікалая, зрэдку і ненадоўга выязджаючы ў Вілейку і бліжэйшыя вёскі.

Паўстагоддзя з ХХ-га... Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара
Павел Валынцэвіч з сынам. Фота: photosсope.by

Апошнія кадры сфатаграфаваны ў Крэве, Сабакінцах, Шарашове і Ваўкавыску (цяпер Гродзенская вобласць), дзе ён і пахаваны.

Унікальнасць гэтай калекцыі, па-першае, у тым, што яна захавалася ў такія вялікім аб’ёме – каля трохсот кадраў. Фатограф-аматар, Валынцэвіч дзейнічаў як прафесіянал: не толькі друкаваў фатаздымкі, якія пасля парадкаваў у альбомы, а і захоўваў шкельцы-негатывы, падпісваў іх, збіраў іх у архіў.

Паўстагоддзя з ХХ-га... Каштоўныя «шкельцы» праваслаўнага святара
Павел Валынцэвіч з сям’ёй. Фота: hram-miory.vitebsk.by.

Па-другое, калекцыя адметная тым, што гэта ў асноўным жанравая здымка: не толькі партрэты людзей, але і звычайныя, бытавыя сцэны з жыцця сям’і, сяброў і суседзяў. Напрыклад, прыезд гасцей, шчырыя моманты іх сустрэчы на ганку вясковай хаты, будаўніцтва новага дома, дамашнія клопаты ­– маці правярае ўрокі ў сына, бацька з нашчадкам у бібліятэцы, маленькае дзіцятка ў калысцы, сям’я за сталом ці ў двары п’е гарбату з сябрамі, праз чорныя шкельцы людзі назіраюць за зацьменнем сонца. З гэтых здымкаў мы можам убачыць, як жыў і бавіў вольны час праваслаўны святар у вёсцы ці ў невялікім мястэчку, як назіраў за жыццём сялян, на што звяртаў увагу. Як смешна ён пазіруе з простай жанчынай на жытнёвым полі! Яго цікавіць паводка, святы беларусаў і збор ураджаю, хрэсны ход. І гэта здымкі не для паказу, а для сямейных альбомаў, якія беражліва захавала яго ўнучка – усяго 15 штук. Людміла Сяргееўна згадвае, як сям’я святара любіла бавіць час: усе шмат чыталі, а маці цудоўна спявала рамансы. У доме быў грамафон, лямпавы радыёпрыёмнік, сям’я часта слухала музыку. На гэтых здымках інтэр’еры ў вясковай хаце святара нагадваюць гарадскую кватэру – з якаснай мэбляй, бібліятэкай, прыгожымі шпалерамі на сценах, дарагімі гадзіннікамі; каля працоўнага месца сына – карта свету. Такая вясковая, местачковая інтэлігенцыя – з абавязковым Чэхавым на паліцы…

Таму ўнікальнасць гэтага архіва яшчэ і ў тым, што фатограф затрымаў у сваіх кадрах асяроддзе і адметную атмасферу, у якой жыла сям’я святара і яго суседзі. Яму ўдалося затрымаць для нас мімалётны рух жыцця, жывы, натуральны, не прызначаны для пазіравання на камеру. Гэта вельмі каштоўныя фатаграфічныя моманты…

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: