«Важна здымаць хроніку проста цяпер»: рэжысёрка Ксенія Галубовіч – пра дакументалістыку і кінафестываль «1084. На мяжы»

Культура
Кадр з фільма "Кураж". Рэжысёр: Аляксей Палуян.

Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы» працягвае паказы ў Кіеве. З 30 лістапада па 2 снежня ў кіеўскім кінатэатры «КІНО42» адбудуцца афлайн-паказы беларускіх стужак: «Тато» Ларысы Арцюгінай і Марты-Дар’і Клінавай, «Кураж» («Смеласць») Аляксея Палуяна, «Вырасла, пакуль ты спала» Марціна Саутэра. Грошы з продажу квіткоў будуць накіраваныя на закупку медыцынскага абсталявання ў грамадзянскія і ваенныя шпіталі Украіны.

«Важна здымаць хроніку проста цяпер»: рэжысёрка Ксенія Галубовіч – пра дакументалістыку і кінафестываль «1084. На мяжы»

З 9 снежня чакаецца анлайн-версія для беларусаў — фільмы ўжо украінскіх рэжысёраў можна будзе паглядзець на сайце фестываля.

Мэта кінафоруму «1084. На мяжы» – стварэнне пляцоўкі, праз якую можна знайсці кропкі перасячэння, тое, што яднае беларусаў і ўкраінцаў, падтрымка беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі, а ўкраінцамі ­— беларусаў у барацьбе з дыктатурай і тэрорам.

Як дакументальнае кіно дапамагае разабрацца ў сённяшнім дні, ці важная мастацкая рэфлексія, наколькі жывое фіксаванне падзей “па гарачых слядах” і ці сапраўды фестываль дапамагае здымаць ментальныя бар’еры ­– пра ўсе гэта паразмаўлялі з журналісткай і рэжысёрскай Ксеніяй Галубовіч. Ксенія мела магчымасць пабываць па паказах беларускіх стужак ва Украіне; каштоўным і важным з’яўляецца і яе асабісты досвед дакументалісткі.

«Важна здымаць хроніку проста цяпер»: рэжысёрка Ксенія Галубовіч – пра дакументалістыку і кінафестываль «1084. На мяжы»
Кадр з фільма «Тато». Рэжысёркі: Ларыса Арцюгіна, Марта-Дар’я Клінава.

– Ксенія, вы прысутнічалі на паказах фільмаў беларускіх аўтараў у Львове. Ці былі там украінскія гледачы і ці пачулі вы іх меркаванне пра падзеі ў Беларусі, паказаныя ў гэтых стужках?

– Сярод гледачоў сапраўды былі ўкраінцы, якія пасля расказвалі, што яны не ведалі, а галоўнае – не разумелі, што адбывалася ў нас у 2020-м.

Асабліва велізарнае ўражанне зрабіла на іх стужка Аляксея Палуяна “Кураж”, бо, як высветлілася, нашы пратэсты ўкраінцы ўяўлялі сабе зусім па-іншаму. А тут высвятляецца, што гэта было не проста хаджэнне людзей з кветачкамі, а ўсё намнога больш складана, цяжка і балюча.

– Мэта фестывалю – навесці масты паразумення паміж украінцамі і беларусамі. Наколькі гэта атрымалася?

– Арганізатары стараліся падабраць праграму пра актуальныя падзеі ў Беларусі і Украіне. Адна з суарганізатарак Таццяна Гацура-Яворская цяпер ва Украіне, і яна выдатна разумее, наколькі важна пашыраць веды адно пра аднаго – украінцаў пра беларусаў і беларусаў пра ўкраінцаў.

Безумоўна, пры адборы фільмаў улічваліся і крытэрыі мастацкай вартасці, бо было з чаго выбіраць: пра падзеі 2020-га адзнята вельмі шмат дакументальнага матэрыялу, так бы мовіць, “па гарачых слядах”. Паказаць гэта ўсё падчас аднаго фестывалю проста фізічна немагчыма, таму акцэнт быў зроблены на больш яркія падзеі і на больш вартаснае кіно.

– Была нейкая стужка, якая асабліва ўразіла?

– Фільм “Тато” Ларысы Арцюгінай і  Марты-Дар’і Клінавайпра ваенныя падзеі ў зоне АТА. Такія фільмы вельмі важныя для беларусаў, бо не ўсе валодаюць інфармацыяй пра тое, што адбывалася ў Луганску і Данецку. У нас ніколі не было дакладнага адчування, што вайна ва Украіне ідзе ўсе гэтыя восем гадоў – пасля 2014-га. Яна была далёкай, яна была не нашай. І таму я не лічу справядлівымі нашы прэтэнзіі да ўкраінцаў, маўляў, дзе вы былі ў 2020 годзе, бо ведаю, што яны шмат дапамагалі людзям, якія ўцяклі ў іх краіну з Беларусі. Пра гэта таксама патрэбна распаўсюджваць інфармацыю, яе недастаткова – гэтых ведаў адно пра аднаго.

– Так, гэта відавочны факт, таму фестываль і спрабуе гэту нішу нейкім чынам запоўніць…

– Мне ўвогуле здаецца, што ўсе канфлікты адбываюцца па прычыне недахопу інфармацыі і адсутнасці разумення паміж людзьмі. Калі мала фільмаў, мала тэкстаў – тады пачынае перамагаць прапаганда, якая трактуе сітуацыю па-свойму. Таму любы фільм, які паказвае відавочныя факты, вырашае праблему няведання.

Цяпер вельмі важна старацца даносіць як можна больш  праўды. Таму што праўда ў журналістыцы і ў кіно – яна розная. Кіно перадае інфармацыю вачыма людзей, вачыма герояў стужак, кіно нас кранае больш, мацней ўздзейнічае на нашы пачуцці, чым, напрыклад, тысяча здымкаў з эксгумацыяй: на першай сотні ты траціш успрымальнасць. Зусім іншая справа, калі ты бачыш жывых людзей і назіраеш за іх гісторыямі, ты пражываеш з імі ўсе гэтыя падзеі.

— Наш сённяшні дзень, тая дэпрэсіўная яма, у якой мы ўсе апынуліся… Якім чынам, на вашу думку, гэты стан будзе адлюстраваны ў дакументальным кіно? Усё ж нейкіх яркіх падзей не адбываецца…

– У той сітуацыі, у якой мы апынуліся, вельмі важна фіксаваць тое, што адбываецца сёння, каб не страціць сувязь, кантакт унутры нашай грамадзянскай супольнасці. У гэтай сітуацыі вартасць набываюць усе фільмы, незалежна ад іх мастацкай якасці. Нехта павінен рабіць хроніку проста цяпер, бо мы не можам чакаць 20 гадоў, каб зрабіць свае “Спіскі Шындлера”. А колькі мы не ведаем з таго, што адбываецца цяпер штодня! Таму так важна шукаць тое, што ўплывае на сітуацыю, і шукаць кропкі судакранання.

«Важна здымаць хроніку проста цяпер»: рэжысёрка Ксенія Галубовіч – пра дакументалістыку і кінафестываль «1084. На мяжы»
Кадр з фільма «Вырасла, пакуль ты спала». Рэжысёр: Марцін Саўтэр.

– Вы думаеце, нехта здымае пра нас, цяперашніх, дакументальнае кіно?

– Хроніка здымаецца пастаянна, проста сёння небяспечна нешта паказваць, каб не падстаўляць людзей. Некалі выйдзе на свет і дакументальнае кіно, і хроніка пра наш час. Тое, што мы не бачым нечага, не азначае, што гэтага ніхто не робіць.

Мне здаецца, гэта вялікая праблема той сітуацыі, у якой мы сёння апынуліся: нам здаецца, што вакол ніхто нічога не робіць, але многія проста не могуць паказаць вынік сваёй працы. Важна верыць адно ў аднаго і разумець, што многія людзі працуюць на максімуме. Але мы жывём у такі страшны час, што справы трэба рабіць моўчкі.

Глядзіце, нават сёння працягваюць знаходзіць візуальныя дакументы пра падзеі Другой сусветнай вайны, і гэта пры тым, што фотаапараты тады былі ў адзінак.

Таму я ўпэўнена, што пра наш час задакументавана будзе шмат. Рэжысёрам будзе з чым працаваць.

Многае здымаецца на тэлефон і грузіцца у Воблака. Матэрыялаў будзе багата і з супрацьлеглага боку, улічваючы, колькі яны наздымалі на камеру і працягваюць здымаць. І «пакаяльныя» відэа – гэта архівы. І іх хроніка – гэта архівы. Яны будуць важнымі для асэнсавання і рэфлексіі, галоўнае, каб не паспелі знішчыць.

– Спачатку гэтыя архівы спатрэбяцца на судзе, а пасля за іх возьмуцца рэжысёры.

– Так, людзі будуць сведчыць, і дакументы – таксама.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: