Алесь Беляцкий призвал к диалогу для национального примирения в последнем слове

Главное
Алесь Беляцкий. Фото: Facebook

Руководитель правозащитного центра «Вясна» и лауреат нобелевской премии мира Алесь Беляцкий выступил в суде с последним словом.

Руководитель «Вясны» Алесь Беляцкий, его заместитель и вице-президент FIDH Валентин Стефанович, юрист Владимир Лабкович и Дмитрий Соловьев обвиняются по ч. 4 ст. 228 («Контрабанда организованной группой») и по ч. 2 ст. 342 («Финансирование групповых действий, грубо нарушающих общественный порядок»). Обвинение запросила для Беляцкого 12 лет лишения свободы, для Стефановича — 11 лет, для Лабковича — 9 лет, для Соловьева заочно 10 лет. Также всем требуют назначить штраф по 5 тыс. базовых величин, что составляет 185 тыс. рублей. Приговор будет озвучен 3 марта.

Приводим последнее слово Алеся Беляцкого полностью:

Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў «Вясны» — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст.

А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва. Паўтара года цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фінішу. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.

Відавочна, калі мы азнаёміліся з некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, следства выконвала пастаўленую перад імі задачу: зняволіць праваабаронцаў «Вясны» любым коштам, знішчыць «Вясну» і спыніць нашую працу. Так можна патлумачыць нечаканую змену абвінавачання з «нявыплаты падаткаў» (яно існавала 13 месяцаў, фактычна са дня нашага затрымання) на «кантрабанду арганізаванай злачыннай групіроўкай», якую зрабілі з «Вясны». Відавочна, што ўлады парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне абароны праваабаронцаў у межах аб’яднаных пагадненняў ААН і АБСЕ.

Асобна трэба адзначыць моцна негатыўную суб’ектыўную ацэнку праваабаронцаў «Вясны» падчас папярэдняга расследавання з боку дзяржаўных СМІ: розных тэлеканалаў і газеты «Беларусь сёння», заснавальнікамі якой з’яўляецца адміністрацыя прэзідэнта. Так, ужо ў верасні мінулага года ў тэкстах сцвярджалася, што «праваабаронцы распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама фінансавалі пратэсты».

Асобна выбрас у два кашы розных плётак, хлусні, маны быў зроблены за апошні тыдзень, і ўчора [12 лютага] гэта ўсё актыўна дэманстравалася і паказвалася па дзяржаўных тэлеканалах, дзе нас абвінавачвалі ў розных грахах, да якіх не дадумвалася нават следства і пракуратура. Мне тут бачыцца парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, прамога ціску на суд, бо нас яшчэ не асудзілі, але дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўжо называюць нас злачынцамі.

Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон «Аб зваротах грамадзян»: калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне.

Абвінавачанне і суд практычна адмовіліся ад допыту, ад пытанняў, якія іх цікавілі падчас працэсу і майго допыту. Складаецца ўражанне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку яшчэ да суда. Нагадваю, што ні пракуратура, ні суд так і не далі мне магчымасці азнаёміцца з усімі 284 тамамі так званай крымінальнай справы.

Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў «Вясны» сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. Пад катком рэпрэсій апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолагі, прафсаюзныя актывісты з незалежных прафсаюзаў, лідары і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, як і самі кандыдаты ў прэзідэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмены, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў ды і проста выпадковыя людзі. У краіне сёння паўтары тысячы палітычных зняволеных. Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасля пакарання выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах. Нічога дзіўнага, што ў гэты час, калі ў Беларусі паляцелі ў тартарары правы чалавека, і праваабаронцы таксама апынуліся ў турме. Гэта кіраўніца Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, валанцёрка Таццяна Ласіца і іншыя валанцёры, якія дапамагалі ахвярам масавых рэпрэсій.

Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з’яўляюцца ў СІЗА. Так, нядаўна была арыштаваная праваабаронца Наста Лойка. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодныя, неўяўляльныя і нябачныя дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадства з боку ўладаў! У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе. Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзняволеных.

Я перакананы, што курс, узяты ўладамі на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзору таталітарнага грамадства а-ля «Савецкі саюз 70-х гадоў», зусім бесперспектыўны. Свет ідзе наперад — у постіндустрыяльную эпоху. Ужо вырасла новае пакаленне, і мільёны беларусаў, якія маюць інакшае ад яшчэ той савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасці. Яны не хочуць жыць у савецкай казарме. Для іх мала скібкі хлеба, палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала, пасмажанага на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаны і палічаны. Яны хочуць жыць у эканамічна развітай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

Падзеі 2020 году, масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, супраць парушэнняў правоў чалавека выразна паказалі лепей за любую сацыялогію. Багата для каго гэтыя падзеі былі нечаканасцю, а для ўладаў — непрыемным сюрпрызам. Трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзеленыя біялагічна, каштоўнасна, ментальна, але тым, хто жыве ў грамадстве, відаць, што гэты падзел ідзе па ўзросце, па месцы пражывання, па ўзроўні адукацыі, хаця нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма. Па ўсім свеце грамадствы неаднародныя. Яны складаюцца з розных людзей розных поглядаў, іхныя інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а сапраўды справядлівыя выбары даюць магчымасць адносіцца з больш-менш пэўным даверам да ўлады. Падзел беларускага грамадства не фатальны. З ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць, але яго існаванне трэба ясна ўсведамляць, а не заплюшчваць вочы і не будаваць сабе ўтульны свет, так, як камусьці хацелася б. Мільёны беларусаў думаюць і разважаюць, урэшце жывуць, вось так, а мільёны — па-іншаму. І не так важна, каго сёння больш. І адных, і другіх мільёны. Важна зразумець, што такі ўнутраны падзел грамадства надоўга. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадству незалежна ад нашых поглядаў і перакананняў — прыйдзецца яшчэ доўга жыць. У гэтай сітуацыі курс на канфрантацыю, калі адная частка — сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды — цісне і душыць другую, небяспечны і бесперспектыўны. Ён вядзе ў нікуды. Гісторыя краінаў Лацінскай Амерыкі XX стагоддзя — Чылі, Аргенціна, Гаіці і іншых краін — гэтаму пацверджанне. Хунты Бананавай рэспублікі, дыктатуры не маюць перспектывы для доўгага жыцця і развіцця. Вынікі такой палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму — гэта няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта туга завязана паміж сабой.

Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: «Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад». Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якім апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансенсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства. Дзеля захавання Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народу, нам усім, а найперш — уладам, трэба праявіць мудрасць і дальнабачнасць. Я згадваю наш заклік, Праваабарончага цэнтра «Вясны», перад выбарамі 2020 году, які быў апублікаваны на нашым сайце і ў іншых сродках масавай інфармацыі. У ім мы заклікалі ўлады не ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужылі — і чым гэта скончылася?

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране. Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанц на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: