Антыдот забыцця: пра што фільм Тані Свірэпа “Беларусь 23.34”, які можна глядзець у сеціве проста зараз?

Культура
Афіша да дакументальнай карціны Таццяны Свірэпа "Беларусь 23.34".

“Беларусь 23.34” – фільм беларускай дакументалісткі Тані Свірэпа пра падзеі жніўня 2020 года і людзей, якія трапілі ў пекла Акрэсціна, – да 15 мая даступны ў анлайн-праграме “Артдокфэсту”. Акурат цяпер стужку можна глядзець па падпісцы ў любой краіне свету акрамя Беларусі на сайце фестывалю дакументальнага кіно. Аглядальніку Reform.by ўдалося ўбачыць дзве версіі карціны – і гэта ў любым выпадку фільм-сведчанне, які распавядае галасамі самых розных беларусаў пра агульную калектыўную траўму. Глядзець яго цяжка, часам невыносна, але важна.

На сайце Artdoc.media цяпер размешчана для прагляду версія “Беларусь 23.34” , дзе твары герояў фільма схаваныя ў мэтах бяспекі. (У гэтых жа мэтах фільм недасяжны ў Беларусі). У сувязі з гэтай мерай напярэдадні паказу рэжысёрка карціны зрабіла заяву. “Ситуация с политическими репрессиями и заключенными в Беларуси с каждым днем ухудшается. Участников ненасильственных протестов 2020 года теперь задерживают по уголовным статьям и дают огромные строки. Поэтому мы закрыли в фильме все лица, которые могут быть распознаны карательными силовыми структурами”, – адзначыла Таня Свірэпа, і дадала, што гэты крок, у той жа час, дае прастору для фантазіі. “Каждый смотрящий может легко подставить своё лицо вместо говорящего и лучше прочувствовать ситуацию”, – дадае яна.

Антыдот забыцця: пра што фільм Тані Свірэпа "Беларусь 23.34", які можна глядзець у сеціве проста зараз?
Кадр з фільма Тані Свірэпы.

Для Тані Свірэпа – гэта трэцяя карціна пасля яе дакументальных фільмаў – “Некалькі слоў пра маю маці і яе сабаку”, і “Чысцец”. Фотаграфка і журналістка, яна займалася арт і дакументальнымі праектамі, смела звярталася да сацыяльнай тэматыкі, і “Беларусь 23.34” ўзнікла як шчырае імкненне рэжысёркі зафіксаваць пераломны і страшны момант гісторыі краіны.

Два гады таму Таня Свірэпа звярнулася да валанцёраў, якія бралі інтэрв’ю ў людзей, пацярпелых ад рэпрэсій. Яна папрасіла кантакты розных герояў – у першую чаргу, дакументалістку цікавілі гісторыі простых людзей – розных узростаў, прафесій. У выніку ў “Беларусь 23.34” ўвайшлі ўрыўкі з 25 інтэрв’ю з беларусамі, што прайшлі праз досвед затрымання ў 2020 годзе і ўдзелу ў мірных пратэстах. Здымкі стужкі працягваліся два тыдні. А падтрымалі карціну кінематаграфісты з Даніі, Украіны і Польшчы.

Структура “Беларусь 23.34” – даволі простая. У чорным пакоі – умоўнай чорнай прасторы – мужчыны, жанчыны, маладыя людзі і сталыя распавядаюць пра свой досвед. Аніякіх залішніх дэталяў – толькі чалавек і яго сведчанне. У пэўным сэнсе дапамагае ўявіць гісторыю героя хроніка відавочцаў і СМІ, выява якіх часам транслюецца на сведку і сцену за ім. Пачынаецца карціна з аўдыязапісу голасу падобнага да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Караева, у якім ён настаўляе падначаленых на пераслед і жорсткі гвалт у дачыненні тых, хто “пагражае нам з вамі”. “Все бросайте, находите эту тварь и убивайте”, – гучыць голас мужчыны ў запісу.

Сёння вяртанне ў жнівень-верасень 2020 года – гэта выпрабаванне не з лёгкіх. Асабліва, калі вяртанне фіксуецца на злачыстве ўладаў у дачыненні сваіх грамадзян. “Беларусь 23.34” – гэта хроніка болю, якую Таня Свірэпа паспела запісаць па свежых слядох. У фільме пра пекла, якое яны перажылі, кажуць простыя беларусы: ад 19-гадовага юнака да 69-гадовай пенсіянеркі. Гавораць “з блізкай дыстанцыі”, проста, часам стрымліваючы эмоцыі, часам даючы ім волю – і гэтыя асобныя галасы людзей сабіраюцца разам у калектыўны досвед – вялікую траўму, якую перажыла і перажывае Беларусь.

Па сутнасці, гледачу карціны прапануецца прайсці шлях, пачынаючы ад галасавання на ўчастках, і далей – чакання яго вынікаў ля школаў, абурэнне агучанымі лічбамі і рэакцыі на падман. І далей – пратэсты на вуліцы, разгон дэманстрацыі, ужыванне святлошумавых гранатаў, гумавых куляў сілавікамі ў дачыненні бязбройных беларусаў, траўмы, забойста, затрыманні, і гвалт, гвалт, гвалт – у аўтазаку, у РАУС, на Акрэсціна, у камерах… “Нас паклалі ў бок і пачалі біць дубінкамі, крычаць, мацюкацца, усяляк прыніжаць”, – даволі спакойна апісавае свой досвед у РАУС адзін з пацярпелых. “Выставілі ў двары, да сценачкі, і пачалі ўжо прафілактычна апрацоўваць дубінкай. Мне зламалі рабро і адбілі нагу, таму што я меў дзёрзкасць скрысціць ногі, стоячы ля сцяны”, – расказвае іншы мужчына. “Там было проста месіва”, – дзеліцца яшчэ адзін. Людзі простымі словамі апісваюць страшныя рэчы – бесчалавечную карную аперацыю, праз якую прайшлі дзясяткі тысяч беларусаў. Катаванні – холадам, голадам, псіхалагічнае, фізічнае… Злачынства, якое да гэта пары не асуджана, не ацэнена ў сваіх памерах, – беларускі глядач, у прыватнасці, вяртаецца ў адзін з самых страшных сваіх кашмараў. Ён не знік, нягледзячы на старанні ўладаў “перевернуть страницу”.

Фільм Тані Свірэпа – акурат доказ таму, што ўсё гэта было і жыве з тымі людзьмі як вялікае гора і несправядлівасць. Гэта траўма не знікла нікуды, і, магчыма, не знікне, колькі бы разоў мы пра яе ні чулі. Гэта гора, якое памятае беларускае грамадства, –  і да яго яшчэ далучыўся горыч ад разгрому пратэстаў, адчай з-за рэпрэсіяў, якія сталі ў краіне руцінай…

Беларуская дакументалістка паспела захаваць на камеру сведчанні пацярпелых у 2020 годзе людзей, вывезці матэрыял у Кіеў, потым – у Польшчу, і зрабіць фільм, які пры простым, лічы, журналісцкім, падыходзе, мае сваю інтанацыю і аблічча. Адметнасць “Беларусь 23.34” – у эмпатыі да герояў, своечасовасці; яна – таксама і ў мантажы, які збірае інтэрв’ю і хроніку ў агульную карціну.

Мне ўдалося ўбачыць “Беларусь 23.34” у яго першай версіі – калі твары герояў не схаваныя ў мэтых бяспекі. І менавіта рэакцыя людзей, іх эмоцыі на твары, позірк вачэй, жэсты – усё разам – аказвае вялікае ўражанне. Бо гэта вялікая мужнасць – распавесці пра тое, што прайшоў чалавек, пра свае пакуты. І камера не хавае нічога.

У актуальнай версіі для “Артдокфэсту”, праз размыванне аблічча герояў гэты эфект крыху сыходзіць – фільм паўстае больш дакументам, у якім калектыўнае сведчанне збірацца з ананімных галасоў і абліччаў. Але і гэты дакумент – важны і неацэнны. І дзякуй Тані Свірэпа за тое, што ён у нас ёсць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: