Фотографии: Вадим Замировский
in , ,

10 крокаў да дэмакратыі. Алесь Белы аб тым, як развіваць рэгіёны ў Беларусі

Правы амерыканцаў – гэта правы іх штатаў, правы немцаў – гэта правы іх федэральных зямель, правы галандцаў – гэта правы іх правінцый. Паўсюль у цывілізаваным свеце рэгіёны з’яўляюцца апорай свабоды грамадзян, і толькі ў нас правінцыя дагэтуль лічыцца аплотам рэакцыі і невуцтва. # RFRM пагаварыў з гісторыкам Алесем Белым пра тое, чаму больш нельга жыць па прынцыпу «Беларусь uber alles», і як развіваць рэгіёны.

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Многія ведаюць Алеся Белага як галоўнага знаўцу гісторыі беларускай кухні, а таксама як чалавека, што даследваў паходжанне хароніма «Белая Русь». Але не ўсе ў курсе, што, акрамя гэтага, ён з’яўляецца адным з актыўнеўшых папулярызатараў ідэй рэгіяналізму ў Беларусі.

З Алесем мы паспрабавалі разабрацца, чаму Беларусі не пагражае сепаратызм і як маленькія культурныя помнікі вёсак ці лакальная памяць пра вайну, аб якой маўчыць музей Велікай Айчыннай вайны, могуць спрыяць развіццю рыгіёнаў і нават пераўтварыць іх ў турыстычную Меку. Глядзім, вось нашыя 10 крокаў да рэгіяналізму:

Крок 1. Разабрацца, што ж такое рэгіяналізм

У шырокім сэнсе — гэта змаганне за пераразмеркаванне дзяржаўных правоў на карысць рэгіёнаў. Але гэтыя «правы» моцна залежаць ад кантэксту кожнай канкрэтнай краіны. Напрыклад, у Іспаніі імкненне да большай аўтаноміі рэгіёнаў часта выліваецца ў сепаратызм — Каталонія, Краіна Баскаў і г.д. У сучаснай Беларусі, рэгіяналізм мог бы стаць добрай магчымасцю для развіцця нацыянальнай свядомасці людзей.

Удала выбраная канструкцыя рэгіёнаў робіць канструкцыю самой нацыі больш устойлівай.

Было б добра мець магчымасць выражаць сваю рэгіянальную ідэнтычнасць і каб гэта ўспрымалася спакойна. Але пры гэтым важна, каб і самі рэгіяналісты не перагіналі палку ў сваіх памкненнях. Трэба разумець, што мадэль нацыянальных дзяржаў, якая накіравана на аднароднасць, ужо адыграла сваю ролю.

Крок 2. Вызначыць умоўныя рэгіёны: стаўка на Заходняе Палессе і Налібокскую пушчу

Якія рэгіёны найбольш перспектыўныя? Гістарычная памяць у меншай ступені разбурана менавіта ў Заходняй Беларусі. Але трэба разумець, рэгіён — гэта не нейкая тэрытарыяльная адзінка з адміністратыўным цэнтрам. Не факт, што гэтыя рэгіёны ўвогуле змогуць некалі стаць адміністрацыйнымі адзінкамі. Напрыклад, ва Францыі, калі краіну падзялілі на дэпартаменты, разуменне таго, што вось гэта — Нармандыя, а гэта — Пікардыя, нікуды не знікла. І адчуваецца не палітычна, але ў турызме, мясцовых фестывалях, кухні і іншых «мяккіх» культурных праявах.

У Беларусі я б вызначыў Заходняе Палессе. Гэта тая частка сучаснай Беларусі, якая раней была часткай Галіцка-Валынскага княства і захавала натуральную схільнасць да украінскіх дыялектаў.

Таксама трэба ўзгадаць Налібоцкую пушчу і наваколіцы – там таксама ёсць пэўныя падставы, умовы гаспадарання і нюансы гістарычнага лёсу. А таксама такая аб’ядноўваючая рэч, як Налібоцкі заказнік. Гэта рэгіён з разнароднай гістарычнай памяццю: ён запаведнік для беларусаў, палякаў, габрэяў і нават літоўцаў. Гэты рэгіён мог бы быць эталонным для Беларусі ў сэнсе пашаны да розных традыцый. А таксама рэгіён, з якога ў значнай ступені выйшла беларуская літаратурная мова.

Запаведнік — як генератар сэнсаў. Што яшчэ? Ёсць цікавый іншаэтнічныя анклавы, як літоўскія Гервяты, татарскае Іўе, Івянец або Сапоцкін з іх моцнымі польска-каталіцкімі сімпатыямі.

Шмат чаго ёсць, калі культываваць усур’ёз але, на жаль, рэгіянальны і «іншаэтнічны» турызм амаль што не развітыя. Усім прадаюць «адны на ўсіх» Курган славы і Хатынь.

Крок 3. Адрадзіць мясцовую памяць пра вайну: ксёндзы-ваяры і габрэі-партызаны

Я часта гавару пра вайну, таму што яна для нашай дзяржавы з’яўляецца галоўнай крыніцай ідэнтычнасці. Фактычна, дзяржава ўзнікла з вайны, і сімвалічна, што ў гэтых пакутах яна была нанесена на карту свету. Але ж пры ўсім гэтым нізавая памяць пра вайну розная. Я не кажу пра падзел на тых, хто сімпатызаваў нацыстам, і тых, хто супрацьстаяў. Спадзяюся, у гэтым сэнсе мы назаўжды захаваем агульная для ўсіх непрыняцце нацызму. Але, напрыклад, аказалася, што ёсць у нас спецыфічная каталіцкая памяць пра вайну — у Касцёла былі свае пакутнікі, якіх кананізаваў папа Ян Павел II, і Касцёл падтрымлівае ў нашай Налібоцкай пушчы памяць пра ксяндзоў — ахвяр карнай аперацыі «Герман» 1943 года. Але ў нас амаль ніхто пра гэта не ведае.

Не быў у новым музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але не думаю, што там паказана роля і пакуты каталіцкага кліру або габрэйскіх партызанаў.

Лічу, што ў нас вельмі мала робіцца для таго, каб дэцэнтралізаваць памяць аб вайне, перанесці яе асноўны цяжар у канкрэтныя рэгіёны. Ёсць агульны антынацысцкі вектар і ўсё. Увогуле, тое, што мы «памятаем« аб вайне сёння, было сфармулявана ад сярэдзіны 60-х, калі прызналі заслугі партызанскага руху, мінскага падполля, да сярэдзіны 70-х, калі Мінск атрымаў званне «Горад-герой». Але з тых часоў прайшло больш за 40 гадоў. І дзяржаўныя інстытуты не робяць нічога ў гэтым накірунку.

Крок 4. Зразумець, што рэгіяналізм у Беларусі — гэта не сепаратызм і не ДНР

Я свабодны ад страхаў наконт «беларускага ДНР». На нашай усходнееўрапейскай прасторы, у тым ліку тых краін, якія ўступілі у ЕС ці да яго імкнуцца, федэралізацыя, як яна ёсць у Германіі, Іспаніі, Бельгіі, не актуальная. Таму што федэралізацыя — гэта гульня для дарослых. Калі ёсць развітая культура ўзгаднення групавых інтэрэсаў, парламенцкая культура. У нас жа амаль адсутнічаюць нейкія арганічныя і зацікаўленыя ў гэтым групы. Так што з’явіцца могуць толькі нейкія крыклівыя сімулякры. Ды на іх тут не трэба звяртаць увагу.

Нашыя людзі не так даўно з прыгону выйшлі і яшчэ не навучыліся ствараць асацыяцыі — ёсць закон свабоды сходаў і г.д, але людзі гэтай свабодай пакуль не ўмеюць як след карыстацца.

И яшчэ адно: патэнцыйна любы паўнафарматны рэгіяналізм можа вырасці ў сепаратызм, але трэба разумець, што памер рэгіёну, яго эканамічнае становішча і рэсурсы не заўжды спрыяюць вылучэнню паспяховай мікра-краіны, таму часта з’яўляюцца «Failed state» («дзяржава, якой не адбылося» — RFRM). У Беларусі наогул пакуль у публічную прастору транслюецца адзіная ідэнтычнасць, і для нас праблема сепаратызму не вельмі актуальная, калі яго ніхто не інвесціруе звонку. А федэралізацыя была б таксама бессэнсоўнай, таму што няма ніякіх зацікаўленых груп.

Крок 5. Палітычнай аўтаноміі не будзе — засяродзіць увагу на культуры

Мой асабісты інтарэс не датычыцца паўнамаштабнай палітычнай аўтаноміі. Для нас больш актуальна гаварыць пра культурны рэгіяналізм.

Для таго, каб з’явіліся нейкія культурныя рэгіёны, трэба мець мясцовае самакіраванне хаця б на ўзроўні сельсавета. У гэтым плане мне падабаецца Польшча з яе вельмі актыўнымі гмінамі (найменшая адміністратыўная адзінка ў Польшчы — RFRM), актыўнасць якіх у вялікай ступені дэпалітызаваная. Паколькі большасць з сяброў гмінных рад не належаць ні да якіх палітычных партый, а калі і належаць, то не афішуюць. Таму што ў сельскай мясцовасці не вельмі давяраюць ідэалагічным лозунгам з гарадской палітычнай прасторы. Падобнае мясцовае самакіраванне з’яўляецца патэнцыйнай крыніцай дэмакратыі ў самым лепшым яе сэнсе, у нізавым. Такім чынам ствараецца процівага масавым дэмагагічным гульням. Разам з тым, гэта не азначае ўсеагульнай пасіўнасці, як у Беларусі. У Польшчы жыхары вёсак гатовы актыўнічаць, але не гатовы прымаць кіраванне дэмагогаў.

Крок 6. Вырашаць праблемы вёскі

Якія яны? Па-першае, праблема ў структуры зямельнай маёмасці, таму што і калгасы, і кааператывы, і ўнітарныя аграпрадпрыемствы – усё гэта кіруецца мясцовай калгаснай арыстакратыяй. Па-другое, няўменне людзей кааперыравацца вакол мясцовых праблем. Па-трэцяе, адсутнасць адукаванага сярэдняга класу – у нас амаль знікла вясковая інтэлігенцыя. Самыя актыўныя з’язджаюць у гарады, прычым часцей за ўсё ў Мінск.

Калі ты хочаш застацца ў рэгіёне, то павінен ахвяраваць усім і апускацца ледзь не на сацыяльнае дно. Зразумела, что гэта не спрыяе развіццю ні вёскі, ні рэгіёнаў у цэлым.

Крок 7. Раскручваць тавары-сімвалы, якімі можна ганарыцца

У Валожынскім раёне паступова адраджаецца памяць пра Івянецкае і Ракаўскае графствы. Гэта не прэтэнзіі на тое, каб аднавіць нейкія феадальныя адміністратыўныя адзінкі, але, хутчэй, агульнасусветны трэнд – ідэнтычнасць, якая раней была створана нейкай феадальнай сям’ёй, з часам ператвараецца ў ідэнтычнасць, якую ў гэтай сям’і адваявалі і прысвоілі сабе яе атрыбуты усе жыхары тэрыторыі.

Дык цяпер некаторыя машыны ездзяць з гербам графства, як і я сам, а пэўны час езділі і ўсе маршруткі найбуйнейшай лініі Івянец-Мінск, пакуль не распрацавалі ўласную эмблему.

Або возьмем парк Румянцава ў Гомелі – калісьці ён быў эксклюзіўнай забавай, якая стваралася для адной сям’і, і ні ў кога нават думкі не было, каб пускаць туды простых гараджанаў. Але з часам усё змяняецца, і вось ужо сёння тыя, хто туды прыходзяць, уяўляюць сябе не падданымі арыстакратычнай сям’і, а гаспадарамі гэтага месца.

Крок 8. Аднавіць рэгіянальныя скарбы

Калісьці ў нас у Івянцы быў маёнтак, так званы «Белы двор», які на працягу 250, а можа, і болей, гадоў належаў мясцовым феадалам – спачатку Салагубам, потым Плевакам, затым Каверскім і г.д.. Уладальнікі «Белага двара» змяняліся, але ўсе самыя важныя рашэнні ў Івянецкім графстве ўсё роўна прымаліся менавіта там. Мая асабістая мара – убачыць некалі адноўленым гэты Белы двор. Зразумела, што большасць такіх маёнткаў з’яўлялася, у нейкім сэнсе, канцэнтратарамі эгаізму, але ўсё роўна, для невялічкіх акруг яны ў пэўным сэнсе былі рэгіянальнымі сімваламі, такімі, якімі для гарадоў з’яўляліся ратушы. У нас амаль у кожным раёне можно знайсці нешта падобнае — нашы маленькія «Бастыліі», якія разбурылі пасля рэвалюцыі. Вось іх і варта, калі ўдаецца, аднаўляць, але гэта пакуль цяжка, таму што ў грамадстве дагэтуль пераважае «антыпанскі» дыскурс.

Крок 9. Паслаць далей хлеб «Радзивилл» ці селядзец «Князь Рыбанька» і паважаць ужо гісторыю

Я заўсёды гаварыў, што «радзівілаўскія» хлеб, рэстаран, гастраном, сын і г.д. – гэта ўсё незаконнае, таму што палітыка брэндаў груба парушае правы на індывідуальную маёмасць асобнай сям’і, якая жыве дагэтуль. Справа не ў саміх Радзівілах, а ў тым, што груба нацыяналізуюць інтэлектуальную ўласнасць, само прозвішча роду, у пэўным сэнсе інтымную рэч, і гэта недапушчальна.

Крок 10. Рабіць прадукт, які зможа зацікавіць турыстаў

Рэгіяналізм — гэта не пра тое, каб ладзіць паходы на пікеты і дэманстрацыі, а пра тое, каб аднаўляць і шанаваць рэгіянальныя прадукты, якімі можна ганарыцца.

Няхай гэта будуць смаргонскія баранкі, нарачанская сялява, пінскія ўюны, навагрудскі сыр і г.д.

Трэба, каб людзі, якія бачаць якія-небудзь выразныя мясцовыя сімвалы, каапераваліся і разам вырашалі, што з гэтым можна зрабіць – нейкі прадукт, турыстычную паслугу і г.д. Карацей, трэба ствараць тавары-сімвалы, якія былі б пазнавальнымі, патрабавалі калектыўнай кааперацыі і былі ў калектыўнай уласнасці роўных паміж сабой людзей, мясцовых патрыётаў. Вось такая агульная рэкамендацыя.

П.С.: А які сімвал ці які прадукт вашага роднага месца вы б хацелі аднавіць ці праславіць? Дзяліцеся, сябры!


  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  


Вам это интересно?

1 голос
Upvote Downvote

Total votes: 1

Upvotes: 1

Upvotes percentage: 100.000000%

Downvotes: 0

Downvotes percentage: 0.000000%

Топ-6 реформ новой Грузии, которые стоит провести в Беларуси

Что читать: тренируем мозг для больших реформ