in , , , ,

Авіяносец «Адмірал Кузняцоў»: тое, што мёртвае, памерці не можа?

Народжаны камуністамі зомбі як наглядны ўрок сутыкнення ідэалогіі і рацыянальнага мыслення.

Фото: Лев Федосеев / ТАСС

Ужо амаль тры гады самы буйны карабель расейскага ваенна-марскога флоту стаіць на рамонце – і канца гэтаму працэсу не бачна. Нават у самай спакойнай не баявой сітуацыі з ім адбываюцца ўсё новыя і новыя аварыі, якія яшчэ больш адсоўваюць тэрмін выхаду карабля ў мора.


У гэтым месяцы здарылася чарговая бяда: адбыўся вялікі пажар, у выніку якога загінулі два чалавекі, а 12 атрымалі раненні.

Цяпер карабель выйдзе ў мора не раней за 2022 год, а хутчэй за ўсё – яшчэ пазней ці зусім ніколі. Яшчэ ў пачатку 2019 года расейскія дзяржСМІ нават паведамлялі, што разглядаецца варыянт зусім ліквідаваць няшчасны авіяносец.

Чаму ж «Адмірал Кузняцоў» стаў такім, якім стаў, у чым прычына ягонага сумнага лёсу?

Важная заўвага!

Гэты артыкул пісаўся не для таго, каб беларусы павесяліліся з нагоды расейска-савецкіх памылак і праблемаў (як мінімум гэта зусім не галоўная мэта аўтара), а каб мы маглі зрабіць высновы на будучыню для сябе, што і як не варта рабіць пры прыняцці нейкіх важных рашэнняў.

Вучыцца на памылках заўсёды карысна, асабліва калі яны – чужыя. Яшчэ лепш, калі гэта памылкі вашага найбольш верагоднага знешняга праціўніка ці канкурэнта. Гэта значыць, што ён патраціў дарма каштоўныя рэсурсы, час і высілкі, а вы з гэтага яшчэ і карысць атрымалі.

Давайце пастараемся атрымаць карысць з гэтай трагікамічнай гісторыі.

Ад Другой сусветнай да Трэцяй

Дзеянні амерыканскага флоту на Ціхім акіяне падчас Другой сусветнай вайны даказалі вайскоўцам усіх краін эфектыўнасць караблёў-носьбітаў авіяцыі ў марскіх баях і пры падтрымцы дзеянняў сваіх сухапутных сіл на беразе.

Японскі лінкор «Ямата» – самы цяжкаўзброены і браніраваны карабель свайго часу, які пацярпеў паразу ад маленькіх авіяносцаў. Камп’ютарная мадэль World of Warships, wiki.wargaming.net

Авіяносцы фактычна адціснулі караблі з артылерыйскім узбраеннем на другое месца. Амерыканцы, брытанцы, японцы зразумелі, што менавіта марская авіяцыя робіцца галоўнай зброяй у змаганні з флотам праціўніка. Адны толькі ЗША за вайну пабудавалі 151 карабель гэтага тыпу – ад вялікіх да малых эскортных.

І менавіта шесць невялікіх эскортных авіяносцаў паставілі кропку ў самай вялікай марской бітве вайны – бітве ў затоцы Лейтэ. Коштам цяжкіх стратаў падчас бою каля выспы Самар яны адбілі магутны ўдар японскіх лінкораў і крэйсераў і прымусілі іх адступіць.

Савецкі адмірал Мікалай Кузняцоў.

Для камандуючага савецкім ВМФ адмірала Мікалая Кузняцова (у ягоны гонар і будзе названы будучы авіяносец) у 1945 годзе важнасць авіяносцаў для будучыні флоту была відавочнай. Таму падчас абмеркавання праграмы ваенна-марскога будаўніцтва на 1946-1955 гады ён прапанаваў пачаць з будавання паўнавартаснага авіяносца. Гэта мусіў быць карабель водазмяшчэннем 15-17 тысяч тон з авіягрупай з 40 самалётаў рознага прызначэння, які б быў даступны для савецкай прамысловасці і інжынернай думкі нават у бедныя пасляваенныя гады.

Аднак «праект 72» гэтак і не быў рэалізаваны – якраз у гэты час у сталінскім СССР пачалася кампанія па змаганні з «падлашчваннем перад Захадам» і барацьбе з «касмапалітызмам». Вывучэнне і спасылкі на заходні, і перш за ўсё амерыканскі, баявы досвед сталі непрымальнымі.

У выніку спачатку адмірал Кузняцоў быў зняты з пасады галоўнакамандуючага ВМФ, а потым, у 1947 годзе, патрапіў пад суд за фактычна тое, што падчас вайны абменьваўся з хаўруснікамі СССР ваеннай інфармацыяй. Яго не пасадзілі і не расстралялі, аднак вярнуцца да распрацоўкі праграмы будаўніцтва авіяносцаў атрымалася толькі пасля смерці Сталіна.

Па ідэалагічных граблях

Новы авіяносец, якія спраектавалі ў 1950-х, ужо быў павялічаны да 29 тысяч тон водазмяшчэння і 40 баявых машын, але рэактыўных, больш цяжкіх. Пры гэтым планавалася пабудаваць аж дзевяць такіх караблёў, якія былі б гатовыя ў першай палове 1960-х гадоў.

Але ў гэты час у Кузняцова, які зноў стаў камандуючым ВМФ, узнік новы канфлікт – з міністрам абароны маршалам Георгіем Жукавым. Адмірал быў зноў разжалаваны і цяпер ужо назаўсёды адпраўлены ў адстаўку.

Мікіта Хрушчоў, які тады кіраваў СССР, захапляўся ракетнай зброяй, у выніку чаго надводны флот СССР быў абмежаваны новай ідэалагемай – трэба пераўзброіць караблі ракетамі. Амаль усе распрацоўкі вялікіх надводных караблёў былі спыненыя, у тым ліку авіяносцаў. Таксама пачалася актыўная гонка ў сферы атамнага падводнага флоту – сярод военачальнікаў паўстала «падводнае лобі», якое максімум рэсурсаў накіроўвала на развіццё падводных лодак. «Ракетчыкі» і «падводнікі» зноў патапілі праект савецкага авіяносца.

Такім чынам СССР яшчэ больш за дзесяць гадоў страціў выключна на падрыхтоўку флоту да глабальнага ядзернага армагедону, які так і не адбыўся.

Амерыканскі штурмавік A-4C Skyhawk гатовы да вылету на палубе авіяносца Franklin D. Roosevelt каля берагоў Вʼетнама, 1966 год.

У той жа час па ўсёй планеце ішлі старыя і разгараліся новыя лакальныя канфлікты, у якіх здольнасць хутка перакідваць па моры авіяцыю для падтрымкі сваіх і хаўрусных войск ці проста для «халоднага» супрацьстаяння з флотам праціўніка мела найважнейшае значэнне.

Асабліва гэта паказалі войны ў Карэі і Вʼетнаме, дзе амерыканская авіяносная авіяцыя грала вельмі важную ролю. Савецкія самалёты і самалёты хаўруснікаў СССР маглі там дзейнічаць толькі з наземных аэрадромаў, а хутка ў патрэбны кут планеты іх увогуле цяжка было перакінуць.

Такім чынам камуністы яшчэ раз адрэзалі руку свайму ж ваеннаму флоту.

Палітычная карэктнасць – на мяжы фантастыкі

Адмірал Сяргей Гаршчкоў, які 30 гадоў пасля Кузняцова ўзначальваў савецкі ваенны флот, паставіў на развіццё савецкіх надводных караблёў, аднак і пасля Хрушчова яму прыйшлося мець справу з унутранай апазіцыяй сярод «падводнага лобі».

Да таго ж усе планы СССР былі найперш разлічаныя на захоп Заходняй Еўропы, у якой флот па сутнасці мусіў толькі падтрымліваць войскі на флангах.

Адно з сакрэтных ваенных вучэнняў СССР называлася «Сем дзён да ракі Рэйн».

Адсутнасць авіяносцаў у СССР і іхняе актыўнае выкарыстанне амерыканцамі, брытанцамі і французамі стварыла новыя савецкія ідэалагічныя стэрэатыпы. Караблі-носьбіты авіяцыі, якія могуць выкарыстоўвацца ў амаль любой сітуацыі і для любой мэты, партыйнае начальства пачало разглядаць як «зброю імперыялістычнай агрэсіі», якой не месца ў савецкім флоце.

То бок атрымаўся літаральны «цуд» камуністычна-бюракратычна логікі – раз у камуністаў няма авіяносцаў, гэта не камуністы памылку зрабілі, а самі авіяносцы – «дрэнныя антыкамуністычныя караблі, якія камуністам і не патрэбныя». Не рабіце так ніколі, калі ласка!

Галоўнае палітычнае ўпраўленне Мінабароны і палітупраўленне ВМФ афіцыйна і адкрыта гэтак доўга казалі пра «злачынныя» НАТАўскія авіяносцы, што ўжо не маглі пагадзіцца на тое, што такія ж караблі зʼявяцца і ў СССР. Да таго ж «палітрукі» мелі больш блізкі кантакт з новым кіраўніком краіны – Леанідам Брэжневым.

«Каму патрэбная ваша праўда, калі яна замінае нам жыць?» – казаў Аляксей Епішаў, які з 1962 па 1985 год узначальваў Галоўнае палітычнае ўпраўленне Савецкай Арміі і ВМФ.

Спрэчкі і канфлікты паміж адміраламі, маршаламі і партыйнымі дзеячамі нарадзілі кампраміс – нашчадкам якога і стаў той «Кузняцоў», які запэцкаў дымам неба над Атлантычным акіянам.

Інваліды камуністычнай ідэалогіі першай групы

Новы карабель, які пабудавалі ў 1975 годзе, класіфікавалі як «супрацьлодачны крэйсер з авіяцыйным узбраеннем». Аднак «Кіеў», як яго назвалі, так і не стаў нармальным авіяносцам. Ён атрымаў моцнае ракетнае ўзбраенне, у выніку чаго вялікі карабель на 37 тысяч тон водазмяшчэння не меў паўнавартаснай лётнай палубы і мог прымаць толькі 36 самалётаў вертыкальнага ўзлёту і пасадкі.

«Кіеў»

Гэта адразу абмяжоўвала галоўнае ўзбраенне недаавіаносца адным тыпам самалётаў – штурмавікамі Як-38, якія мелі адносна слабыя рухавікі і ўзбраенне. Як-38 не мог несці супрацькарабельных ракет, а лётныя характарыстыкі не дазвалялі яму змагацца з варожымі самалётамі.

Спрэчкі ў савецкім кіраўніцтве працягваліся, а савецкая прамысловасць будавала ўсё новых непатрэбных быццам бы авіяносных кадаўраў – за «Кіевам» зʼявіліся «Мінск», «Наварасійск», «Баку».

Аніводны з гэтых караблёў практычна нічога не мог супрацьставіць сапраўдным авіяносцам, напрыклад амерыканскім.

Ён і трэці раз пайшоў за ялінкай, але гэта было ўжо вясной

Ужо ў 1980-я гады новым гібрыдам на шляху да паўнавартаснага авіяносца стала «Рыга» – водазмяшчэннем у 60 тысяч тон, на якой ужо можна было эксплуатаваць цяжкія самалёты большай дальнасці дзеяння і з нармальным узбраеннем, аднак пры такім памеры іх было вельмі мала – каля 30 машын.

Амерыканскія авіяносцы класа Midway, якія служылі з 1945-га да пачатку 1990-х гадоў, мелі водазмяшчэнне 45 тысяч тон і неслі да 70 паўнавартасных рэактыўных знішчальнікаў і ўдарных самалётаў.

«Рыгу» пасля смерці Леаніда Брэжнева перайменавалі ў гонар генсека, потым у «Тбілісі», у 1990 годзе – апошні раз – у «Адмірал Флоту Савецкага Саюза Кузняцоў». Два недабудаваныя аднатыпныя караблі «Адмірал Гаршкоў» і «Вараг» былі прададзеныя Расіяй і Украінай адпаведна Індыі і Кітаю.

«Кузняцоў» гэтак і застаўся караблём з недалечанымі дзіцячымі хваробамі. Карабель рэмантаваўся амаль бесперапынна – у 1994-95, 1996-1998, 2001-2004, 2008 гадах і перад самым выхадам у паход у Сірыю ў 2016 годзе.

«Кузняцоў»

Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы

Старая сілавая ўстаноўка «Адмірала Кузняцова» і яе дрэнны стан выклікалі жарты тысяч інтэрнет-карыстальнікаў, пасля таго як іх увагу прыцягнулі фотаздымкі і відэакадры з незвычайна шчыльным чорным дымам, які падымаецца з трубаў авіяносца.

Маленькая для такога вялікага карабля авіягрупа, абумоўленая хібамі савецкай канцэпцыі авіяноснага крэйсера, таксама не дазваляе яму паўнавартасна выконваць баявыя задачы. А падчас некалькіх месяцаў баявых дзеянняў авіяносец страціў з-за тэхнічных праблемаў два са сваіх нешматлікіх баявых самалётаў – знішчальнікі МіГ-29К і Су-33.

Ужо падчас рамонту ў Расіі ў 2018 годзе ў выніку аварыі карабель, з якога знялі вінты, страціў адзіны ў еўрапейскай частцы Расіі док, у якім мог бы нармальна адрамантавацца. Другі такі док – на Дальнім Усходзе, куды буксіраваць карабель практычна нерэальна. Пра тое, што Расія плануе пабудаваць новы док для «Кузняцова», нічога невядома.

Праз гэта ўзніклі меркаванні, што «Кузняцова» лепш проста адправіць на злом, чым спрабаваць рэмантаваць і мадэрнізаваць.

Але з вялікай верагоднасцю карабель будзе яшчэ доўгія гады стаяць каля берага, сімвалізуючы тое, што ў Расіі ўсё ж ёсць хаця б адзін авіяносец. Ён будзе яшчэ спажываць сотні і сотні мільёнаў долараў, выконваючы чыста прапагандысцкую функцыю.

Заявы расійскіх адміралаў і чыноўнікаў пра тое, што Расія пабудуе сабе новы авіяносец, ходзяць ужо не першы год, аднак нават пра прыняцце новага праекту, не кажучы ўжо пра сапраўдную закладку новага карабля, няма і мовы.

Вынікі – сумныя і не вельмі

Першае — ніхто не застрахаваны ад памылак. Пытанне ў тым, як вы рэагуеце на памылку:

  1. Выпраўляеце яе, або
  2. Спрабуеце выдаць «баг за фічу», як савецкія камуністы ў 1960-1970-я гады.

Другое — ці вы бачыце за сваёй ідэалогіяй рэальнае жыццё і жыцці рэальных людзей. Што для вас стаіць на першым месцы – канкрэтныя задачы, якія трэба вырашыць для дасягнення мэтаў, ці нейкія гучныя, але пустыя словы?

Па-трэцяе, варта паважаць сваіх супернікаў і праціўнікаў – абʼектыўна глядзець на іх моцныя і слабыя бакі, пераймаць вартыя рэчы, вучыцца на іхніх памылках. Паўтару, і гэты тэкст таксама напісаны не для таго, каб нехта паржаў з камуністаў і «Адмірала Кузняцова».

А для таго, каб праз прызму гэтай гісторыі паглядзець на сябе.

P.S.

Маленькі трэнінг для самастойнай працы. Якія карысныя для Беларусі задачы вырашае гэты плакат на акцыі за незалежнасць Беларусі? А можа, ніякіх не вырашае, а стварае толькі праблемы?

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашы там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

🔥 Подпишитесь на нас в Дзен, Google News или в Яндекс.Новости

Россия не против поиска Беларусью альтернативных поставщиков нефти

Мужчина из Кемерова приехал в Минск на заработки и пропал