Беларускія дэмакратычныя сілы: легітымнасць праз удзел

Главное
Iлюстрацыя «Пятая рэспубліка».

Палітыя «Беларускія дэмакратычныя сілы»

Аб’яднаны пераходны кабінет, офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада, Bypol, Bysol і іншыя шматлікія арганізацыі, якія працуюць за межамі Беларусі і для Беларусі пад агульным імем «беларускія дэмакратычныя сілы», ясна прапісаліся ў еўрапейскім палітычным ландшафце ў якасці «палітычнай адзінкі». «Дэтэрытарызаваныя грамадзяне Беларусі», якія апынуліся за межамі краіны ў выніку палітычных рэпрэсій, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці гэтых структур і арганізацый або крытыкуюць іх, фактычна ўключаюцца ў функцыянаванне палітычнай адзінкі «беларускія дэмакратычныя сілы». Тое ж варта сказаць і аб прыхільніках дэмакратычных сіл, якія жывуць ва ўмовах аўтакратычнай рэзервацыі, якая захоўвае зманлівую назву «рэспубліка».

Р. Мэнсбах і Й. Фергюсан абазначаюць такія палітычныя адзінкі тэрмінам «палітыя». З іх пункту гледжання палітыя — гэта група людзей з калектыўнай ідэнтычнасцю, якія фармальна арганізаваны і валодаюць здольнасцю мабілізаваць рэсурсы.1

«Як і дзяржавы, іншыя палітыі выжываюць і квітнеюць, таму што людзі атаясамліваюць сябе з імі, размяркоўваюць паміж імі сваю лаяльнасць…. Тыя людзі, якія атаясамліваюць сябе з палітыяй, разглядаюць яе як такую, якае мае паўнамоцтвы (authority) – хоць і неабавязкова выключныя – у сваёй сферы. Усе палітыі, у тым ліку тыя, якія наўрад ці могуць быць лакалізаваныя ў тэрытарыяльным сэнсе, маюць такую сферу, якая ўключае тых, хто ідэнтыфікуе сябе з ёй, прастору, якую яны займаюць, і праблемы (пытанні), на якія палітыя аказвае ўплыў».2

Палітыя пазбаўлена прававых асноў (легальных рамак) суверэннай дзяржавы. Таму вызначальным фактарам становіцца легітымнасць — добраахвотная згода ўсіх уцягнутых у яе функцыянаванне ў адносінах да тых, хто прымае абавязковыя для іх рашэнні. Легітымнасць, вядома, заўсёды ўмоўная. Апісанне працэсаў фарміравання і падтрымання легітымнасці, крытэрыі яе ацэнкі — тэма для асобнай серыі артыкулаў. Тут жа важна падкрэсліць, што для палітыі здольнасць умацоўваць і падтрымліваць сваю легітымнасць — аснова жыццяздольнасці.3

Разузгодненасць, канфлікты, незадаволенасць, якія, як мы часта наракаем, падрываюць легітымнасць дэмакратычных намаганняў, пацвярджаюць даўно даказаную тэарэтыкамі тэзу аб тым, што наяўнасць дэмакратычных структур не з’яўляецца гарантыяй палітыкі ўдзелу.4 А такая палітыка — асноўны (пры адсутнасці традыцыйных легальных і тэрытарыяльных гарантый) інструмент абгрунтавання легітымнасці палітыі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Але перш чым разважаць пра ўдзел, варта ўдакладніць значэнні слоў «дэмакратычны» і «палітычны».

Дэмакратычная палітыка

«Палітычнымі» ў самым шырокім сэнсе можна назваць грамадскія адносіны, якія вызначаюцца патрэбай у калектыўных дзеяннях пры абставінах, у якіх (1) існуюць рознагалоссі наконт таго, што рабіць, і (2) адзін або некалькі бакоў маюць рэсурсы і/або права фарсіраваць рашэнне.5

Сутнасць дэмакратычнай палітыкі, услед за Расэлам Далтанам, вызначым таксама максімальна шырока: палітычныя сістэмы павінны максімізаваць праўленне людзей і для людзей. У рамках традыцыі ліберальнай дэмакратыі «людзі» разумеюцца як асобы, кожная з якіх павінна атрымаць карысць з калектыўнага самакіравання. З гэтай нормы выводзіцца прынцып інклюзіўнасці: кожны чалавек, на якога патэнцыйна можа паўплываць тое ці іншае рашэнне, павінен мець роўную магчымасць уплываць на прыняцце гэтага рашэння. У гэтым агульным сэнсе «дэмакратыя» можа распаўсюджвацца на ўсе сацыяльныя адносіны, інстытуцыяналізаваныя ці не, якія дазваляюць людзям уплываць на калектыўныя/кансенсусныя рашэнні, якія ўздзейнічаюць на іх індывідуальныя кантэксты і сітуацыі.6

Дэмакратычны ўдзел

Тэарэтыкі па-рознаму адказваюць на пытанне аб тым, як можа рэалізоўвацца дэмакратычны ўдзел і які дыяпазон гэтага ўдзелу. Тым не менш умоўная згода дасягнута ў дачыненні да наступных яго характарыстык:

  • працэсы, з дапамогай якіх грамадзяне ўплываюць альбо кантралююць тых, хто прымае важныя рашэнні, якія закранаюць іх інтарэсы;
  • намаганні палепшыць жыццё ў супольнасцях і фармаванні камбінацый ведаў, уменняў, каштоўнасцей і матывацыі для ўнясення зменаў;
  • працэс, у якім людзі прымаюць калектыўныя намаганні па вырашэнні пытанняў, якія выклікаюць агульную занепакоенасць.

Як у такім выпадку павінна «працаваць» дэмакратычная палітыя? Перш за ўсё, неабходна забяспечыць рэальны раўнапраўны і інклюзіўны ўдзел усіх уцягнутых у функцыянаванне палітыі, умовы для камунікацыі і фарміравання іх калектыўнай волі/кансенсусу ў працэсе прыняцця палітычных рашэнняў.7

Але як «узнікаюць» палітычныя праблемы, у дачыненні да якіх прымаюцца рашэнні? Што вызначае агульны парадак дня палітыі? Хто ўдзельнічае ў працэсе фарміравання павесткі? Чаму адны рознагалоссі і праблемы прыцягваюць увагу і заклапочанасць структур, якія ўтвараюць беларускую дэмакратычную палітыю, а іншыя — не? Як часта аказваецца, што людзей імкнуцца ўцягнуць у абмеркаванне праблем, якія не імі сфармуляваныя і не ўспрымаюцца імі як «свае»? Ці не з’яўляецца гэтая адчужанасць бар’ерам для дэмакратычнага ўдзелу?

Вядома, разрыў паміж агульнапалітычным парадкам дня і праблемамі асобных індывідаў і груп заўсёды будзе існаваць. Але здольнасць спраўляцца з гэтымі разыходжаннямі і мінімізаваць іх — абавязковая ўмова ўстойлівасці палітыі.

Вядома таксама, што розныя фарматы прамога ўдзелу пры пэўных умовах могуць змяшчаць фокус парадку дня. Аднак вельмі складана змяніць пералік пытанняў, якія прызнаюцца найбольш актыўнымі і арганізаванымі ўдзельнікамі палітыі, прыярытэтнымі прадметамі ўвагі і заклапочанасці. Палітыя, як і любая іншая палітычная сістэма, характарызуецца моцным ухілам на карысць існуючых паміж такімі актарамі дамоўленасцей і пытанняў парадку дня. З іншага боку, грамадзяне часта не могуць трансфармаваць свае патрабаванні ў важныя палітычныя пытанні.

Таму недастаткова зводзіць удзел да прапаноў абмеркаваць нарэзку тэхнічных высноў, зробленых на падставе паведамленняў экспертаў. Арганізацыя дэмакратычнага ўдзелу павінна, перш за ўсё, выпраўляць няроўнасць у стварэнні парадку дня: прадастаўляць пляцоўкі і інструменты для фарміравання аргументаваных меркаванняў грамадзян Беларусі (якія знаходзяцца як у краіне, так і за яе межамі) па сутнасці парадку дня, а таксама аб тым, якія альтэрнатывы павінны быць разгледжаны.

Аналітыкі па-рознаму фарміруюць спісы інструментаў для ажыццяўлення гэтых функцый і адзначаюць моцныя і слабыя бакі, у залежнасці ад тыпу праблемы, якую палітыя мусіць вырашыць, каб функцыянаваць дэмакратычна.8

Напрыклад, галасаванне (з нарматыўнага пункту гледжання) забяспечвае магчымасць для роўнага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў, але дрэнна функцыянуе як сродак камунікацыі і фармавання калектыўнай волі.

У якасці ж інструмента фарміравання калектыўнай волі/кансенсусу і камунікацыі ў дачыненні да тых ці іншых рашэнняў сёння часцей за ўсё разглядаецца дэлібератыўны працэс — абмеркаванне, якое дазваляе тым, каго закранае тое ці іншае рашэнне, атрымліваць інфармацыю і абменьвацца ёй, крытычна разглядаць праблему і прыходзіць да пагаднення ў дачыненні да найлепшага рашэння. Такое абмеркаванне накіравана на выпрацоўку разумных, добра інфармаваных меркаванняў грамадзян. Пры гэтым удзельнікі павінны быць гатовыя перагледзець свае перавагі ў святле новай інфармацыі і заяў іншых удзельнікаў абмеркавання.9 Дэлібератыўны працэс — працяглае мерапрыемства і таму не працуе ў тых сітуацыях, калі праблема патрабуе неадкладнага вырашэння.

Грамадскае абмеркаванне ad hoc адрозніваецца ад дэлібератыўнага працэсу тым, што яго мэта — даць магчымасць як мага большай колькасці людзей падзяліцца сваімі меркаваннямі і досведам. У гэтым выпадку забяспечваецца хуткае сканаванне сітуацыі для прыняцця рашэння, але ўмовы для фармавання калектыўнай волі адсутнічаюць.

І дэлібератыўны працэс, і простае (ad hoc) грамадскае абмеркаванне патрабуюць асаблівай увагі да інклюзіўнасці, спецыяльных мер, якія гарантуюць пераадоленне няроўнасці статусаў: адукацыі, інфармаванасці, часовых і іншых рэсурсаў.

Спіс, безумоўна, можна пашыраць. Але прыведзеных прыкладаў дастаткова для таго, каб паказаць: для падтрымання легітымнасці палітыі неабходна выкарыстоўваць (і інстытуцыялізаваць) разнастайныя інструменты ўдзелу.

Такім чынам дасягаецца мэта дэмакратычнай палітыі, якая палягае не ў тым, каб максімізаваць эфектыўнасць, а ў тым, каб збалансаваць інтарэсы розных груп і ў канчатковым выніку прыняць добрыя рашэнні. Ці, прынамсі, рашэнні, якія больш поўна ўлічваюць гэтыя інтарэсы, чым тэхнакратычныя альтэрнатывы.

P. S. Палітыя, удзел і лічбавыя тэхналогіі

Тэрміны «доступ» і «ўдзел» часта блытаюць і ў якасці ўдзелу прапаноўваюць доступ да пэўнай інфармацыі з магчымасцю каментаваць. У сувязі з гэтым трэба таксама адзначыць, што перанасычэнне інфармацыяй перашкаджае і тармазіць любую патэнцыйную волю да ўдзелу з боку грамадзян. Прапанова ж экспертных меркаванняў і шквал дадзеных адвольных апытанняў, без уліку запытаў тых, ад каго чакаецца рэакцыя, без адпаведных іх сітуацыі тлумачэнняў можа толькі інстытуцыялізаваць маўчанне.

Да гэтага трэба дадаць і сучасную перакананасць у вызвольнай ролі лічбавых інструментаў. Нельга не пагадзіцца, што палітыя, аб якой ідзе гаворка ў гэтых нататках, не магла б існаваць без іх выкарыстання.

Але нельга не ўлічваць тое, што лічбавыя тэхналогіі маюць амаль незаўважную, але вельмі магутную ўладу. Джэймс Саскінд адзначае, што яны прадпісваюць тэхнічныя правілы, якіх мы павінны прытрымлівацца і тым самым уплываюць на нашыя паводзіны; фарміруюць наша ўспрыманне свету, вызначаючы, якая інфармацыя даходзіць да нас і ў якой форме; падвяргаюць нас амаль пастаяннаму кантролю; усталёўваюць правілы публічнага абмеркавання, вырашаючы, калі яны выконваюцца, а калі не.

Да гэтага трэба дадаць, што тэхналогія не з’яўляецца нейтральнай, аб’ектыўнай або апалітычнай. Лічбавыя сістэмы наскрозь прасякнуты прадузятасцямі стваральнікаў. Джэймс Саскінд таксама звяртае ўвагу на тое, што лічбавыя рашэнні ўпарадкаваныя перш за ўсё паводле логікі рынкавай эканомікі. Замест таго, каб пашырыць магчымасці грамадзян, гэта мадальнасць пазбаўляе іх індывідуальнай і калектыўнай волі. Як вядома, развіццё і рэгуляванне лічбавых тэхналогій былі абумоўлены ідэалогіяй рынкавага індывідуалізму, якая сцвярджае, што сацыяльны прагрэс з’яўляецца перш за ўсё вынікам таго, што людзі пераследуюць свае ўласныя інтарэсы.10

Уладальнікі і распрацоўшчыкі лічбавых тэхналогій атрымліваюць занадта шмат несправаздачнай улады. Як грамадзяне мы павінны жыць у адпаведнасці з правіламі, якія самі склалі, у адпаведнасці з нормамі і каштоўнасцямі, якія мы абралі для сябе або мелі магчымасць паўплываць. Няма важкіх прычын, чаму платформы накшталт «Лічбавай Беларусі» будуць фармаваць палітычную прастору толькі таму, што яе ўладальнікі распрацоўваюць і кантралююць лічбавыя тэхналогіі. Неабходна агульная распрацоўка працэсуальных гарантый, якія з’яўляюцца краевугольным каменем калектыўнай згоды ў іншых аспектах жыцця.

Падаецца, што трэба ўважліва аднесціся да прынцыпаў лічбавага рэспубліканізму, які прапануе даследчык.

Гэта, перш за ўсе, прынцыпы захоўвання дэмакратычных каштоўнасцей і ўтвораны ад яго «прынцып дамінавання». Сутнасць апошняга палягае ў наступным: неабходна паменшыць непадсправаздачную магутнасць лічбавых тэхналогій і звесці яе да мінімуму. Гэта значыць, што не трэба спадзявацца на добразычлівасць або мудрасць распрацоўшчыкаў у пытаннях, якія закранаюць асноўныя свабоды. Мэта «прынцыпу дамінавання» не знішчыць уладу тэхналогіі. Гэта было б немагчыма. Наадварот, трэба «адкрыць гэтую ўладу, зрабіць яе адказнай, рассеяць яе, стрымаць яе і пераканацца, што яна не можа выкарыстоўвацца адной групай для панавання над іншымі».

Распрацоўка і разгортванне магутных тэхналогій павінны, наколькі гэта магчыма, адлюстроўваць маральныя і грамадзянскія каштоўнасці людзей, якія жывуць пад іх уладай. Гэта прынцып дэмакратыі. Калі супольнасць стварыла далікатны «прававы рэжым» для рэгулявання сваёй дзейнасці, патрэбна пільная праверка таго, ці не парушаць яго прапанаваныя лічбавыя тэхналогіі.11

«Пятая рэспубліка» — гэта дыскусійна-аналітычны праект, які рэалізуецца «Офісам па адукацыі для Новай Беларусі» ў партнёрстве з ютуб-каналам «Маланка» і анлайн-выданнем Reform.by

  1. Ferguson, Yale; Mansbach, R. (1996). Polities: Authority, Identities, and Cange.
  2. Ferguson, Y., Mansbach, R. (2004) Remapping Global Politics History’s Revenge and Future Shock. P. 86
  3. Cobb, R., Elder, Ch. The Politics of Agenda-Building: An Alternative Perspective for Modern Democratic Theory // The Journal of Politics, 1971. No. 4. P. 903
  4. Luckham, R., Goetz, A. and Kaldor, M. (2003). Democratic Institutions and Democratic Politics
    https://gsdrc.org/document-library/democratic-institutions-and-democratic-politics/
  5. Warren, M. (1996). Deliberative Democracy and Authority. The American Political Science Review, 90(1), https://doi.org/10.2307/2082797; Warren, M. (1999) What is Political. Journal of Theoretical Politics, 11(2). https://journals.sagepub.com/doi/10.1177/0951692899011002004
  6. Bruce E. Cain, Russell J. Dalton, and Susan E. Scarrow (2017) Democracy Transformed? Expanding Political Opportunities in Advanced Industrial Democracies P 224
  7. Warren, Mark E., (2012) When, Where and Why Do We Need Deliberation, Voting, and Other Means of Organizing Democracy? A Problem-Based Approach to Democratic Systems//APSA 2012 Annual Meeting Paper, https://ssrn.com/abstract=2104566
  8. Dalton, R., Scarrow, S., Cain, B. (2004) Advanced Democracies and the New Politics https://www.socsci.uci.edu/~rdalton/archive/jod04.pdf; Warren, M. (2012) When, Where and Why Do We Need Deliberation, Voting, and Other Means of Organizing Democracy? A Problem-Based Approach to Democratic Systems////APSA 2012 Annual Meeting Paper, https://ssrn.com/abstract=2104566
    https://ssrn.com/abstract=2104566
  9. Chambers S. 2003. Deliberative democratic theory. Annu. Rev. Polit. Sci. 6:307–26. Р. 309
  10. Susskind, J. (2022)The Digital Rebulic. On Freedom and Democracy in the 21st Century. P. 135-137
  11. Тамсама. Р. 139-143

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: