Уладзімір Кобец: Па слядох гібрыднай правакацыі ў Варшаве

Главное

Перш за ўсё хачу падзякаваць беларусам Варшавы за годнае святкаванне вялікага беларускага свята — Дня Волі. У гэты дзень у цэнтры Варшавы луналі бел-чырвона-белыя сцягі, гучала беларуская мова — панавала атмасфера свята і лучнасці з мільёнамі беларусаў па ўсім свеце.

Пасля шэсця Беларускі Дом ледзьве ўмясціў усіх, хто прыйшоў на святочны прыём у гэты куток беларускага жыцця польскай сталіцы.

У Варшаве ніхто і не ведаў, што адбыўся нейкі скандал, пакуль тыя, хто яго планаваў і вельмі яго хацеў, не апынуліся ў аб’ектыве.

Калі ісці логікай тых, хто спрабуе злавіць лёгкую славу, то можна абвінаваціць арганізатараў Дня Волі ў Варшаве ва ўтойванні ўсіх без выключэння трагічных эпізодаў беларускай гісторыі, пра якія не згадалі падчас свята. І не толькі арганізатараў свята Незалежнасці ў польскай сталіцы, але і ў Гародні, у Менску, Нью-Ёрку.

Вядома, што акцыя ў акцыі і робіцца з разлікам на скандал і лёгкі піяр. І вось ужо гаворым не пра БНР і Акт 25 сакавіка, а пра асуджанага злачынцу, які да БНР і гістарычнай падзеі 1918 года не мае ніякага дачынення. Такі вось перахоп тэмы, добра вядомы паліттэхнолагам.

Каб замкнуць гэтую бессэнсоўную і шкодную дыскусію, давайце адразу развядзем па кутох два пытанні — свята Дня Волі і злачынствы Рамуальда Райса.

Арганізатары святкавання ў Варшаве, а традыцыйна імі выступаюць Беларускі Дом і беларуская моладзь Варшавы, вызначыліся з фарматам мерапрыемства — не палітычная акцыя або пратэст, а агульнабеларускае свята. Хто жыве ў Варшаве больш за пару гадоў, памятае акцыі пратэсту і салідарнасці з палітычнымі вязнямі, пікеты і шэсці супраць рэпрэсій у Беларусі і акцыі супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Але, як і год таму, было вырашана падарыць беларусам менавіта свята. І ніякая іншая дата не пасуе да гэтага лепей, чым Дзень Незалежнасці, 25 Сакавіка. Беларуская гісторыя такая драматычная, а злачынстваў супраць нашага народу і дзяржавы такая безліч, што за ўсім гэтым злом шмат хто перастаў разумець, дзеля чаго гэтыя пакуты і такія ахвяры. Беларусы выязджаюць і хутка асімілююцца, каб гэты нацыянальны траўматызм перастаў быць часткай іх жыцця.

25 Сакавіка — дата, якая аб’ядноўвае, а не наадварот. Адсюль і фармат — нацыянальнае свята, а не палітычная акцыя і не пратэст.

Кожны, хто меў жаданне і час, звярнуўся ў Беларускі Дом і прапанаваў ідэю ці сваю валанцёрскую дапамогу. Шыліся бел-чырвона-белыя сцягі, друкаваліся спеўнікі з беларускімі гімнамі, у Белдоме быў падрыхтаваны сціплы пачастунак для ўсіх, хто прыйшоў на свята.

Незадоўга да Дня Волі ў інтэрнэце пачалі распаўсюджвацца падобныя каментары:

Уладзімір Кобец: Па слядох гібрыднай правакацыі ў Варшаве
Уладзімір Кобец: Па слядох гібрыднай правакацыі ў Варшаве

Стала зразумела, што рыхтуецца правакацыя. Таму арганізатары Дня Волі ў Варшаве былі вымушаныя зрабіць такі зварот:

«Шаноўныя сябры!

23 сакавіка адбудзецца святочнае шэсце з нагоды 101-х угодкаў абвяшчэння Незалежнасці БНР. Арганізатар мерапрыемства — Беларускі Дом у Варшаве — заклікае годна адсвяткаваць нашае нацыянальнае свята: сабрацца а 14:00 каля помніка Тадэвушу Касцюшку (пляц Жалезнай Брамы), прайсціся шэсцем да помніка Адаму Міцкевічу і пасля працягнуць святкаванне ў сядзібе Беларускага Дома на вул. Вейскай, 13 (ul. Wiejska, 13).

Разам з тым мы вымушаныя засцерагчы ініцыятараў пераўтварыць святочнае мерапрыемства ў палітычную акцыю, звязаную з асобай Рамуальда Райса (Бурага). Акцыі ў акцыі не будзе.

На свята Дня Волі прыйдуць сем’і з дзеткамі, беларусы, палякі, украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў Варшавы, каб адсвяткаваць Дзень Волі разам з беларусамі. У гэты дзень нашыя лозунгі — Жыве Беларусь! Niech Żyje Polska! Слава Украіне! За Вашу і Нашу Свабоду! У гэты дзень беларускі і польскі народы яднаюць нашыя супольныя героі — Тадэвуш Касцюшка і Адам Міцкевіч, і на гэтым свяце няма мейсца тым, хто гэтую шматвекавую еднасць ламаў уласнымі злачынствамі.

Беларускі Дом у Варшаве»

Падкрэслю, што толькі арганізатары нясуць юрыдычную адказнасць за тое, каб мерапрыемства прайшло згодна з заяўленым фарматам, а таксама за тыя інцыдэнты, якія могуць адбыцца па недаглядзе арганізатараў.

Тым не менш банэр, выраблены у такіх самых колерах і ў тым самым стылі, што мясцовыя радыкалы праносяць падчас сваіх штогадовых маршаў у Гайнаўцы, з’явіўся падчас святочнай імпрэзы ў Варшаве. На ім красаваўся той самы Буры. То бок забойца Буры, няхай і перакрэслены, быў прадстаўлены на свяце беларускай незалежнасці.

А зараз аб Бурым і не толькі. Злачынства Рамуальда Райса (псэўданім Буры) — па загадзе якога ў студзені-лютым 1946 года было здзейснена масавае забойства 79 беларусаў ва ўсходняй Польшчы — прызнанае ў Польшчы актам генацыду. У выніку крывавага рэйду аддзела Рамуальда Райса ў студзені-лютым 1946 г. згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Заляшаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна.

У 2005 годзе следчыя Інстытута нацыянальнай памяці зрабілі выснову, што гэтыя дзеянні Рамуальда Райса «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў, і ён быў прызнаны злачынцам.

11 сакавіка гэтага года на сайце Інстытута нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы з’явілася паведамленне, якое апраўдвае Рамуальда Райса «Бурага», сцвярджаючы, што ранейшыя высновы ІНП аб яго ўдзеле ў генацыдзе беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі». Паводле гэтай заявы, у святле цяперашняга польскага заканадаўства за Рамуальдам Райсам няма ніякай віны.

Гэтая публікацыя выклікала справядлівы пратэст і беларусаў Падляшша, і беларусаў ува ўсім свеце. Амбасадар Польшчы быў выкліканы ў МЗС Беларусі.

Аднак неўзабаве кіраўнік следчага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці, пракурор Анджэй Пазорскі, афіцыйна заявіў, што заява аб невінаватасці «Бурага» не мае юрыдычнай сілы. Такім чынам, Райс згодна з польскім правам застаецца злачынцам.

Нягледзячы на гэта, спробы гераізацыі Бурага працягваюцца з боку маргінальных скрайне-правых арганізацый, якія тым не менш не адносяцца да ўплывовых і не прадстаўляюць погляд ані польскай дзяржавы, ані польскіх палітычных партый, што выбіраюцца ў парламент.

І вось тут я прапаную шырэй паглядзець на праблему.

Вядома, што ў кожнай краіне існуюць радыкальныя маргінальныя групіроўкі, якія набіраюць пункты, спекулюючы на міжнацыянальных адносінах і атакуючы суседнія народы, асабліва меншасці такіх народаў у сваіх дзяржавах. Праблемы сваіх краінаў вельмі проста перакласці на тых, хто гаворыць або моліцца не так, як ты. У сваёй агрэсіўнай палітыцы, скіраванай на дэканструкцыю Еўрасаюза, Расія сілкуе рэсурсамі і натхняе такія арганізацыі і такія канфлікты па ўсёй Еўропе і за яе межамі.

Расія гэта робіць, сыходзячы з уласных рэзонаў, і яе цікавіць не аднаўленне справядлівасці, бо, як вядома, знайсці яе ў багатай войнамі еўрапейскай гісторыі немагчыма, а толькі ўласны інтарэс. І там, дзе Расія мела поспех, людзі жывуць пад уладай бандытаў і ў галечы, як на Данбасе, у Трансністрыі, Паўднёвай Асетыі і Абхазіі.

Беларусы і палякі стагоддзямі жылі разам, у Польшчы кожны ведае, што беларусы — адзіны народ, з якім Польшча не ваявала. Гэта і зразумела, бо мы былі саюзнымі дзяржавамі, канфэдэрацыяй, федэрацыяй, усе паўстанні супраць акупанта з усходу ў нас былі супольныя.

Убіць сёння клін паміж нашымі народамі, як і паміж беларусамі і літоўцамі, беларусамі і ўкраінцамі, — гэта тактычныя задачы Крамля на шляху да дасягнення стратэгічнай мэты — інкарпарацыі Беларусі ў склад новай імперыі.

Можна таксама ўзгадаць, што не было б ніякага Райса, каб не штучная міждзяржаўная мяжа, што паўстала па Рыжскай дамове там, дзе яе ніколі не было. Але гэта ўжо зусім іншая дыскусія. Злачынства застаецца злачынствам, асабліва такое, якім ёсць злачынства супраць чалавецкасці. І дзеля суіснавання будучых пакаленняў народаў адзіным выйсцем заўсёды застаецца прызнанне такіх злачынстваў, асуджэнне вінаватых, ушанаванне памяці ахвяраў. У выпадку з Райсам мы маем персанальнае злачынства чалавека, а не палітыку польскай дзяржавы, як у выпадках нацысцкай Нямеччыны і ленінска-сталінскага Савецкага Саюза.

Вяртаючыся да распаўсюджаных памылковых ці недаставерных звестак, асобна хацеў бы адзначыць, што ў Беларускім Доме няма такіх пасадаў, як «памочнікі Зарэмбюка» ці яшчэ кагосьці. Ёсць два сустаршыні праўлення — Алесь Зарэмбюк і Уладзімір Кобец, — выбраныя згодна са Статутам арганізацыі, ёсць супрацоўнікі і валанцёры, але шаноўны беларус Эдуард Жолуд не працуе ў Белдоме. Эдуард — вельмі добры беларускі журналіст Беларускай службы Польскага Радыё, і як прадстаўнік беларускай супольнасці ён выступіў афіцыйным арганізатарам мерапрыемства.

Таксама Беларускі Дом не прадстаўляе ані сістэмную, ані бессістэмную беларускую апазіцыю. Фундацыя «Беларускі Дом» з’яўляецца незалежнай нядзяржаўнай арганізацыяй, дзейнічае на карысць беларускай супольнасці ў Польшчы і ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі згодна са сваім Статутам і заканадаўствам Польшчы і Еўрасаюза.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: