7 красавіка ў Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні адкрыецца вялікая выстава, прысвечаная 700-годдзю горада – “Вонкавы погляд на Вільнюс” (Outsider’s Look on Vilnius). У міжнародны праекце, над стварэннем якога працавалі літоўскія, украінскі і беларускі куратары, задзейнічаны фатаграфіі беларускай незалежнай фотаасацыяцыі конца 1980-х – “Правінцыя”.
“Правінцыя” – фатаграфічнае аб’яднанне, якое ўзнікла ў Мінску ў снежні 1987 года на навагодняй вечарыне выпускнікоў “Студыі-3” Народнага фотаклуба “Мінск”. Нефармальная супольнасць аднадумцаў-фатографаў стаяла на пазіцыі стварэння новай фатаграфіі – вольнай ад традыцыйных падыходаў да фатаграфіі ў савецкім грамадстве. Сябры “Правінцыі” шукалі новую мастацкую мову – якая б адлюстроўвала “нерв” часу, перамены ў грамадстве, злом сацыяльных фармацый.
Як вынік, здзейсніўшы сваю мастацкую рэвалюцыю ў беларускай фатаграфіі (якую многія калегі фатографаў у той час не прынялі), “правінцыялы” здолелі дамагчыся поспеху на міжнароднай арт-сцэне. Аўтары аб’яднання выстаўляліся ў арт-інстытуцыях Еўропы і Амерыкі напрыканцы 1980-тых і ў 1990-я, іх працы публікаваліся ў прэстыжных заходніх часопісах. На жаль, феномен “Правінцыі” вядомы сёння толькі невялікаму колу даследчыкаў, фатографаў і публікі з той простай прычыны, што творчая фатаграфія да гэтай пары не займела належнага статусу ў Беларусі.
У выставу “Вонкавы погляд на Вільнюс” уключаны фотаздымкі такіх аўтараў “Правінцыі” як: Сяргей Кажамякін, Уладзімір Парфянок, Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч. На фотаздымках беларускіх аўтараў – Вільнюс канца 1980-х – пачатку 1990-х. Куратар беларускай часткі праекта – Андрэй Антонаў.
Пра што ж увогуле будзе выстава ў Нацыянальнай галерэі мастацтва?
У праекце, прысвечаным 700-годдзю Вільнюса, будуць экспанавацца працы, створаныя замежнымі мастакамі ў горадзе. Перыяд – ХХ і ХХІ стагоддзе. Куратары прапануюць прасачыць, як змяняўся вонкавы погляд на Вільню ў фотаздымках замежных фатографаў – як з Усходу, так і з Захаду – на працягу дзесяцігоддзяў.
“Замежныя мастакі абыходзілі Вільню бокам амаль шэсцьсот гадоў. Спатрэбілася геапалітычная трагедыя, Першая сусветная вайна і акупацыя горада ў 1915 годзе, каб тузін замежных мастакоў-прапагандыстаў кайзераўскай нямецкай арміі пачалі ўважліва назіраць, вывучаць, маляваць і размалёўваць Вільню”, – адзначаецца першая хваля замежнікаў, якія пачалі фіксаваць горад на фотаздымках, у анатацыі да праекта.
“Другая хваля замежных мастакоў была сфарміравана іншай глабальнай катастрофай – Другой сусветнай вайной. Акупаваная Саветамі Вільня ўяўляла асаблівую цікавасць для фатографаў: у 1970-я гады літоўская фатаграфія была ў авангардзе савецкай фатаграфіі і прыцягвала цікавасць прафесіяналаў з розных рэспублік, – пазначаецца куратарамі другая хваля цікавасці да горада. – Многія фатографы з розных куткоў Савецкага Саюза прыязджалі сустрэцца з Антанасам Суткусам, Вітасам Луккусам і іншымі майстрамі. Падчас гэтых паездак яны назіралі і запісвалі паўсядзённае жыццё Вільні і – нечаканыя вынікі гэтых назіранняў з’яўляюцца відавочнымі ілюстрацыямі погляду замежніка”.
Мяркуем, што менавіта ў гэтай частцы праекта можна будзе ўбачыць фатаграфіі беларускіх “правінцыялаў”. Для беларускіх фатографаў падарожжы ў той час у Вільнюс сталіся вельмі важнай часткай іх станаўлення – гэта было трапленне ў іншы асяродак і свядомае яго даследаванне. Гэтаксама аўтары з Беларусі вывучалі замежную фатаграфію ў бібліятэках Вільнюса.
“Паваротны момант 11 сакавіка 1990 года прывёў да эпохі сучаснасці, – фіксуюць трэцюю частку выставы куратары. – З’яўленне новай установы ў незалежнай Літве, Цэнтра сучаснага мастацтва (CAC), таксама змяніла тактыку назірання замежных мастакоў – на фотаздымках, відэа і розных выступах мастакоў, запрошаных CAC, Вільнюс паказаны не толькі праз прызму старонняга, вонкавага погляду, але і выкарыстоўваючы фільтр мастацкага даследавання“.
Куратары вялікага праекта “Вонкавы погляд на Вільнюс” – Андрэй Антонаў, Кестуціс Куізінас, Лайма Лаучкайтэ, Валянцін Аднавюн.
У выставе задзейнічаны працы мастакоў з Нямеччыны, Польшчы, Украіны, Беларусі, Швейцарыі, Японіі, ЗША, Літвы і іншых краін: Паўла Альтхамера, Pierre Bismuth & Johnatan Monk, Даніэля Бажкова, Вальтэра Бухе, мастацкага калектыву “Chim↑ Pom”, Альфрэда Холера, Канстанціна Касцюка, Дэвіда Мабб, Флавіі Мюлер Медэйрас, Івана Мядзведзева, арт-групы “Правінцыя”, Юрыя Рупіна, Барбары Вісер, Мір’ям Вірц, Віты Заман, Магнуас Зелера, Эдвіна Цвакмана.
Дызайнер выставы: Міндаўгас Рэклайціс. Графічны дызайн: Лаўра Грыгалюнайтэ.
Адкрыццё праекта, нагадаем, адбудзецца 7 красавіка ў 18.00.
Падрабязнасці – тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: