Як вярнуць дэакупаваныя тэрыторыі ў нацыянальны кантэкст? У Кіеве прайшоў форум па культурнай рэінтэграцыі

Культура
Мазаіка Алы Горскай «Дрэва Жыцця». Фота: Вікіпедыя.

У Кіеве адбыўся Усеўкраінскі форум «Культурная і інфармацыйная рэінтэграцыя дэакупаваных тэрыторый».

На форуме сабраліся прадстаўнікі культурных і інфармацыйных падраздзяленняў 10 абласцей, прадстаўнікі ўлады, устаноў культуры, медыя, міжнародныя партнёры, грамадскасць для напрацоўкі адзінай стратэгіі дзеянняў па вяртанні дэакупаваных тэрыторый ва ўкраінскі культурны кантэкст.

Намеснік міністра па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Анатоль Стэльмах патлумачыў, што Міністэрства рэінтэграцыі цяпер распрацоўвае заканадаўчы механізм для таго, каб пасля дэакупацыі ўкраінскія тэрыторыі ў максімальна кароткія тэрміны былі інтэграваныя ва ўкраінскае грамадства, эканоміку, культурную прастору. Стратэгія дэакупацыі і рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый размешчаная на сайце Міністэрства, і ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у яе абмеркаванні.

Улічваючы сённяшні ўразлівы стан беларускай культуры, вынікі абмеркавання могуць быць цікавыя і для нас таксама. Сабралі галоўныя высновы.

Месца культуры трэба мяняць – адпаведна яе ролі ў грамадстве

Украінскі пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч, фронтмэн гурта «Жадан і сабакі» Сяргей Жадан сказаў падчас дыскусіі: «Я згодны з тым, што культура апынулася сапраўды вельмі важным для нас маркерам, маркерам нашай ідэнтычнасці, маркерам нашых адчуванняў. Але яна не знікла менавіта з апошніх старонак, і гэта вельмі крыўдна. Гэта, безумоўна, павінна змяніцца ў будучыні. Гэта трэба мяняць ужо сёння.

Таму што, як аказалася, сапраўды ўкраінцы сёння трымаюцца за культуру з літаратурай разам з тэатрам, кіно, жывапісам, фатаграфіяй. Таму што менавіта гэта і ёсць тыя эмацыйныя фактары, за якія мы чапляемся, якія, уласна, з’яўляюцца пэўным адлюстраваннем, якія даюць нам магчымасць правільна выставіць нашу оптыку, наша разуменне сябе ў прасторы, сябе ў гэтым часе. Таму, уласна, вельмі добра, што мы гаворым пра культуру. Вельмі важна, што мы гаворым пра дэакупаваныя тэрыторыі. Вельмі важна, што мы ўспамінаем і гаворым пра тых, хто цяпер у акупацыі. Вельмі добра, вельмі важна і вельмі балюча, таму што для мяне асабіста гэта балюча. Я сам з Луганшчыны, і, уласна, калі мы гаворым пра гэты тэрмін «акупаваныя тэрыторыі», я насамрэч кажу пра свет, у якім нарадзіўся і куды я не магу вярнуцца».

Украінская культура панесла вельмі важкія страты

Тарас Шаўчэнка, намеснік міністра культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны, прыняў удзел у мерапрыемстве. У сваёй прамове ён адзначыў, што для сферы культуры і медыя вайна прынесла шмат шкоды: чалавечыя страты, як смяротныя, так і эміграцыйныя; разбурэнне культурнай інфраструктуры і аб’ектаў культурнай спадчыны; дыскрымінацыйная палітыка Расіі ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў на акупаваных тэрыторыях; парушэнне свабоды слова і распаўсюджанне расійскай дэзінфармацыі на акупаваных тэрыторыях.


Важна стварыць эфектыўны інструментар для аднаўлення дзейнасці ўстаноў культуры

Гарады, мястэчкі і вёскі, якія вярнуліся ў склад Украіны пасля акупацыі рознай працягласці, церпяць не толькі ад дэпапуляцыі, але і ад разбурэння інфраструктуры.

«Мы сёння працуем на лініі агню. І нам трэба мець інструментар для таго, каб мы гаварылі з дэакупаванымі тэрыторыямі, каб мы мелі план на заўтрашні дзень пасля вяртання тых земляў, якія сёньня акупаваныя. Калі мы вярнуліся ў Херсон пасля 9 месяцаў яго акупацыі, мы нікому не жадаем таго, што мы там убачылі», – акрэсліў праблему дырэктар Херсонскага абласнога акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра ім. Мікалая Куліша Аляксандр Кніга.

Падчас вайны Украіна страціла не толькі культурныя славутасці, бібліятэкі і музеі, але і людзей. Да вайны кадравы патэнцыял культуры складаў больш за 56 000 чалавек, а сёння – больш за 37 000. Сюды ўваходзяць і перасяленцы, і людзі, вымушаныя змяніць прафесію.

Некаторым установам удалося рэлакавацца і аднавіць сваю дзейнасць. Гэта Марыупальскія тэатр, Луганская філармонія, Данецкая кансерваторыя і многія іншыя…

Тыя ўстановы, якія ўзнавілі сваю дзейнасць на дэакупаваных тэрыторыях, напачатку сутыкаліся з цяжкасцямі.

Дырэктар Херсонскага тэатра расказаў, што акупанты цалкам абрабавалі тэатр. Яны вывезлі ўсё, што маглі, і калі прыехалі, то было вялікае жаданне адразу ж аднавіць працу тэатра, але сродкаў зусім не было. «І вось тут якраз наша дзяржава трошкі прайграе. Я ўдзячны, што мы пачалі гэтую размову, каб мець гэты інструментар на заўтра, каб мы мелі Дзяржаўную праграму, якая дазволіць купіць, нават той мікрафон, касцюмы, таму што гэта наша зброя сёння».

Неабходна выцесніць Расію з украінскай культурнай прасторы

Акупант выпальвае ўсё не толькі з паверхні зямлі, але і з чалавечай свядомасці. Паводле звестак Інстытута масавай інфармацыі, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расея здзейсніла 575 злачынстваў супраць журналістаў і медыя ва Украіне. Гэта -18 абстрэлаў тэлевежаў; 18 нападаў і захопаў рэдакцый медыя; 28 выпадкаў адключэння ўкраінскага вяшчання і замяшчэння яго расейскай прапагандай; 234 медыя спынілі сваю працу.

Падчас абмеркавання былі названыя першачарговыя крокі ўкраінскай улады на дэакупаваных тэрыторыях. Сярод іх: аднаўленне тэле- і радыясігналу, напаўненне інфармацыйнай прасторы ўкраінскім прадуктам, супрацьдзеянне дэзінфармацыі, выцясненне Расеі з культурнай прасторы, генераванне спецыяльнага кантэнту для грамадзян Украіны на акупаваных тэрыторыях, вызначэнне нестандартных каналаў камунікацыі…

Частку выклікаў удалося перавесці ў пазітыў

Нягледзячы на вайну, Украіне і ўкраінцам удалося частку выклікаў перавесці ў пазітыў. Умацавалася ідэнтычнасць, як і ўкраінская культура, павялічылася ўвага да Украіны за мяжой як да моцнай і незалежнай дзяржавы; актывізавалася міжнароднае супрацоўніцтва; будучыня Украіны ў ЕЗ.

***

Сімвалам форуму стала мазаіка Алы Горскай «Дрэва Жыцця». Яшчэ да стварэння мазаікі мастакоў за актыўную грамадзянскую пазіцыю савецкая ўлада прылічала да так званых «украінскіх буржуазных нацыяналістаў». Іх працы знішчаліся. А саму Горскую вясной 1970-га бязлітасна забілі па загадзе савецкай улады. Мазаікі, створаныя ў Марыупалі, таксама загадалі збіць. Мясцовыя майстры загаду не паслухаліся і схавалі пано за цаглянай фальшсцяной, захаваўшы такім чынам гэтыя бясцэнныя мастацкія аб’екты на 40 гадоў. Вясной 2022 года мазаіка «Дрэва Жыцця» атрымала катастрафічныя пашкоджанні ад дзеянняў расейскіх акупантаў падчас знішчэння Марыупаля.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: