Кніга «Побач» Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч атрымала літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”

Культура

Узнагароду “Гліняны Вялес”, заснаваную сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў, атрымала графічная кніга «Побач» Насты Кудасавай (вершы) і Святланы Дземідовіч (ілюстрацыі).

“Побач” – першая кніга новага беларускага імпрынта Skarynyčy ў Польшчы. Гэта ілюстраваны збор вершаў, які распавядае пра адзіноту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці, прычым ілюстрацыі да гэтага выдання з’яўляюцца на кожнай старонцы і ўяўляюць сабой паралельны графічны аповед.

Паэтка Наста Кудасава напісала ў сацсетках, што некаторыя людзі заўважылі, што прэмія прызначаецца за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе, а год выхаду «Побач» пазначаны 2023-м.

Аднак першая прэзентацыя кнігі прайшла ўвосень 2022 года на кніжнай выставе ў Варшаве, тады было надрукавана некалькі асобнікаў, каб заявіць аб тым, што кніга здзейснілася і паказаць яе чытачу. «За астатні наклад давялося пазмагацца, ён так і не змог пабачыць свет у Беларусі, і ўрэшце кніга давыйшла ў Польшчы, ужо ўвесну 2023 г., дзякуючы Skarynyčy, — тлумачыць паэтка, — таму на асобніках, якія вы будзеце набываць зараз, стаіць год выдання 2023.

Што ж… Гэта для мяне сведчыць толькі аб тым, што мы жывём у складаны час — і для выдаўцоў, і для пісьменнікаў, і для чытачоў. Таму ўсё ідзе троху блытана, не так, як мы прывыклі. Але галоўнае, каб наша літаратура выжыла і мы разам з ёю як народ. А ўжо з прэміямі як-небудзь дамо рады«.

Кнігу па-ранейшаму можна замовіць у Варшаве (з дастаўкай па Польшчы і ўсім свеце) праз тэлеграм @NataZh05.

26 мая на міжнароднай кніжнай выставе ў Варшаве а 17-й гадзіне адбудзецца аўтограф-сесія.

У Беларусі кнігу можна набыць у Мінску ў ГЦ «Купалаўскі» пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая) або замовіць у інтэрнэт-кнігарні з дастаўкай па Беларусі.

У гэтым годзе шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес-2022» выглядаў наступным чынам:

  • Зміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды»
  • Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна»
  • Наста Кудасава. Святлана Дземідовіч. Побач. «Цымбераў»
  • Сяргей Лескець. Шэпт. Выдавецкая каманда «Вільма»
  • Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор»
  • Юля Цімафеева. Воўчыя ягады. «Вясна»

“Гліняны Вялес” — штогадовая літаратурная прэмія, якая ўручаецца з 1993 года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2021 год быў прызнаны гарадзенскі празаік Віктар Сазонаў за раман «Генетычны алфавіт», выдадзены праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» (Беласток).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: