«Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова»: сёння 75 гадоў паэту і мысляру Алесю Разанаву

Культура
Кадр відэа «Чорна-белыя вершы: Алесь Разанаў - "Спарышы", "Сербская вёска"».

75 гадоў таму нарадзіўся Алесь Разанаў (1947–2021) – аўтар глыбокіх вершаў і вынаходнік новых паэтычных форм, якія паўплывалі на характар развіцця нашай літаратуры, аднак не толькі літаратуры. Як піша польскі пісьменнік Кшыштаф Чыжэўскі, «не выходзячы з зоны інтымнай духоўнасці, Разанаў змог паўплываць на ход гісторыі і на мысленне многіх, вельмі розных пакаленняў беларусаў». «Таму што паэзія, – тлумачыць пісьменнік, – была яго полем бітвы за свабоду. Ён здолеў адваяваць гэтую свабоду для чалавека слова. Аднак у яго паставе і тварэнні было нешта большае, была моц, якая вызваляла іншых ад путаў няволі, вызваляла мову, натхняла на грамадскую і палітычную ангажаванасць».

Паэт і філосаф Ігар Бабкоў сказаў, што вершы Разанава сталі «недазволенай глыбінёй культуры».

Алесь Разанаў  – аўтар зборнікаў «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях-360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Паляванне ў райскай далiне» (1995), «Рэчаiснасць» (1998), «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011) і іншых.

Быў цудоўным перакладчыкам, у тым ліку з нямецкай, англійскай, польскай, чэшскай, славенскай, балгарскай, грузінскай, літоўскай, латышскай і іншых моў. Пісаў вершы па-нямецку, а яго творы перакладзены больш чым на 20 моў.

Вось, напрыклад, адзін з яго пункціраў:

Слізка:
за плот
трымаецца вечар.

Навокал абрывы:
ў душы
вышукваю крылы.

Акрамя пункціраў, ён таксама стварыў іншыя эксперыментальныя формы паэзіі і паэтычнай прозы, у тым ліку версэты, квантэмы (блізкія да японскіх традыцый танку і хайку) і вершаказы.

Ён быў не толькі паэт, але і мысляр, філосаф. Аднак кожны яго верш сам па сабе з’яўляецца філасофскім трактатам…

Бязмежжа

Палову жыцця падаюся ў свет, палову —
варочаюся са свету,
палову жыцця пішу на дарозе свае імёны,
палову — закрэсліваю напісанае,
палову жыцця расту ад зямлі, палову —
расту з зямлёю:
і ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш
бязмежжа.

Кнігі і вершы Алеся Разанава можна чытаць тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: