«Кветка расце ў рэбрах»: Syndrom Samazvanca выдаў выбітны экзістэнцыяльны альбом «Востраў скаргаў»

Культура
Гурт Syndrom Samazvanca. Фота: Сярж Мядзведзеў.

Роўна праз год з публікацыі першай плыткі «Sonk» праект музыкаў Уладзя Лянкевіча і Рамана Жарабцова Syndrom Samazvanca выклаў у сеціва новы альбом «Востраў скаргаў». Псіхадэл-рок, крыху панку, нью крафтрок — па сутнасці, пісаць у гэтым выпадку пра музычныя падрабязнасці неяк дробна, бо гэта неверагодная плытка, якая схоплівае «невыноснасць» нашага быцця, уносіць цябе ў прастору персанальнай і творчай свабоды.

Свабода — менавіта тая асаблівасць выказвання гурта, ад якой проста захоплівае дух. Гэтыя нечаканыя распрацоўкі ў кампазіцыях — рытмічныя запавольванні/паскарэнні, танальныя аднаўленні, тэматычныя адгалінаванні, вольнасць музычнай думкі — усё гэта заварожвае і прымушае сачыць за музыкай альбома з вялікай цікавасцю і асалодай.

Выкананне. З гэтым таксама ўсё ОК. Музыкі, склад якіх у новай плытцы папоўніўся — да асноўнага «касцяку» далучыліся Аляксей Земляны і Ціхан Золатаў — што гаворыцца, спрацаваліся, і па гуку, па спеўнасці, можна сказаць, што альбом гучыць супермузычна — усе на адной «хвалі».

"Кветка расце ў рэбрах": Syndrom Samazvanca выдаў выбітны экзістэнцыяльны альбом "Востраў скаргаў"
Вокладка альбома — Кацярына Дубовік.

Тэксты. Беларуская публіка ведае вершы Уладзя Лянкевіча; і ў альбоме lyrics за ягоным аўтарствам і даюць слухачу тую сугестыўную апору, што дазваляе казаць менавіта пра беларускі свет. У тэкстах паэта і музыкі ёсць шмат алюзій і «прывітанняў»  — скажам, гурту Ulis, Артуру Клінаву, Альгерду Бахарэвічу, — не выпадкова і адна з кампазіцый на плытцы называецца на выдуманай мове «бальбута» — «Bu samoje». Адзін з трэкаў прысвечаны ўвогуле Алёне Кіш — і варта падкрэсліць, што Уладзь Лянкевіч не робіць нейкі твор in memoriam — гэта прастора беларускіх знакаў, кодаў, лінкаў, асобаў — цалкам для яго жывая і рэальная.

Горад. Мне падаецца, што лепшай метафары для ўваходу ў музычны космас плыткі і нельга прыдумаць. Мы ўваходзім у нейкі горад, і блукаем па яго вуліцах, спыняемся, наганяем, уцякаем, паварочаем за рог, караскаемся, «завісаем», і далей, і далей. Калі вы адчуеце рытм гэтага горада — падарожжа ўжо ніколі не забудзецца.

Ды і напрыканцы, галоўнае. Як трансфармуецца ў гэтай прасторы наш «невыносны цяжар быцця» — выклікае шчырае захапленне, спадзеў і «сатысфакцыю». Перастварыць чарговую бязглуздую пастанову ў паліва для палёту — вось вам кампазіцыя I h.d., адзін «абрыдлы рытуал» у трызненне — песня Halijaf, даць «любімай траўме» перамагчы смерць — трэк Liod / Kryhalom. «Востраў скаргаў» пераконвае нас у тым, што перамагчы страх і боль можа толькі праз усведамленне ўласнай свабоды (духу). Бо калі яна ёсць, яе ўжо ніхто не здолее адабраць.

Слухаць альбом «Востраў скаргаў» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Читайте нас в Google News, Facebook, Twitter или Telegram!

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: