Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

Black&White

Даведка #RFRM: Лявон Тарасэвіч — адзін з выбітных мастакоў сучаснай Польшчы, што мае беларускія карані. Прафесар пластычных мастацтваў. Майстра, што “вывеў” абстрактны жывапіс у прастору, дазволіўшы колеру іграць па сваіх правілах. Удзельнік буйных міжнародных біенале, арт-праектаў, выстаў у Еўропе і Амерыцы. Працы Лявона Тарасэвіча знаходзіцца ў калекцыях вядомых польскіх і еўрапейскіх арт-інстытуцый. Толькі летась мастак зрабіў сем праектаў, адзін з якіх — грандыёзная выстава ў трох частках у Музеі архітэктуры ў Вроцлаве. Актыўны грамадскі дзеяч у прасоўванні беларускай культуры. Нарадзіўся і жыве ў Валілах, Беласточчына. Выкладае ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў.

— Лявон, распачаць гутарку хочацца з даўняй і непрыемнай гісторыі, што здарылася тут, у Беларусі. У 1995-м у Віцебску вы прымалі ўдзел у фестывалі In-formation, у рамках якога быў створаны вядомы ваш твор — манументальны роспіс калон Віцебскага мастацкага музею. На жаль, у 2007 годзе твор быў знічтожаны. Яго пакрылі белай фарбай. Гэта была марудная барацьба паміж чыноўнікамі і мастакамі напрацягу некалькіх гадоў, але скончылася яна такі перамогай першых. Як вы сёння ставіцеся да тых падзей?

— Спакойна. Гэта ўжо гісторыя, і тое, што людзі ведаюць, што тая праца была, — нямала. Гэты роспіс стаўся ўжо часткай гісторыі беларускага мастацтва. Тым больш што захаваліся фотаздымкі той працы, ёсць дакументацыя. Упэўнены, што калі спатрэбіцца, роспіс можна будзе аднавіць.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

— Гэта значыць, што вы крыўды не нясеце?

— Лічу, што, калі на пэўным этапе няма інтэлектуальнага патэнцыялу ў тых, хто прымае рашэнне, не трэба нікога прымушаць. Так, для мяне было важна зрабіць гэты твор менавіта ў Віцебску, горадзе, дзе нарадзіўся УНОВИС. Але што адбылося, тое адбылося. Усё роўна тая «цывілізацыя», што ёсць сёння ў Беларусі, яна не будзе доўжыцца доўга.

— Вы верыце ў гэта?

— Перакананы.

— Дарэчы, 1990-я. Які гэта быў час для вас? Сёння сучаснікі ўсё часцей ўзнаўляюць той перыяд. Садзейнічаюць «настальгіі» і эканамічны крызіс 2010-ых, уздым правых сіл… Можна правесці пэўныя параўнанні. Вы асабіста не адчуваеце гэтай настальгіі?

— 1990-я для мяне былі часы вялікай інтэлектуальнай рэвалюцыі. Людзі, мастакі мелі іншыя энергію і сілу і карысталіся імі, каб адыйсці ад свайго савецкага мінулага. Так, у прыватнасці, было і са мной. Згодны, гэты час быў гучны і даў нам вялікі імпэт на наступныя гады. Але трэба разумець, што ён мінуў. 90-тыя сышлі і ніколі не вернуцца. Я, у прыватнасці, падобнай настальгіі не адчуваю. Сёння перад людзьмі стаяць іншыя выклікі — трэба ісці далей.

— Вы не аднойчы казалі пра тое, што лічыце сябе мастаком родам з Вялікага Княства Літоўскага. Для вас гэта прастора па-ранейшаму жывая? Нягледзячы на межы, палітыку розных дзяржаў?

— А колькі часоў тыя межы? Я памятаю, як да нас на Беласточчыну прыходзілі людзі з новымі пашпартамі. Як мы былі Польшчай, потым — Няметчынай, потым — зноў Польшчай… Я прытрымліваюся такога пераканання, што цывілізацыя Вялікага Княства Літоўскага — тая цывілізацыя, якая дала і дае нам шмат. Савецкія часы не маглі спарадзіць новы свет у мастацтве.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

— А як жа Казімір Малевіч і яго супрыматызм, прыхільнікам якога быў у свой час Уладзіслаў Стржэмінскі, настаўнік вашага настаўніка Тадэвуша Дамініка?

— Проста на пачатку 1920-х мастакі яшчэ верылі, што здольныя стварыць рэвалюцыйнае мастацтва. І яны яго стваралі. Але, як вядома, тое доўжылася нядоўга.

Лічу, што ёсць нейкая неверагодная энергія ў гэтай прасторы паміж Балтыйскім морам і Чорным, паміж Польшчай і Расіяй. Казімір Малевіч, Маркус Ратковіч (Марк Ротко), Эль Лісіцкі, Уладзіслаў Стржэмінскі — паглядзіце колькі мастакоў сусветнага ўзроўню стваралі тут. Безумоўна, іх мастацтва мусіць быць для беларусаў невычэрпнай скарбніцай. Іх творчасць — крыніца, што засталася не «засмечана» думкай прымітыўнага савецкага чалавека.

— Я так разумею, што цывілізацыя Вялікага Княства Літоўскага — для вас існуе, а вось тое, што прыйшло ёй на змену — савецкая цывілізацыя, калі мы гаворым у такіх катэгорыях, — не з’яўляецца паўнавартасным феноменам?

— Усё верна. Бо сяляне і рабочыя не могуць стварыць цывілізацыю. Яна фарміруецца на працягу вякоў, калі адно пакаленне змяняе іншае і выбудоўваецца доўгі ланцужок пераемнасці. Каб культура дасягнула высокага ўзроўню, мусіць мінуць чатыры пакаленні, перадаючы веды і досвед адзін аднаму. Што адбывалася з нашымі землямі, краінамі напрацягу ХХ стагоддзя? Войны, рэвалюцыі перарывалі жыцці людзей, высокая культура зніштажалася.

— Вы кажаце пра Беларусь?

— Пра Беларусь, ды і Беласточчыну таксама. Мы пакалечаны праз тыя катаклізмы. Пра якую цывілізацыю можа ісці гаворка? Сёння, здаецца, што людзі жывуць у прагрэсе — карыстаюцца сучаснымі тэхналогіямі, тэхнікай. Але гэта не гаворыць пра тое, што ў нас ёсць культурная цывілізацыя. За адно-два пакаленні, што прыйшлі на змену сялян і рабочых, яна не фарміруецца.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

Што гаворыць, можам зараз паглядзець навокал. Тое, што бачым — як уладкаваныя вуліцы, якая архітэктура, што за творы вісяць у музеях, — усё гэта кажа пра ўзровень культуры, якая вакол нас цывілізацыя.

— Цікава, які б колер вы далі Беларусі? Пытаюся і ў кантэксце размовы і, канечне, як мастака, што вядомы сваімі неверагоднымі працамі з колерам.

— Ты задаеш такое пытанне, на якое складана адказаць. Калі зрабіць такі конкурс, я б падумаў. А так сходу — не магу даць адказ.

— Міхал Амнепадыстаў, напрыклад, лічыў, што адзін з галоўных колераў Беларусі — шэры.

— Шэры колер атрымоўваецца тады, калі недасканала змяшаныя ўсе колеры. А вось калі колеры ідэальна, дасканала спалучаныя — выходзіць белы. Магчыма, Міхал марыў пра белы колер? Можа быць, гэта была яго мара пра Беларусь?

— Нечакана. Міхал да шэрага колера ставіўся станоўча. Але ваша меркаванне цікавае.

— Магчыма, кантэкст нашай гутаркі спрыяе такім разважанням. Але для мяне шэры — гэта колер савецкай краіны. Штодзённы колер савецкага асяродку. Радасць заўжды рознакаляровая. І ці былі такімі рознакаляровымі нават савецкія святы? Але я не думаю, што колер Беларусі — шэры.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

— А колер Польшчы вам, можа, будзе лягчэй назваць?

— Не. І тут я не вазьмуся за такую задачку.

— Якой вы бачыце беларускую ідэнтычнасць?

— Яна ёсць. Я ў ёй жыву. Беласточчына — гэта мой край, край той самай цывілізацыі ВКЛ, і я даўно тут з’яўляюся абаронцам беларускасці, грамадскім актывістам у гэтым кірунку. Па шчырасці, я нават ужо трохі стаміўся ад вызначэння беларускай ідэнтычнасці, таму ў гэты раз утрымаюся ад адказу.

— Добра. Але ў Польшчы вы лічыцеся не толькі дзеячам з прынцыповай пазіцыяй, але адным з самых уганараваных мастакоў.

— Ведаеш, трэба было столькі гадоў вытрываць, каб цябе пачалі цаніць за тое, што напачатку лічылася заганным. Так, у Польшчы ёсць прыязнае інтэлектуальнае асяроддзе. І я вельмі цаню тыя ўзнагароды, якімі быў адзначаны (Лявон Тарасевіч ў 2011 годзе атрымаў «Рыцарскі Крыж ордэна Адраджэньня Польшчы» за выбітны ўнёсак у нацыянальную культуру Польшчы, у 2017 стаў лаўрэатам Прэміі імя Ежы Гедройца, у 2018 — прэстыжнай прэміі імя Аляксандра Гейштара і.г.д. — Д.А.). Аднак у польскім грамадстве пануюць і тыя ідэі, што я не прымаю. Калі мы паглядзім на еўрапейскую цывілізацыю, то можам заўважыць, што развіццё мастацкае і грамадскае думкі заўжды ішло па сінусоідзе. Быў час канструктывізму — узлёт ідэй, потым час манерны — заняпад, потым зноў — усплеск думкі і гэтак далей. Сёння Польшча, на маю думку, перажывае спад, стагнацыю, узнаўляюцца настроі 1930-тых. Я іх не падзяляю.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

— Аднак Польшча прызнае ваш талент. І, дарэчы, у Вікіпідыі пра вас асабіста падкрэсліваецца такая звестка, што вы — адзін з самых найдаражэйшых польскіх мастакоў.

— Ведаеш, часам глядзіш на нейкую карцінку з заморскім краявідам, — выглядае так прыгожа. А прыязджаеш туды — і ўсё аказваецца зусім не так. Гэтаксама і з маімі «дарагімі» творамі. Пакуль гэтыя продажы больш працуюць на аўкцыйны дом, чым на мяне. Хтосьці купляе мае працы ў Еўропе, Амерыцы, прывозіць у Польшчу і прадае, спекулюе. Я магу нават і не ведаць пра тыя продажы. Мне нават у пэўны час даводзілася наймаць юрыста і падаваць у суд на аўкцыйны дом, каб атрымаць аўтарскі працэнт.

Тое для мяне непрыемная тэма, аднак гэта камерцыя, якая ёсць і будзе. Для мяне больш важна, каб паўставалі новыя творы.

— Усё ж такі жадаю вам, каб такога ашуканства больш не было.

— Што зробіш, грошы — такая тэма.

— Напэўна, ад усіх непрыемнасцяў, тлуму вы знаходзіце суцяшэнне на вашай гаспадарцы, у Валілах. Чытала, што вы з’яўляецеся прафесійным разводчыкам курэй. Даволі незвычайнае хобі.

— Я проста раней займаўся арніталогіяй. А потым зацягнула гэта справа. Гадаванне курэй — гэта для мяне такая абарона, каб не з’ехаць з глузду ў свеце людзей.

— Але, выбачайце, што вы знайшлі ў гэтых птушках? Яны ж не лятаюць!

— Але яны ходзяць! А некаторыя — б’юцца. Сёння ў сваёй гаспадарцы я маю шмат байцоўскіх кур розных гатункаў, якіх вывеў самастойна. Увогуле, гадаванне кур — гэта такі свет, які мала хто ведае.

— Гэты занятак можна лічыць вашым арт-праектам?

— Не. Бо мастацтва ёсць шуканне новых думак, а мае хобі месціцца ў рамках культуры. Аднак, ведаеш, я знайшоў выдатную нішу. Тым больш, што птушыная цывілізацыя нашмат старэйшая за чалавечую. Можна займацца тым, што знаходзіцца на вельмі высокім ўзроўні. Гэта толькі здаецца, што на тым падворку нічога не адбываецца: ходзяць куры і ходзяць. Але я ведаю, што ўсё зусім не так.

Лявон Тарасэвіч: 1990-я сышлі і ніколі не вернуцца

Фота Ганны Шарко

P.S. Аўтарка тэксту выказвае падзяку за арганізацыю інтэрв’ю дырэктаркам галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Ганне Чыстасердавай і Валянціне Кісялёвай.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: