Сёння ва ўкраінскім Ірпені ў цэнтры горада адкрылася выстава антываенных плакатаў аднаго з найвядомейшых мастакоў з Беларусі – Уладзіміра Цэслера. Праект, арганізатарамі якога выступілі беларускія культурныя актывісты, будзе працаваць у публічнай прасторы тыдзень.
Reform.by удалося звязацца з куратаркай праекта, якая на ананімных пачатках пагадзілася расказаць пра тое, як гэта – зрабіць выставу мастака з Беларусі ў горадзе-героі Украіны.
– Выстава твораў Уладзіміра Цэслера ўжо ладзілася ў Адэсе, – удакладняе наша візаві. – Але мы таксама хацелі прывезці яе ў Ірпень. Напачатку, прызнаюся, планавалі зладзіць праект у парку, павесіць плакаты на адмысловым паркане ў паркавай прасторы. Але адміністрацыя горада не дала на гэта дазвол, – у той жа час прапанавала альтэрнатыву – гэта месца, якое знаходзіцца ў самым цэнтры горада – выставачная публічная прастора побач з гатэлем “Ірпень”. Мы ўзгаднілі творы мастака – і выстава сёння пачала сваю працу.

Куратарка адзначае, што экспазіцыя публічнай выставы складаецца з пятнаццаці работ вядомага беларускага дызайнера.
– Насамрэч для гэтай выставы былі надрукаваныя 24 выявы. Але з-за спецыфікі прасторы мы здолелі размясціць толькі пятнаццаць плакатаў, – кажа яна.
Для нашай субяседніцы гэты праект – далёка не першы ва Украіне. Арганізатарка з Беларусі ўжо ладзіла выставу фатаграфій беларускіх палітвязняў, асуджаных за праўкраінскую пазіцыю, у 2022 годзе з калегамі ў Бучы – у Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады. Пытаемся: як гэта – рабіць беларускія праекты – у такіх сакральных месцах?
– Насамрэч тут дзейнічае такое правіла, якой раней панавала ў культурным цэнтры “Корпус” у Мінску, – адказвае куратарка, – “Рабі – будзе!”. Мясцовая адміністрацыя, прынамсі, у Бучы, Ірпені дастаткова лёгка ідзе на кантакт. Магчыма таму, што гэта рэгіён, якому не хапае арт-менеджараў – яны рады ініцыятывам, а магчыма таму, што гэта проста такая адкрытая палітыка.
У творах Уладзіміра Цэслера даволі востра і саркастычна высмейваюцца розныя праблемы, некаторыя з плакатаў – надзвычай шчырыя, але ніводны твор не выклікаў нараканняў у мясцовай адміністрацыі, – дадае субяседніца. – Калі ўчора мантавала выставу, я ўвогуле падумала пра тое, што Украіна – гэта сёння месца для ідэй, якія немагчыма зладзіць у Беларусі.

Наша візаві адзначае і рэакцыю ўкраінскай публікі на плакаты беларускага дызайнера.
– Людзі рэагавалі на плакаты вельмі пазітыўна, – распавядае яна. – Мяне і саму творы вельмі рассмяшылі. Ірпенчане чыталі з цікавасцю інфармацыю пра Уладзіміра Цэслера – ніякіх негатыўных эмоцый мной не было заўважана. Але нават калі б яны і былі, я да гэтага стаўлюся даволі спакойна, – разважае куратарка. – Якую б ты працу не рабіў, усё роўна будуць людзі, якія скажуць ОК на тваю дзейнасць, і тыя, што пачнуць крытыкаваць. І тут справа не ў Бучы і Украіне, гэта працуе адносна любога працэсу актыўнасці ў любой краіне.

Важна дадаць, што наша субяседніца сама жыве ў Ірпені. Яна з’язджала з горада на чатыры месяцы пасля 24 лютага 2022 года, але потым вярнулася.
Пытаемся ў адмыслоўцы, як жывецца ў такім горадзе як Ірпень, і што можна сказаць сёння пра настрой украінцаў.
– Пасля пачатку вайны, пасля таго, як прайшоў этап здранцвення, пасля адаптацыі да адсутнасці святла, пастаянных абстрэлаў, ужо з’явілася адчуванне, што любую праблему ва Украіне можна вырашыць, – адказвае куратарка. – Бо ніхто раней не думаў, з чым давядзецца сутыкнуцца тут і зараз у 2022-2023 гадах. Ва ўкраінцаў вельмі моцная энергія, – падкрэслівае наша візаві. – Яны зараджаны на супраціў, і я зараджаюся ад іх гэтым імпэтам.
Пра адзін з яскравых прыкладаў жыццястойкасці ўкраінцаў дзяўчына пагадзілася распавесці.
– У горадзе адбываюцца праблемы са святлом і пастаянныя абстрэлы – усе ўжо троху да іх прызвычаіліся. І аднойчы я праходзіла міма невялічкай касметычнай крамкі, кшталту “Мілы” ў Беларусі. У краме не гарэла святло, але дзверы былі адчынены. Я падыходжу і пытаюся: “А вы працуеце?”. “Так, працуем”, – і да мяне выходзіць прадавачка з ліхтарыкам на галаве. “Мы кожнага індывідуальна праводзім да тых палічках, якія вам патрэбныя”, – сустракае мяне жанчына і прапануе дапамогу. І я зайшла, зрабіла выбар, падышла да касы. “Ці ёсць у вас карта зніжак? – пытаюцца ў мяне. – Калі з’явіцца святло, мы ўсё абавязкова ўнясем у сістэму”, – кажа гандлярка. Прызнацца, гэта сустрэча мяне вельмі натхніла. Нават касметычная крама знайшла выйсце ў такой сітуацыі. І так ва ўсім – людзі знаходзяць спосабы, як наладзіць працу і дапамагчы адно аднаму.

Дзяўчына прызнаецца, што намагаецца ладзіць у горадзе розныя актыўнасці, бо пасля пераезду з Беларусі ёй вельмі не хапае івэнтаў, якія яна б магла самастойна арганізаваць. Раней наша візаві працавала ў арганізацыі культурных мерапрыемстваў.
Па словах куратаркі, у яе досведзе толькі пазітыўныя прыклады стаўлення ўкраінцаў да беларусаў. Але візаві падкрэслівае, што ёй вельмі дапамагае ўкраінская мова, якой яна валодае.
Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера, зладжаная беларусамі ў Ірпені, нагадаем, будзе працаваць у цэнтры ўкраінскага горада тыдзень.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: