Сябры FIPRESCI, кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч і Максім Карпіцкі афіцыйна ўключаны ў склад журы прэміі “Залаты глобус-2024” – найвядомейшай амерыканскай узнагароды, якая прысуджаецца Галівудскай асацыяцыяй замежнай прэсы з 1944 года за працы ў кінафільмах і тэлевізійных карцінах.
Ірэна Кацяловіч летась стала першым беларускім кінакрытыкам, якая ўключылася ў працу журы другой па прэстыжу прэміі ў амерыканскай кінаіндустрыі пасля “Оскара”. Кінаўзнагарода вырашылася на пашырэнне складу ўдзельнікаў пасля крытыкі ў яе бок у пазамінулым годзе, і сёлета гэты трэнд (на пашырэнне) замацоўваецца. Reform.by удалося звязацца з беларускімі сябрамі журы, каб распытаць пра іх чаканні і стаўленне да ўдзелу ў “Залатым глобусе”.
Максім Карпіцкі: “Дужа ўсцешаны, што прэмія пашырае склад удзельнікаў”

“Я трохі скептычна стаўлюся да любых прэмій і ўзнагарод, вынікі каторых вызначаюцца сярэднім арыфметычным ад галасоў вялікай колькасці ўдзельнікаў: такім чынам найчасцей перамагае дыхтоўна зробленая пасрэднасць, – падзяліўся сваім поглядам на конкурсы і прэміі сябра FIPRESCI, кінакрытык, рэдактар часопіса Cineticle Максім Карпіцкі. – Але я таксама і рады, бо сярод пераможцаў “Залатога глобуса” бывалі і напраўду вялікія фільмы ды серыялы, гледзячы каторыя адчуваеш, што магія кіно — не пустыя словы. Яшчэ я дужа ўсцешаны, што прэмія пашырае склад удзельнікаў, намагаючыся зрабіць яго больш разнастайным. Раз ужо рабіць нешта вялізнай талакой, дык менавіта так, у стракатай кампаніі людзей з самых розных культур”, – зазначыў аўтар.
Ірэна Кацяловіч: “Калі я атрымала прапанову прайсці адбор яшчэ раз, доўга не думала”

“Залаты глобус” скарыў мяне эксклюзіўным доступам да велічэзнай колькасці фільмаў, – з ходу адказала на пытанне “чаму кінакрытык пагадзілася зноў на гэты выклік?” сябра FIPRESCI, прадстаўніца Беларускай Рады культуры і аўтарка “Белсату” Ірэна Кацяловіч. – А калі ты шчасліўчык валодаць такім багаццем, гэта перакрывае вялікую колькасць неаплочвальнай працы, якую трэба зрабіць у дадатак”.
“Да таго ж, мне прыемна, што эксперымент з запрашэннем міжнародных сябраў журы, які Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы зладзіла летась, было вырашана працягваць, – адзначыла аўтарка. – Мне сімпатычнае імкненне прэміі да разнастайнасці воўтэраў – (лаўрэаты прэміі выбіраюцца праз галасаванне, удзельнікамі якіх акурат з’яўляюцца новыя і сталыя сябры журы – удакл. Reform.by), як і то, што на ўручэнні мінулай прэміі выступіў Уладзімір Зяленскі, чаго, напрыклад, не дазволілі зрабіць на “Оскары”. Таму калі я атрымала прапанову прайсці адбор яшчэ раз, доўга не думала. Пастараюся ўбачыць падчас гэтага досведу журэння як мага больш нечаканых выразных мастацкіх прыёмаў”, – распавяла адмыслоўца.
Вядома, што сёлета Ірэна Кацяловіч актыўна заахвочвала беларускіх калег падавацца на ўдзел у прэміі.
“Прадстаўнікі прэміі спыталі, ці магу я параіць ім патэнцыйных воўтэраў, – патлумачыла яна гэты момант. – Калі летась да журы дадалося каля 100 міжнародных сябраў журы, сёлета гэты склад пашырыўся яшчэ больш — 215 чалавек дадаліся да 95 воўтэраў з асацыяцыі. Я падзялілася такой магчымасцю з калегамі, і мне вельмі прыемна, што адзін з іх прайшоў адбор, бо гэта, па-першае, пашырае прафесійную прысутнасць беларусаў на міжнародных пляцоўках, па-другое, за кошт прэстыжу “Залатога глобуса” павышае статус беларускай культурніцкай супольнасці. Да таго ж, журэнне дае доступ да той самай вялікай колькасці фільмаў, і мне падавалася, гэта файна — падзяліцца магчымасцю яе атрымаць”.
Нагадаем, што падача заявак на ўдзел у “Залатым глобусе” пачынаецца ў верасні гэтага года. Фінальнае галасаванне па вызначэнні пераможцаў адбудзецца ў снежні 2023-га. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання традыцыйна ладзіцца на пачатку студзеня наступнага года. Наперадзе ў беларускіх кінакрытыкаў і іх калег шмат працы.
Пераможцамі сёлетняй, 80-й прэміі “Залатога глобуса” быў прызнаны фільмы: “Фабельманы” Стывена Спілберга і “Баншы Інішэрына” Марціна Макдонаха.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем очень благодарны за поддержку нашей работы донатом:
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: