Майкі з прынтамі «Евы» Хаіма Суціна? Шоперы з «Аўтапартрэтам» Ван Гога? Байкі з рознакаляровымі «Мэрылін Манро» Эндзі Уорхала? Прыгожымі рэчамі – адзеннем, аксесуарамі – з выявамі вядомых твораў мастакоў сёння нікога не здзівіш. Але мінская прастора «Вершы» вырашылася на эксперымент на ніве папулярызацыі мастацтва – яна зрабіла калекцыю маек з прынтамі работ актуальных беларускіх мастакоў – прычым не жывапісцаў, а фатографаў і графікаў.
На адзенне былі нанесеныя прынты работ фатографаў Сяргея Кажамякіна, Ігара Саўчанкі, Вадзіма Качана, графікаў Марыі Сыракваш, Таццяны Савік, Сафіі Піскун і Міхаіла Дайлідава. Праект у пэўным сэнсе стаў пасляслоўем pop-up store – выставы-продажы твораў мастакоў, якая адбылася ў прасторы ў чэрвені.

Але ж продаж маек з выявамі твораў фатографаў і графікаў можна разглядаць і як асобны праект-эксперымент. Нанесці прынты на аддзенне – ідэя не новая, але «Вершы» зрабілі стаўку на папулярызацыю сучаснага беларускага мастацтва і эксклюзіўнасць.
У калекцыі прадстаўлены па тры творы ад кожнага аўтара. То-бок, у серыі можна знайсці тры адзінкі аддзення з рознымі прынтамі аднаго мастака – калекцыя, што называецца, вельмі лімітызаваная. Каштуе адна майка прыстойна – 120 рублёў. Ці будзе попыт на такую прапанову?
На момант напісання матэрыялу Reform.by паведамілі, што майкі з прынтамі работ графіка Міхаіла Дайлідава ўжо распрададзены. Ёсць асобныя продажы ў іншых мастакоў.


Але нам удалося пагутарыць з пакупніцай аддзення з выявай работы Ігара Саўчанкі. Дзяўчына, якая пагадзілася гаварыць на ананімных пачатках, патлумачыла, чаму яна гатова плаціць за выраб такі кошт.
– Ініцыятыва рабіць мерч па выніках мастацкай імпрэзы ці ў падтрымку яе, – гэта ідэя мне падаецца слушнай, – падзялілася меркаваннем наведвальніца прасторы. – І мне падаецца, што гэта заўжды павінна ісці ў тандэме – мастацтва мае каштоўнасць і адпаведна сваю цану, кошт. Купляючы мерч – адзенне з прынтамі, аксесуары, я акурат падкрэсліваю каштоўнасць мастацтва той цаной, якую за яго плачу. Камерцыялізаваць мастацтва гэта нармальна – мастакі не павінны хадзіць «халоднымі і галоднымі».
Я заўжды намагаюся купляць мастацтва ў жывых мастакоў, – працягвае распавядаць дзяўчына, якая аказалася актыўным спажыўцом мастацтва. – Не важна ў якой форме – гэта работа мастака, ці мерч, ці яго паслуга. У прыватнасці, работы Ігара Саўчанкі мне падабаліся даўно і заўжды – а тут атрымоўваецца той варыянт, што фатаграфія аўтара будзе заўжды са мной.
І мне яшчэ падабаецца ў гэтых мерчавых штуках ідэя папулярызацыі мастацтва, – гаворыць субяседніца. – Гэта не банальны масмаркет – гэта ўнікальная работа – майкі з прынтамі вышэйназваных аўтараў існуюць у адным экзэмпляры. Больш за тое, акрамя таго, што ты носіш работу мастака на сабе, ты можаш стварыць з яе самастойна мастацкую працу, што я і зрабіла. Я кастамізавала, абрэзала майку пад сябе, як мне трэба – атрымаўся такі двайны арт.

Але пры гэтым дзяўчына падкрэслівае, што для яе важная не толькі якасць рэчы.
– Вялікая значэнне мае якое мастацтва папулярызуецца, і хто прадае той мерч, – звяртае яна ўвагу на этыку і клас прадаўца. – Я не буду купляць у таго, хто не супадае са мной па каштоўнасцях. Тут здарылася так, што супала ўсё: класны фатограф, ініцыятыва, майка, і малайцы пляцоўка, што робіць розныя актыўнасці ў Беларусі.
Нягледзячы на падобных унікальных пакупнікоў, ці акажацца эксперымент удалым – усё ж пакажа час.
Сачыць жа за прасторай «Вершы» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: