На 81-м годзе сышла з жыцця актрыса тэатра лялек Валянціна Пражэева

Культура
Фота: facebook.com/puppettheater.

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек сёння паведаміў пра смерць Валянціны Пражэевай — вядомай актрысы тэатра, лаўрэаткі шматлікіх фестываляў тэатраў лялек, самабытнай і харазматычнай артысткі, якая стварыла за пяцьдзясят год служэння беларускаму тэатру плеяду выбітных незабыўных вобразаў.

«Літаральна тыдзень таму мы віншавалі Валянціну Васільеўну з 80-годдзем, а ўжо сёння вымушаны ўзгадваць яе асобу ў такой трагічнай для нас навіне, — паведамілі артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек пра сыход Валянціны Васільеўны.

Валянціна Пражэева — заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым (2001), лаўрэат шматлікіх фестываляў. Аднак перш-наперш гэта адораны рэдкім талентам чалавек, які больш пяці дзесяцігоддзяў прысвяціў служэнню роднаму тэатру, — адзначылі яе калегі. — Яркая, незабыўная, сапраўдная зорка тэатра лялек. Кожная яе роля была насычана ўнутраным святлом«.

На 81-м годзе сышла з жыцця актрыса тэатра лялек Валянціна Пражэева
Фота: facebook.com/puppettheater.

Валянціна Пражэева нарадзілася 28 сакавіка 1943 года ў Екацярынбургу, у Расіі. Скончыла ў 1962 годзе Рэспубліканскія курсы пры Міністэрстве культуры Беларусі па спецыяльнасці «рэжысура народных тэатраў». 3 1963 года — працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Валянціна Пражэева была разнапланавай артысткай. Прафесійна валодала лялькамі розных сістэм, працавала ў драме; выразная моўная характарнасць таксама дазвалялі актрысе ствараць яркія запамінальныя ролі.

Сярод вобразаў, створаных Валянцінай Пражэевай у дзіцячых і дарослых спектаклях, узгадваюцца: Галатэя («Цудоўная Галатэя» Б. Гадар і С. Дарваша), Ева («Боская камедыя» І. Штока), дачка Бабы-Ягі («Да трэціх пеўняў» В. Шукшына), дзяўчына Машка («Ляўша» У. Канстанцінава і Б. Рацэра паводле М. Ляскова), Эльвіра Рэнесанс («Клоп» У. Маякоўскага), фрау Босенгейм («Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я. Гашака), Шарлота («З Парыжам скончана!..» паводле п’есы А. Чэхава «Вішнёвы сад») ды іншыя ролі. Таксама Валянціна Пражэева працавала ў «Калыханцы» ў 1980-я, была адной з трох лялькаводаў слыннага персанажа Дзеда-Барадзеда.

На 81-м годзе сышла з жыцця актрыса тэатра лялек Валянціна Пражэева
Валянціна Пражэева злева. Дата здымка — 1985 год. Фота: архіў Белтэлерадыёкампаніі, wikipedia.org.

Як пракаментавала навіну тэатральны крытык Настасся Панкратава, «Ведаеце, што злуе? Для гэтай цудоўнай актрысы ў нашай краіны так і не знайшлося звання. Колькі разоў тэатр падаваў паперы! А ў высокіх інстанцыях спачатку казалі: «Ну што вы спяшайцеся, яшчэ зарана». А потым разводзілі ў гэтых жа кабінетах рукамі: «Так ужо позна!».

«Памятаю, як ужо ў той час, як [Валянціна Пражэева] сышла з тэатра, мы разам глядзелі фестывальны паказ «На дне » Казакова, — узгадвае сваё знаёмства з актрысай Настасся Панкратава. — Увесь спектакль Валянціна Васільеўна шэптам каментавала мне працу акцёраў. Такога тактоўнага, тонкага, паважлівага разбору працы калегаў я ніколі не чула!

Вельмі шкадую, што так і не паспела зрабіць з ёй інтэрв’ю. Бо ў яе на кожную тэатральную падзею была свая гісторыя. Светлая памяць, Валянціна Васільеўна!».

— Памяць пра Валянціну Васільеўну Пражэеву назаўсёды застанецца ў сэрцах яе калег і любімых гледачоў, — развітваюцца з калегай артысты Беларускага дзяржаўны тэатр лялек.

Развітанне з актрысай адбудзецца ў панядзелак у 11:00 па адрасе: Далгінаўскі тракт, 160а, к. 1.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: