«Не магу без гэтай традыцыі жыць»: журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц распавяла чаму не можа спыніцца калядаваць

Культура
Марыя Грыц. Фота: facebook.com/marigrits.

Журналістка, вядоўца праграмы «Трэба пагаварыць» на «Б*лсат», а гэтаксама руплівіца беларускай культуры і мовы ва ўсіх краінах, дзе бывалася, Марыя Грыц калядуе ўжо больш за дзесяць гадоў.

Сёлета беларуская аўтарка, якая цяпер жыве ў Беластоку ды актыўна папулярызуе беларускую культуру (таму мы яе і называем амбасадаркай), спачатку зладзіла батлейку для беларускай малечы ў Хабе «Новая зямля», а потым «узялася за каляды». Марыя сфарміравала групу калядоўшчыкаў з 5-6 чалавек, а потым дала абвестку ў мясцовыя суполкі, каб ахвочыя пакідалі свае адрасы.

«То мы па тых адрасах і хадзілі. 25 снежня было шмат хат, а ўчора — 7 студзеня — паменей ужо», — падзялілася яна з Reform.by.

Агулам калядоўшчыкі наведалі трынаццаць сямей з Беларусі.

З дазволу спадарыні Марыі дзелімся яе цікавым і натхняльным досведам калядавання, пра які яна распавяла ў сацсетках.

Вы не пыталі, але я ўсё адно напішу, чаму ўжо 10 гадоў я апранаю ўсё гэта і хаджу па хатах. Гісторыі адбыліся сёлета, — пазначыла яна.

У адной хаце сям’я пераехала так даўно, што дзеці ўжо не разумелі, што мы гаворым, таму мама перакладала ім на польскую, што кажа бусел ці баба з казой. Але яны глядзелі ва ўсе вочы і былі вельмі ўражаныя. Мажліва, на Каляды яны першы раз сутыкнуліся з беларускай мовай. Спадзяюся, сутыкненне прайшло паспяхова.

"Не магу без гэтай традыцыі жыць": журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц распавяла чаму не можа спыніцца калядаваць
Марыя з сяброўкамі зладзілі батлейку для беларусаў у Хабе «Новая зямля» ў Беластоку. Фота: facebook.com/marigrits.
"Не магу без гэтай традыцыі жыць": журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц распавяла чаму не можа спыніцца калядаваць
Выступленне калядоўшчыкаў у Хабе «Новая зямля». Фота: facebook.com/marigrits.

У іншай хаце хлопчык гадоў трох так уразіўся, што каза ўпала/здохла/прапала, ажно кінуўся яе ратаваць печывам. Але не разабраўся, дзе ў казы рот, і пхаў печыва ў дзіркі для вачэй на масцы, то казе не было як не ўстаць ад такога ратавання.

Адна з сем’яў, што нас запрашалі, рыхтавалі вершы для каляднікаў. Двое малодшых чыталі нешта простае, а старэйшы — хлопец-падлетак — пачаў дэкламаваць Багдановіча. Гэта была параза ў самае маё сэрца, ледзь там не расплакалася…

Адну з хат мы наведалі двойчы: 25-га і 7-га (ага, каб замацаваць вынік). Збольшага гледачы і глядачкі былі розныя, але адна дзяўчынка дашкольнага ўзросту з першага разу запомніла, як ратаваць казу і ў наш другі візіт па-гаспадарску пхала ў мех усё, што стаяла на стале!

Учора на прыпынку пад нашыя калядкі незнаёмы мужчына пачаў прытанцоўваць, а падлеткі, з якімі мы ехалі разам у аўтобусе, потым беглі за аўтобусам і паказвалі нам у акно сардэчкі і дасылалі паветраныя пацалункі…

Гэта далёка не ўсе гісторыі, яны напаўняюць такім святлом, утульнасцю і любоўю, што я, як тая наркаманка, не магу без гэтай традыцыі жыць. Мажліва, маё пакліканне — смех і радасць мы прыносім людзям…

"Не магу без гэтай традыцыі жыць": журналістка і культурніцкая амбасадарка Марыя Грыц распавяла чаму не можа спыніцца калядаваць
Марыя Грыц у вобразе Цыганкі ў час калядавання. Фота: facebook.com/marigrits.

Накалядавалі Марыя з сябрамі шмат чаго.

«Ооо, нас двойчы пачаставалі салам. Сапраўдным, белым, як дома. Гэта самыя галоўныя пачастункі. Алкаголю надавалі, печыва, булак… Адна пані так разгубілася, што забыла падрыхтаваны нам штолен. То прасіла потым вярнуцца, але мы ўжо былі далёка», — дадала падрабязнасцей руплівіца беларускай культуры Reform.by.

Многія калядоўшчыкі ходзяць да людзей да Вадохрышча, але Марыя кажа, што на гэтыя святы ўсё, стамілася.

Але на наступныя Каляды — абавязкова зноўку пойдзе.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: