Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry

Культура
Фрагмент вокладкі да праекта Red Cap Must Cry. Аўтарка ілюстрацый - Саша Канакова. Фота: facebook.com/homcosmos.

Незалежная тэатральная кампанія HomoCosmos анансавала выхад новага праекта. Тэатр зрабіў стаўку на лічбавы фармат і прэзентуе рэліз мабільнай гульні, якая па форме нагадвае тэатральнае анлайн-прадстаўленне.

Мабільная гульня пад назвай Red Cap Must Cry створана па матывах рамана нямецкай аўтаркі Беяты Тэрэзы Ханікі “Чырвоны Каптурок павінна раўці”. У творы распавядаецца гісторыя дзяўчынкі Мальвіны – “у яе ёсць маленькая таямніца з водарам дрэнна пахкага сыра і куфлем чырвонага напою на стале”, – інтрыгуюць стваральнікі.

“Ідэя [гульні] ўзнікла ў той момант, калі свет накрыла пандэмія, і наш тэатр, як і шмат іншых паўсюль, быў вымушаны шукаць выйсце ў дзіджыталізацыі – то бок распрацоўку мы пачалі ў 2020 годзе, – распавялі пра ініцыятыву Reform.by менеджэры праекта. – Потым змяніліся абставіны і мы на пэўны час адклалі гэты праект, але зараз з’явілася магчымасць яго рэалізаваць.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый – Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

Мы ствараем гульню з элементамі AR (augmented reality), якая па форме нагадвае тэатральнае анлайн-прадстаўленне, з выкарыстаннем розных сучасных інструментаў, не зусім звыклых для звычайнага сторытэлінгу, – дзеляцца падрабязнасцямі аўтары гульні. – Галоўная гераіня гісторыі – дзяўчынка Мальвіна. Ёй трынаццаць гадоў, і яна, як усе яе равесніцы, ходзіць у школу, любіць балбатаць з лепшай сяброўкай Ліззі, займаецца музыкай, ваюе з хлапчукамі на віле, катаецца на ровары, сварыцца са старэйшай сястрой, наведвае дзядулю, нібы Чырвоны Каптурок. .. Але за бачным дабрабытам хаваецца дзікая і страшная таямніца, якую Мальвіна баіцца расказаць нават сабе”.

Аўдыторыя Red Cap Must Cry – перш за ўсё падлеткі, удакладняюць стваральнікі.

“Мы арыентаваліся на падлеткаў 12-16 год. Гэта складаны і абсалютна нетэатральны ўзрост. Таму мы абралі форму ўзаемадзеяння праз гульню”, – адзначаюць яны.

Таксама аўтары разлічвалі на цікавасць актыўных карыстальнікаў інтэрнэту, ды, вядома, бацькоў.

“Мяркую, што наша гульня мусіць быць таксама цікава людзям, якія трапляюць у пастку бацькоўскага ўсёведання ў перыяд пубертата сваіх дзяцей, і максімальна не абароненыя ад разрыву камунікацыі з імі”, – апісваюць яны сваю аўдыторыю.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый – Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

HomoCosmos пазіцыянуе гульню як сацыяльны лічбавы праект. Над Red Cap Must Cry працавала міжнародная каманда.

Аўтар ідэі і арт-дырэктар праекта – Алег Хрысталюбскі.

“Гульня, як і сам раман – пранізлівы, светлы, дасціпны, паэтычны – дапаможа падабраць ключы да рашэння праблемы, дапаможа зразумець, як дзейнічаць, як ставіцца да сябе ці як камунікаваць з дзіцем (калі вы з боку бацькоў), як не вінаваціць сябе ці ахвяру, калі вы аказаліся ў такой страшнай сітуацыі, як гвалт у сям’і”, – крыху раскрываюць карты нашыя візаві.

Незалежны беларускі тэатр HomoCosmos анансаваў выхад сацыяльнага лічбавага праекта Red Cap Must Cry
Аўтарка ілюстрацый – Саша Канакова. Выява прадастаўлена аўтарамі.

Red Cap Must Cry мусіць з’явіцца ў крамах Google Play і App Store напрыканцы траўня.

Беларуская тэатральная кампанія HomoCosmos вядомая ў Беларусі пастаноўкамі “Камера, якую дала мне маці”, “Раскрыццё”, “Дора”, “Убачыць ружовага слана”, іншымі спектаклямі, якія спрабуюць новыя формы ўзаемадзеяння з гледачом. З 2021 года тэатр працаваў у анлайн-фармаце, потым спыніў сваю дзейнасць. Новым праектам HomoCosmos пазначае сваё вяртанне ў публічнае поле.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: