У Беларусі набліжаецца Ноч музеяў – традыцыйная міжнародная акцыя, у час якой музеі адкрываюць свае дзверы ў пазаўрочны час і прапануюць наведвальнікам самыя розныя праграмы. У сёлетняй падборцы Reform.by вырашыў выйсці за межы сталіцы і паглядзець на тыя цікавосткі, якія падрыхтавалі беларусам музеі ў замкавых і палацавых комплексах. Як кажуць культурныя заўсёднікі, вось дзе сапраўды можна казаць пра адметную атмасферу. Нагадаем, што сёлета Ноч музеяў ладзіцца пераважна з 20 на 21 траўня.
Музей-заказнік “Нясвіж”

Так, вядомы Нацыянальны гісторыка-культурны музей-заказнік у Нясвіжы запрашае гасцей на таямнічае пагружэнне ў “Містэрыю Нясвіжскага палаца”.
У праграме “начнога” мерапрыемства – эксклюзіўная містычная экскурсія з нечаканым з’яўленнем гістарычных персанажаў і музычная частка.
“На сваім шляху вы сустрэнеце цікавых асоб, сярод якіх і гаспадары палаца. Будзьце гатовыя да таго, што ім спатрэбіцца ваша дапамога…”, – інтрыгуюць будучых наведвальнікаў дзеі арганізатары.
Акрамя экскурсіі, абяцаецца таксама і канцэрт творчых калектываў з жывым выкананнем музычных твораў. Так, музей анансуе выступленні ансамбля “Харошкі” і фартэпіяннага трыа “ТрыаТайм”.
Праграма распачнецца 20 траўня а 19.00. Кошт квіткоў – 24 рублі (дарослы).
Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей

Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей назваў сваю імпрэзу “Ноч у музеі. Меламанія”.
У Старым замку пачынаючы з 21.00 у адным з самых знаных помнікаў культуры і архітэктуры будзе ладзіцца квэст па экспазіцыі – “Таямніцы Старога замка”. А “пару” квэсту складзе квіз-гульня з цікавай назвай “Пачынаем з антычнасці, а далей – як пойдзе…”.
Што да Новага замку, які, нагадаем, знаходзіцца насупраць Старога, то тут стаўку зрабілі не толькі на квэст па экспазіцыі, але і на майстар-класы. Яны будуць даволі разнастайнымі: па вырабе ўпрыгажэнняў з бісеру, скуры, лялек ручной работы, кіраванні лялькамі; анансуюцца таксама настольныя гульні, а таксама канцэрты. У прыватнасці, а 23.00 у Новым замку чакаецца выступ кавер-бэнда “Hit Hunter”.
Увесь час праграмы будзе працаваць выстава “Гродна тэатральны”.
Экспазіцыі Новага і Старога замкаў у час правядзення мерапрыемства будуць адчынены для наведвання, нагадвае каманда музея.
Пачатак “Ночы музеяў” у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі: 20 траўня, 20.00. Кошт квітка – 15 рублёў (дарослы).
Гальшанскі замак

Гальшанскі замак заўжды славіўся крэатыўным падыходам да стварэння культурных імпрэзаў. І гэтым разам каманда філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча, што называецца, “не падвяла” – “На тэрыторыі прывідаў” – так назвала яна “начны” музейны праект.
Гасцей замка ўвечары 20 траўня чакае канцэрт класічнай музыкі ў выкананні выкладчыкаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ці з’яўляецца сёння ў мурах Гальшанаў Белая Панна, супрацоўнікі музея распавядуць ужо падчас інтэрактыўнай экскурсіі “з элементамі містыкі” “Тэрыторыя прывідаў”.
А завяршыць атмасферны вечар прапануецца кінапраглядам “Чорнага замка Гальшанскага” – слыннай карціны Міхаіла Пташука па рамане Уладзіміра Караткевіча.
Праграма зроблена проста, але з густам.
Пачатак дзеі, нагадаем, 20 траўня, 19.00. Кошт квіткоў – усяго 6 рублёў (дарослы).
Крэўскі замак

Сектар гісторыі Крэўскага замка УК “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей” выбудаваў праграму акцыі на тэрыторыі Крэўскага замка, што называецца, на трох кітах: экскурсія, квэст-гульня, фотазона. “Паравозікам” да гэтых актыўнасцей далучаецца яшчэ выстава. На жаль, арганізатары аказаліся зусім сквапнымі на дадатковую інфармацыю.
Пры гэтым з’ездзіць у Крэва, на нашу думку, усё ж варта. Акурат цяпер замак знаходзіцца ў працэсе аднаўлення, і можна на ўласныя вочы пабачыць апошнія працы па яго рэстаўрацыі.
Дадамо яшчэ тое, што на пачатку траўня ва ўстанове культуры “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей” адкрылася выстава “Крэўскія артэфакты”, на якой дэманструюцца ўнікальныя знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных даследаванняў старажытнага Крэва. Калі падсумаваць гэтыя дзве актыўнасці, то падарожжа дакладна не варта спісваць з рахунку.
Урэшце, інтэрактыўная праграма “Вялікае Княства Крэўскае” распачнецца 20 траўня а 17 гадзіне. Уваход на падзею – вольны.
Лідскі замак

І, бадай, адну з самых відовішчных праграм, нават шоу, падрыхтаваў на Ноч музеяў Лідскі гісторыка-мастацкі музей.
Падзея “Магія агню і святла” адбудзецца не 20 траўня, як большасць культурніцкіх мерапрыемстваў у Беларусі, а 27 траўня.
Гасцям Лідскага замка анансуюць наступныя цікавосткі:
- Па-першае, выставу-ралі экзатычных і рэдкіх аўтамабіляў “Экзоцік “Нясвіж-Ліда”.
- Па-другое, выступленні тэатраў агню. “Разнастайны агністы рэквізіт – агністыя шары, тычкі, вяроўкі, вееры і мноства самых неймаверных сродкаў утаймавання агню – будуць задзейнічаны ў агністых пастаноўках і неверагодных перформансах”, – апісваюць будучае прадстаўленне арганізатары.
У фаершчыкаў, што прыедуць на шоу, можна будзе ўзяць майстар-клас.
“Гарачае і відовішчнае шоу, напоўненае святлом, мільёнамі іскраў і апантанай энергіяй!” – Лідскі замак у сваёй “начы” зрабіў стаўку на агонь.
“На працягу вечара будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі ў вежах Лідскага замка, якія дапамогуць акунуцца ў атмасферу сярэднявечча”, – дадаецца інфармацыя і пра дадатковыя актыўнасці ў час мерапрыемства.
Музейны трыпціх “Магія агню і святла” адбудзецца ў трох лакацыях: 26 траўня – у Лідскім музеі, 27 траўня – у Лідскім замку і 20 траўня – у Доме Валянціна Таўлая.
Час дзеі ў Лідскім замку: 27 траўня.
Кошт квіткоў – 20 рублёў (дарослы).
Падабраць праграму па сваіх цікаўнасцях на Ноч музея ў Беларусі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: