З 21 па 23 красавіка ў Беластоку на вялікай кніжнай выставе-кірмашы працуе стэнд незалежных беларускіх выдавецтваў. Беларускім і польскім чытачам свае навінкі і вядомыя выданні прапаноўваюць выдавецтва “Янушкевіч”, “Гутэнберг”, ARCHE, “Кнігаўка”, Skarynyčy ды іншыя.
Reform.by спытаў у беларускіх удзельнікаў выставы ў Беластоку, якія выданні карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў публікі.
– Попытам асабліва карыстаюцца навінкі, – адказаў на пытанне адзін з выдаўцоў беларускага стэнда. (Візаві пажадаў застацца ананімным). – Гэта “Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада” Алеся Кудрыцкага, “Вольнеры. Прадвесце” Валерыя Гапеева, “Ніколі болей. Успаміны рэпрэсаваных гарадзенцаў” – усе тры кнігі выдавецтва “Янушкевіч”. Ды гэтаксама беларусы пытаюцца пра навінку імпрынта Skarynyčy – кніга «Побач» з вершамі Насты Кудасавай і малюнкамі Святланы Дземідовіч. Яна толькі выйшла з друку.
– У цэлым людзі цікавяцца рознымі выданнямі, – працягвае распавядаць выдавец. – На стэндзе прадстаўлены: мастацкага літаратура – проза, паэзія, кнігі для дзяцей, выданні па гісторыі, немастацкая літаратура… У прыватнасці, еўрапейскае беларускае выдавецтва “Гутэрберг” прывезла ў Беласток дзве навінкі – “Беларускі соннік” і пазл “Бітва пад Воршай”.
Наш візаві кажа, што пакуль складана вызначыць колькасць прададзеных кніг, але ў цэлым можна казаць пра некалькі соцень выданняў, якія разышліся за першыя два дні працы стэнда.
– Я бы сказаў, што ў людзей настрой такі настальгічна-аптымістычны, – характаразуе агульную атмасферу на беларускім стэндзе выдавец. – Хтосьці набывае кнігі сабе і дзецям, хтосьці купляе, што называецца, “з запасам”. У цэлым адчуваецца, што кніга – гэта частка жыцця беларусаў.

Кніжная выстава-кірмаш у Беластоку – вялікае мерапрыемства, на якое з’язджаюцца выдаўцы з усёй Польшчы. Тут можна набыць кнігі са зніжкай у 40% адносна коштаў у кніжных крамах. Беларускія выдаўцы ўдзельнічаюць у беластоцкай культурніцкай падзеі з “розным складам” ужо ў сёмы раз.
– Сёння на стэндзе адбылася сустрэча з Алесем Кудрыцкім, аўтарам кнігі “Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада”. Заўтра будзе мерапрыемства з Уладзімірам Арловым з нагоды выхаду яго другога тома “Айчыны”. Да нас завіталі ўжо такія V.I.Pы як пісьменнік Алесь Аркуш, вядучая і музыка Кацярына Ваданосава… Спадзяюся, што і заўтра плынь наведвальнікаў не спыніцца, – кажа выдавец.
Працягнецца праца Кніжнага кірмашу і літаратурнага фестывалю “На мяжы культур” у Беластоку да 23 красавіка. Стэнд “Беларускія незалежныя выдавецтвы” працуе пад нумарам 24.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.
🔥 Мы будем благодарны за поддержку нашей работы донатом.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: